Гарадскі пасёлак
Відзы
Троіцкі касцёл
Троіцкі касцёл
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
55°23′37″ пн. ш. 26°38′13″ у. д.
Гарадскі пасёлак з
Плошча
  • 2,25 км²[1]
Вышыня цэнтра
140 м[2]
Насельніцтва
  • 1 563 чал. (1 студзеня 2024)[3]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2153
Паштовы індэкс
211990
Аўтамабільны код
2
СААТА
2208812906
Відзы на карце Беларусі ±
Відзы (Беларусь)
Відзы
Відзы (Віцебская вобласць)
Відзы

Відзы[4] — гарадскі пасёлак у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, на раўніннай тэрыторыі Дзісенскай нізіны паміж азёрамі Відзаўскае, Маруга, Ніпалаты. За 41 км на поўдзень ад Браслава, 260 км ад Віцебска, 30 км ад чыгуначнай станцыі Гадуцішкі на лініі ЛынтупыВарапаева, на аўтамабільнай дарозе ПаставыДаўгаўпілс (Латвія). Насельніцтва 1 697 чал. (2017)[5].

Этымалогія назвы

Назва паходзіць, паводле аднаго з меркаванняў, ад балцкага этноніма відзы — жыхары гістарычнай вобласці Латвіі Відземе, якія маглі перасяліцца ў гэтыя мясціны. Не выключна, што назва паходзіць ад балцкай асновы vidinis — сярэдзіна. Паданне тлумачыць паходжанне назвы ад слова «відзець». Падобныя назвы даволі распаўсюджаны на Беларусі і ў Літве: Відзеўшчына (Маладзечанскі раён), Відзейкі (Свіслацкі раён), Відзенічы (Талачынскі раён), Відзюны (Астравецкі раён), Відзяны (Браслаўскі раён), Відзёны, Буйвідзы, Відзінішкі, Відзішкі (Літва).

Гісторыя

Вядомыя з сярэдзіны XV ст., калі вялікі князь (1432—1440) Жыгімонт Кейстутавіч аддаў землі паміж рэкамі Дзісна і Дрысвята, якія зваліся Ловішчам, братам Доўгірду, Даўкшу і Нарушу. Нашчадкі Наруша — Нарушэвічы заснавалі мястэчка Відзы. У гістарычных крыніцах сустракаюцца варыянты назваў — Віды, Відзе. Пад 1481 г. згадваецца Відзскі фальварак — адна з першых на Беларусі панскіх гаспадарак[6]. Пад 1507 г. згадваецца «волость Виды» ў складзе Браслаўскага павета. У 1492 г. тагачасны ўладальнік Відзаў Ян Ганусовіч, маршалак земскі літоўскі перадаў «двор Відзы» віленскаму біскупу (1491—1507) В. Табару, гэта наданне пацвердзіў у 1494 г. Аляксандр Ягелончык. У 1481 быў пабудаваны першы касцёл, пры ім існаваў шпіталь. У наваколлі Відзаў стала фарміравацца латыфундыя — буйная зямельная гаспадарка Віленскага біскупства. У 1731 г. латыфундыя займала плошчу каля 120 км², налічвала 140 сялянскіх, 28 шляхецкіх, 54 мяшчанскіх дымоў. Да латыфундыі адносілася 21 вёска: Балікі, Біцюны, Бубі, Бучаны, Пакульня, Пушкі, Эйцмяны, Мешкелі і інш. Самім мястэчкам валодала некалькі гаспадароў, якія неаднойчы мяняліся.

У 1524 г. частку Відзаў за 400 коп літоўскіх грошаў набыў віленскі ваявода А. Гаштольд. У XVI ст. Відзы лічыліся мястэчкам. У 1539 г. тут было 15 корчмаў. У канцы XVI ст. у біскупскай частцы налічвалася 5 дамоў рынкавых і 20 дамоў вулічных. У розныя часы ў Відзах мелі ўладанні і пабудовы бернардзінцы, канонікі-рэгулярныя, канонікі-латэранскія, дамініканцы, езуіты. Дзейнічалі таксама праваслаўная, стараверская, іудзейская, магаметанская, пратэстанцкая суполкі.

