Вёска
Вята
± | ||||||||||||||||||||||
Вята на Вікісховішчы |
Вя́та[1] (трансліт.: Viata, руск.: Вята) — вёска ў Мёрскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, пры сутоцы ракі Вяты з Дзвіною. Уваходзіць у склад Павяцкага сельсавета.
Знаходзіцца за 17 км на паўночны захад ад Мёраў, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Друя (лінія Крулеўшчына — Лынтупы), на мяжы з Латвіяй. Насельніцтва на 2013 год — 8 чалавек[2].
Гісторыя
Упершыню Вята згадваецца ў прывілеі Жыгімонта Старога ад 24 кастрычніка 1515 года ўладальніку гэтых мясцін Івана Сапегу на пабудову ў вусці Вяты на Дзвіне замка, заснаванне горада, рынку і шынкоў. У 1556 годзе Вята належала князям Пронскім, а ў 1566 годзе двор з мястэчкам перайшлі да гетмана вялікага кароннага Мікалая Сяняўскага.
Замак у Вяце пазначаўся на картах Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVII стагоддзяў, аднак пазнейшыя звесткі пра яго не захаваліся. Верагодна, ён быў зруйнаваны маскоўскім войскам падчас вайны 1654—1667 гадоў і больш не аднаўляўся[2].
Паміж першым і другім падзеламі Рэчы Паспалітай, калі па Дзвіне праходзіла мяжа, Вята заставалася ў Рэчы Паспалітай і тут пабудавалі «стрэліцу», магчыма, назіральную вежу.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе вёска апынулася ў Дзісенскім павеце Віленскай губерні Расійскай імперыі. Падчас вайны 1812 года ў Вяце стаяў французскі гарнізон.
Станам на канец XIX стагоддзя, паселішча адносілася да Лявонпальскай воласці, у вёсцы размяшчаўся маёнтак Мірскіх.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Вята абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП (б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР.
Па выніках Рыжскага мірнага дагавора Вята ўвайшла ў склад Лявонпальскай гміны Браслаўскага павета Віленскага ваяводства Польскай Рэспублікі. Паселішча было памежным — па Дзвіне праходзіла дзяржаўная мяжа з Латвійскай Рэспублікай.
У міжваенны перыяд дзейнічалі школа, карчма і кардонная фабрыка селяніна Казлоўскага, на якой працавалі каля 10 чалавек, прадукцыю вывозілі ў Вільню. Побач з вёскай знаходзіўся маёнтак пані Ядвігі Мірскай, якая валодала каля 150—200 га зямлі[2].
Насельніцтва Вяты жыло бедна, вяскоўцы займаліся плытагонствам — па Вяце і Дзвіне сплаўлялі лес да Рыгі. Самы багаты гаспадар меў 12 га зямлі, і тое няўдобіцы. Жыхары вызнавалі каталіцтва, большасць лічыла сябе палякамі, і ў 1934 годзе ў вёсцы пабудавалі касцёл, які дзейнічае і цяпер.
У выніку пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь 17 верасня 1939 года паселішча зноў апынулася ў складзе БССР, дзе ў 1940 годзе ўвайшло ў склад Павяцкага сельсавета. Падчас Другой сусветнай вайны ў 1944 годзе вёска пацярпела ад абстрэлу.
Да 16 верасня 1960 года вёска ўваходзіла ў склад Аляксандраўскага сельсавета[3], да 4 сакавіка 1987 года — у склад Даўгінаўскага сельсавета (у 1960—1965 гадах — Лявонпальскі сельсавет)[4].
Пасля вайны Вята ўваходзіла ў калгас «Светлы шлях», цяпер — у складзе ААТ «Мерыца». На цяперашні момант ад вёскі засталося 5—6 хутароў уздоўж берага Дзвіны, адлегласць паміж крайнімі хатамі 2,5 км, агулам пражывае 8 чалавек[2].
Насельніцтва
Славутасці
- Касцёл Святога Яна Хрысціцеля (1934) — помнік беларускага народнага дойлідства.
- Могілкавая капліца (1990-я).
Вядомыя ўраджэнцы
- Франц Іванавіч Сіўко (нар. 1953) — беларускі пісьменнік і публіцыст.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- 1 2 3 4 5 Сяргей Васільеў.. Вята: Мекка для археолагаў . Мёры: «Міёрскія навіны» (18 верасня 2013). Праверана 21.02.2019.
- ↑ Рашэнне выканкома Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 16 верасня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 26.
- ↑ Рашэнне выканкома Віцебскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 4 сакавіка 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).
- ↑ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo (польск.). — Warszawa, 1893. С. 270
- ↑ Насельніцтва населеных пунктаў Беларусі па выніках перапісу 2009 года Архівавана 2 кастрычніка 2019.
Літаратура
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo (польск.). — Warszawa, 1893.
- J. Tryjankowski. Poswięcenie dzwonu im. Marszałka Piłsudskiego ufundowanego przez podoficerów. — Wiarus. — Nr 5 i Nr 30. — 1937.
- Wiata, wieś, powiat dzisieński, gmina Leonpol // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo (польск.). — Warszawa, 1893. — S. 270.
Спасылкі
- Вята (вёска) на сайце Radzima.org
- Вята (вёска) на сайце Глобус Беларусі (руск.)