Вячаслаў Антонавіч Ракіцкі
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 13 кастрычніка 1953(1953-10-13) (70 гадоў)
Месца нараджэння
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці перакладчык, пісьменнік, журналіст
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі

Вячаслаў Антонавіч Ракіцкі (нар. 13 кастрычніка 1953, в. Празарокі, Глыбоцкі раён, БССР) — беларускі пісьменнік, мастацтвазнавец, тэатральны і кінакрытык, сцэнарыст і рэжысёр дакументальнага кіно, перакладчык, журналіст.

Біяграфія

Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «радыё і тэлебачанне» і аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук па спецыяльнасці «тэатральнае мастацтва».

Працаваў загадчыкам літаратурнай часткі і акцёрам у Беларускім тэатры юнага гледача, навуковым супрацоўнікам аддзелу тэатра Інстытута мастацтвазнаўства і фальклору НАН, рэдактарам па драматургіі Міністэрства культуры, загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага тэлебачання.

Як тэатразнаўца даследаваў гісторыю беларускага тэатра і нацыянальнай драматургіі, сцэнічныя жанры. Адзін з аўтараў трохтомнага акадэмічнага выдання «Гісторыя беларускага тэатра». Як крытык аналізаваў тэатральны і кінапрацэс, бягучы рэпэртуар тэатраў, творчасць акцёраў, рэжысёраў, драматургаў. Аўтар больш за 200 артыкулаў у перыядычных выданнях і альманахах. Друкаваўся і выступаў з навуковымі дакладамі і мастацтвазнаўчымі аглядамі ў Японіі, Германіі, Польшчы, Славакіі, Расіі, Украіне, Літве, Латвіі, Эстоніі, Кіпры, Узбекістане, Кыргызстане, іншых краінах. Быў сябрам прэзідыума Саюза тэатральных дзеячаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў, адзін са стваральнікаў Беларускага цэнтра Міжнароднага інстытута тэатра.

З 1988 да 1999 года працаваў у першым недзяржаўным «тоўстым» часопісе «Спадчына» — загадчыкам аддзела, а пасля і галоўным рэдактарам (1997—1999). Выданне вярнула новай Беларусі сотні рэпрэсаваных ці скрадзеных у нацыі тэкстаў і дакументаў. Гэтую ж справу працягвае на Радыё Свабода, сталым аўтарам якога з’яўляецца ад 1997 года. Разам з Вінцуком Вячоркам быў аўтарам перадачы «Неабжытая спадчына», а ў 2000 годзе распачаў праграму «Беларуская Атлантыда», якая выходзіла ў эфір болей за дзесяцігоддзе. Выбраныя тэксты яе склалі кнігу «Беларуская Атлянтыда: Рэаліі і міфы еўрапейскай нацыі», што выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды ХХІ стагоддзя» ў 2006 годзе. У 2010 годзе пабачыла свет «Беларуская Атлантыда. Кніга другая: Міфы і брэнды калянізаванай нацыі». У 2011 годзе выйшла кніга «„Сто адрасоў свабоды“. 1980—2010», якая з’яўляецца першай спробай сістэматызацыі беларускай гісторыі і геаграфіі, незалежнасці і дэмакратыі.

Ад 2009 году Вячаслаў Ракіцкі супрацоўнічае з першым беларускім незалежным тэлеканалам «Белсат». Быў вядучым цыклаў дакументальнага («Блізкая гісторыя: іншы погляд») і мастацкага («Кінаклуб») кіно. У 2010 годзе дэбютуе як рэжысёр дакументальнага кіно. У суаўтарстве з Андрэем Куцілам зняў для «Белсату» дакументальныя стужкі «Даволі! Да Волі…» (50 хвілін, галоўная ўзнагарода кінафестывалю ў Опузене, Харватыя), «Выбар Саннікава» (30 хвілін), «Дарога Статкевіча» (30 хвілін), «Каханне па-беларуску» (30 хвілін, галоўная ўзнагарода 2-га Фестывалю Мастацтва Факту ў Торуні, Польшча), шматсерыйныя дакументальныя цыклы «Сцяна» (12 сэрыяў), «Краты» (10 сэрый), «Пераемнікі» (12 сэрыяў). У 2015—2016 гадах Вячаслаў Ракіцкі для тэлеканалу Белсат зняў аўтарскі 40-сэрыйны дакументальны цыкл «Сведкі», які распавядае пра змаганне за незалежную і дэмакратычную Беларусь у 1980 — 2000-х гадах.

Ракіцкі перакладае на беларускую мову польскую драматургію. У 2008 годзе пабачыў свет зборнік п’ес Славаміра Мрожака «Дом на мяжы» з прадмовай і перакладамі Вячаслава Ракіцкага.

Займаўся педагагічнай дзейнасцю — выкладаў гісторыю тэатра і тэорыю драмы ў Беларускай акадэміі мастацтваў, Беларускім універсітэце культуры, Інстытуце сучасных ведаў. Быў адным з першых выкладчыкаў Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа.

Вячаслаў Ракіцкі — сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў  і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Шмат гадоў быў сябрам Саюзу тэатральных дзеячаў, уваходзіў у яго кіроўныя органы. Адзін з арганізатараў Беларускага цэнтра Міжнароднага Інстытута тэатра, ініцыятар і кіраўнік шэрагу міжнародных тэатральных ініцыятыў у Беларусі. Кандыдат мастацтвазнаўства.

Узнагароды

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.