У 1629 г. частка Відзаў стала ўладаннем роду Пацаў. Польны гетман літоўскі, ваявода віленскі М. К. Пац адпісаў свае відзскія ўладанні канонікам-рэгулярным з мэтай завяршэння будаўніцтва касцёла св. Пятра і Паўла ў Вільні, вядомага багатым скульптурным аздабленнем інтэр’ера. Паводле рэестра падымнага падатку 1690 біскупскія ўладанні ў Відзах налічвалі 129 дымоў, уладанні канонікаў-рэгулярных — 53 дымы, плябаніі — 8 дымаў, Ваўжэцкіх (разам з некалькімі вёскамі) — 15 дымаў. У пачатку XVIII ст. езуіты адкрылі ў Відзах рэзідэнцыю, мелі тут невялікі касцёл, школу. У інвентары 1731 апісана частка Відзаў, якая належала біскупу Я. Зяновічу, названы вуліцы Рыначная, Дворная, Казіная, Віленская, адзначаны рамеснікі краўцы, цесляры, шаўцы, каваль, кушнер, шынкары.

Паводле люстрацыі 1794 у Відзах 182 дамы, 1270 жыхароў. 50 дамоў у мястэчку належала Ваўжэцкім, якія таксама мелі значныя ўладанні ў наваколлі. У 1793 сойм ухваліў перанос з Браслава ў Відзы месца правядзення павятовых сеймікаў, судовых устаноў, архіва. Пасля пажару 1794 у Браславе Відзы сталі цэнтрам Браслаўскага павета. 3 1795 у складзе Расійскай імперыі.

Напярэдадні вайны 1812 тут размяшчаліся часці 30-тысячнага гвардзейскага корпуса пад камандаваннем вялікага князя Канстанціна Паўлавіча. 4—5 ліпеня ў Відзах месцілася галоўная кватэра Аляксандра I і стаўка камандуючага 1-й арміі Барклая дэ Толі. 7—11 ліпеня была галоўная кватэра I. Мюрата. Пры адступленні французаў 28 лістапада ў Відзах адбыўся бой паміж французамі і атрадам рускай кавалерыі. Мястэчка значна пацярпела. У 1825 у Відзах 822 жыхары, 498 дамоў, павятовая школа, 2 шынкі, лазня. Будучы студэнтам Віленскага універсітэта, у Відзы да свайго дзядзькі Маеўскага прыязджаў А. Міцкевіч. У пачатку 1820 тут жыў нейкі час дзекабрыст А. Поджыа. Пасля пажару 24.8.1835 цэнтр павета з Відзаў пераносіцца ў мястэчка Езяросы (пазней Новааляксандраўск).

3 1843 Відзы — заштатны горад Ковенскай губ., цэнтр воласці. Размяшчэнне на паштовым тракце Дзвінск — Вільня спрыяла хуткай адбудове паселішча. У 1860 у Відзах 3498 жыхароў, 248 двароў, касцёл, капліца, сінагога, 5 яўрэйскіх малітоўных дамоў, мячэць, гарадская дума, мужчынскае і жаночае народныя вучылішчы, паштовая станцыя, аптэка. Тры разы на год праводзіліся кірмашы, найбольш вядомыя продажам коней і гусей (у год прадавалася да 100 тыс. гусей). У горадзе меліся Рынкавая вуліца, плошчы, Салявы і Конскі рынкі. У 1892 — 5,6 тыс. жыхароў, з іх іудзеяў 4,263, католікаў 678, старавераў 394, магаметан 148, праваслаўных 59, пратэстантаў 11. У 1908 — 5,9 тыс. жыхароў.

