Віктар Сямёнавіч Буракоў | |
---|---|
Дата нараджэння | 25 сакавіка 1931[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1 сакавіка 2020[1] (88 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | фізік, прафесар |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар фізіка-матэматычных навук |
Навуковае званне | акадэмік АН БССР, прафесар |
Альма-матар | |
Прэміі |
|
Узнагароды |
|
Віктар Сямёнавіч Буракоў (25 сакавіка 1931, Забалоцце, Ушацкі раён, Віцебская вобласць — 1 сакавіка 2020) — беларускі фізік. Акадэмік АН Беларускай ССР (1986; член-карэспандэнт з 1980), доктар фізіка-матэматычных навук (1977), прафесар (1978). Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР (1980)[2].
Біяграфія
Нарадзіўся ў вёсцы Забалоцце (Ушацкі раён, Віцебская вобласць). У 1950 годзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт БДУ, пасля заканчэння якога працаваў у Інстытуце фізікі АН БССР. У 1969 годзе быў прызначаны намеснікам дырэктара па навуковай рабоце, у 1977 годзе ўзначаліў лабараторыю. У 1983 годзе перайшоў на працу ў Доследна-вытворчае прадпрыемства па вырабе унікальных фізічных прыбораў і абсталявання АН СССР, стаўшы яго дырэктарам (да 1987). З 1987 года — зноў у Інстытуце фізікі, загадвае лабараторыяй. У 1989—1992 з’яўляўся членам Прэзідыума АН Беларусі, у 1992—1997 займаў пасаду акадэміка-сакратара Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі, у 1997—2002 быў дарадцам Прэзідыума Нацыянальнай АН Беларусі. Прыняў актыўны ўдзел у арганізацыі Інстытута малекулярнай і атамнай фізікі: у 1992—1993 быў яго дырэктарам-арганізатарам, з 1992 года з’яўляўся загадчыкам Лабараторыяй лазернай дыягностыкі плазмы. У 1990—1992 працаваў галоўным рэдактарам «Часопіса прыкладной спектраскапіі», у 1992—1997 займаў аналагічную пасаду ў часопісе «Весці АН Беларусі. Серыя фізіка-матэматычных наук»[2]. Сярод вучняў Буракова — 16 кандыдатаў навук і 3 доктара.
Памёр 1 сакавіка 2020 года. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках[3].
Навуковая дзейнасць
Асноўныя працы Буракова ставяцца да вобласці спектраскапіі, квантавай электронікі, фізікі плазмы. Ён унёс уклад у распрацоўку і ўкараненне на прадпрыемствах метаду эмісійнага спектральнага аналізу. Распрацаваў метады лазернай дыягностыкі плазмы, вывучыў заканамернасці ўзаемадзеяння выпраменьвання з плазмай і нелінейна-аптычныя з’явы ў ёй, развіў спосабы кіравання характарыстыкамі лазернага выпраменьвання (у прыватнасці, частаты) з дапамогай плазмы[2].
Буракоў кіраваў стварэннем першага ў Беларусі эксімернага лазера, даследаваў яго параметры і спосабы іх кантролю, стварыў на яго аснове лідарных сістэм для маніторынгу стану атмасферы. Пад яго кіраўніцтвам былі разгледжаны аналітычныя магчымасці селектыўнай лазернай спектраскапіі, створаны высокаадчувальны аўтаматызаваны ўнутры рэзанатарны спектрометр.
Сумесна з расійскімі навукоўцамі Буракоў удзельнічаў у стварэнні спецыялізаваных дыягнастычных комплексаў для лазерна-флуарэсццэнтнага назірання за станам плазмы ва ўстаноўках Такамак. Шэраг прац прысвечаны вывучэнню фізіка-хімічных працэсаў у плазме (у тым ліку апраменьванай лазерным святлом), што адкрывае перспектывы для стварэння новых матэрыялаў на аснове сінтэзу кластараў і нанаразмерных часціц. Важнае практычнае значэнне мае распрацоўка экспрэс-метаду лазернага аналізу складу вырабаў з металу, археалагічных знаходак, твораў мастацтва, не патрабуе эталоннага ўзору.
Асноўныя публікацыі
- В. С. Бураков, А. А. Янковский. Практическое руководство по спектральному анализу. — Минск: Издательство АН БССР, 1960. //
V.S. Burakov, A.A. Yankovskii. Practical Handbook on Spectral Analysis. — Elsevier, 1963; MacMillan Co, 1964.
- В. С. Бураков. Лазерная спектроскопия плазменных образований. // Проблемы современной оптики и спектроскопии. — Минск, 1980.
- В. С. Бураков, С. Н. Райков, В. Д. Шиманович. Физика плазмы и плазменные технологии в Беларуси. — Минск, 2001.
Узнагароды
- Дзяржаўная прэмія БССР (1974)[2]
- Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1976)
- Ордэн Айчыны 3 ступені (1999)
Зноскі
- 1 2 3 https://ritual.by/about/news/farewell-to-academician-v-s-by-burakova-will-be-held-in-the-main-building-of-the-nas-of-belarus/ Праверана 15 лістапада 2023.
- 1 2 3 4 Бураков Виктор Семёнович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 91. — 737 с.
- ↑ Развітанне з акадэмікам В. С. Бураковым адбудзецца ў будынку Прэзідыўма НАН Беларусі
Літаратура
- Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 136. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
- Віктар Сямёнавіч Буракоў (Да 70-годдзя з дня нараджэння) // Изв. НАН Беларуси: Сер. физ.-матем. наук, № 1 (2001).
- Віктар Сямёнавіч Буракоў (Да 75-годдзя з дня нараджэння) // Изв. НАН Беларуси: Сер. физ.-матем. наук, № 1 (2006).
- Буракоў Віктар Сямёнавіч
- Віктар Сямёнавіч Буракоў у базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)
- Буракоў Віктар Сямёнавіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»