У 1-ю сусветную вайну з восені 1915 акупіраваны нямецкімі войскамі. У час баявых дзеянняў горад амаль поўнасцю быў разбураны. Савецкая ўлада ўстаноўлена ў снежні 1918. Дзейнічаў валасны Савет рабочых і сялянскіх дэпутатаў. У жніўні 1919 акупіраваны польскімі войскамі, у ліпені 1920 заняты часцямі Чырвонай Арміі. З 1921 у Польшчы, Відзы — мястэчка, цэнтр гміны Браслаўскага павета, 431 дом, 2326 жыхароў (1931). Дзейнічала найбольш актыўная ў павеце арганізацыя КПЗБ. 3 1939 у складзе БССР, з 15.1.1940 гарадскі пасёлак, цэнтр раёна Вілейскай вобласці.

У чэрвені 1941 акупіраваны немцамі. У Відзах і раёне акупантамі было знішчана 4154 чалавекі. Утворана гета, насельніцтва якога было адпраўлена ў канцлагеры Заходняй Еўропы і ў большасці загінула. 2.7.1944 партызаны брыгады «Спартак» разам з літоўскімі партызанамі атрада «Жальгірыс» з боем занялі Відзы і 2 дні іх утрымлівалі. Вызвалены 8.7.1944 часцямі 6-й гвардзейскай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту.

3 1944 раённы цэнтр Полацкай, з 1954 Маладзечанскай абласцей. 3 1960 гарадскі пасёлак Браслаўскага раёна Віцебскай вобл. У 1969 — 2,6 тыс. жыхароў. Побач з Відзамі існавала некалькі прадмесцяў, гісторыя якіх цесна звязана з гісторыяй мястэчка: Відзы-Лоўчынскія, Відзы-Альбрэхтоўскія (пазней в. Рэгуляры, зараз не існуе) — дзяржаўны двор, пазней уладанне канонікаў-рэгулярных. Відзскі двор (сучасная в. Падварынка) — уладанне біскупаў, пазней належалі выхадцам з Грэцыі Пізані.

У 1995 у Відзах 840 двароў, 1949 жыхароў. Маюцца Дом культуры, 2 бібліятэкі, бальніца, мытны пераход на мяжы з Літвой.

У 2004 годзе прыняты герб Відзаў.

Насельніцтва

  • 1794 — 1 270 чал.
  • 1825 — 822 чал.
  • 1860 — 3 498 чал.
  • 1892 — 5,6 тыс. чал.
  • 1908 — 5,9 тыс. чал.
  • 1931 — 2 326 чал.
  • 1969 — 2,6 тыс. чал.
  • 1995 — 1 949 чал.
  • 2016 — 1 670 чал.[7]
  • 2017 — 1 697 чал.[5]

Эканоміка

Прадпрыемствы харчовай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасці (цагельны завод, лясніцтва).

Адукацыя

Вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, сярэдняя і музычная школы,

Памятныя мясціны

Вядомыя асобы

Страчаная спадчына

Гл. таксама

Зноскі

  1. http://analytics.nca.by/res/docs/Видзы_2012-2019.pdf
  2. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  3. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  4. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  5. 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  6. Лойка, П. А. Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі: Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове ХVІ—ХVIII ст. / П. А. Лойка; АН БССР, Інстытут гісторыі; Пад рэд. В. І. Мялешкі. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. — 111 с. — С. 24. — ISBN 5-343-00563-2. Са спасылкай на: ЦГДА БССР. — Ф. 1747. — Воп. 1. — Спр. 36. — Арк. 44—46.
  7. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  8. http://archive.perm.ru/projects/weeklyphoto/michael-s-alperovich-115-years-since-the-birth-of/

Літаратура

  • Видзы // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол. Г. П. Пашков и др. -Мн., 2006. — Т. 2. — С. 654—655.
  • Відзы // Гарады і гарадскія пасёлкі Беларусі / рэд. Л. К. Калошына. — Мн., 1981. — С. 47-48.
  • Відзы // Памяць : Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал. К. В. Велічковіч і інш. — Мн., 1998. — С. 671—672.
  • Татаринов Ю. А. Видзы / Ю. А. Татаринов // Города Беларуси. Витебщина. — Мн., 2006. — С. 155.
  • Відзы // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. Мн.: БелЭн, 1995. — С. 161. — 800 с. 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.