Сага пра ведзьмара | |
---|---|
Saga o wiedźminie | |
Аўтар | Анджэй Сапкоўскі |
Жанр | Цёмнае фэнтэзі |
Краіна | Польшча |
Мова арыгінала | Польская |
Выдавецтва | SuperNowa[d] |
Даты публікацыі | 1986 - 2013 |
«Сага пра ведзьмара» (польск.: Saga o wiedźminie) — цыкл кніг польскага пісьменніка Анджэя Сапкоўскага ў жанры цёмнае фэнтэзі. Першае апавяданне цыкла выйшла ў 1986 годзе, а апошняя кніга — у 2013. На аснове твораў цыкла былі зняты два тэлесерыялы (польскі (2001) і амерыканскі ад Netflix (з 2019)), выпушчаны тры гульні для розных гульнявых платформ («Вядзьмар», «Вядзьмар 2: Забойцы каралёў» і «Вядзьмар 3: Дзікае Паляванне»), напісана і пастаўлена рок-опера, выдаваліся коміксы.
Сюжэт
Галоўным героем серыі з’яўляецца вядзьмар Геральт з Рывіі — паляўнічы на монстраў, якія прадстаўляюць пагрозу для жыцця людзей. У дзяцінстве ён, як і іншыя ведзьмары, быў падвергнуты мутацыям, праз якія атрымаў высокія баявыя здатнасці: павышаная сіла, хуткасць рэакцыі, паскораны метабалізм. Асноўная праца Геральта — за грошы знішчаць небяспечных пачвар.
У адпаведнасці з уласным кодэксам паводзін, ён імкнецца не ўдзельнічаць у палітычных інтрыгах каралёў і чарадзеяў, аднак у выніку аказваецца ўцягнуты ў складаны вузел супрацьстаяння паўночных каралеўстваў і магутнай паўднёвай імперыі Нільфгаард. Геральт спрабуе абараніць Цыры (Дзіця-Нечаканасць), юную прынцэсу зруйнаванага каралеўства Цынтра, прызначаную яму яшчэ да яе нараджэння. Цыры становіцца цэнтрам інтарэсаў уплывовых сіл (імператар Нільфгаарда, чарадзей Вільгефорц, Ложа чарадзеек), бо яе нашчадку прадказана вырашыць лёс свету. Атрымаўшы ад сваіх прыёмных бацькоў (Геральта і яго каханкі, чарадзейкі Енэфэр) сімвалічныя дары-ўменні: вядзьмарнае — валодаць мячом і чарадзейскае — магіяй, зведаўшая ў далейшым цяжкія выпрабаванні, Цыры становіцца нароўні з Геральтом галоўным героем сагі.
Творы цыкла
- «Апошняе жаданне» (польск.: Ostatnie życzenie), зборнік апавяданняў (1993)
- «Меч наканавання» (польск.: Miecz przeznaczenia), зборнік апавяданняў (1992)
- Мяжа магчымага (Granica możliwości)
- Асколак лёду (Okruch lodu)
- Вечнае полымя (Wieczny ogień)
- Крыху ахвярнасці (Trochę poświęcenia)
- Меч наканавання (Miecz przeznaczenia)
- Штосьці большае (Coś więcej)
- «Кроў эльфаў» (польск.: Krew elfów) (1994)
- «Час Пагарды» (польск.: Czas pogardy) (1995)
- «Хрышчэнне агнём» (польск.: Chrzest ognia) (1996)
- «Вежа Ластаўкі» (польск.: Wieża Jaskółki) (1997)
- «Уладарка Возера» (польск.: Pani Jeziora) (1998)
- «Сезон навальніц» (польск.: Sezon burz) (2013)
Асобна стаяць апавяданні «Дарога, з якой не вяртаюцца» (польск.: Droga, z ktorej sie nie wraca) (1988) і «Штосьці скончыцца, штосьці пачнецца» (польск.: Coś się kończy, coś się zaczyna) (1992), якія не маюць прамога дачынення да цыкла пра ведзьмака (у апавяданні «Дарога, з якой не вяртаюцца» апісваюцца меркаваныя бацькі ведзьмара — друідка Вісэна і наёмнік Корын), дзеянне якіх адбываецца ў тым самым сусвеце.
Беларускія пераклады
- Сапкоўскі, А. Зерне праўды; пер. з пол. Аляксандр Сакалоў // Далягляды, 1992: замежная літаратура. / [рэдкалегія: А. Гардзіцкі (укладальнік), А. Вярцінскі (галоўны рэдактар) і інш.] — Мінск: Мастацкая літаратура, 1992. — 278 с.
- Сапкоўскі, А. Вядзьмар. Апошняе жаданне / Анджэй Сапкоўскі; пер. з пол. К. С. Маціеўскай. — Мінск : А. М. Янушкевіч, 2019. — 344 с. : іл. ISBN 978-985-7210-26-8.
- Сапкоўскі, А. Вядзьмар. Меч наканавання / Анджэй Сапкоўскі; пер. з пол. К. С. Маціеўскай. — Мінск : А. М. Янушкевіч, 2020. — 416 с. : іл. ISBN 978-985-7210-62-6.
- Сапкоўскі, А. Вядзьмар. Кроў эльфаў / Анджэй Сапкоўскі; пер. з пол. Кацярыны Маціеўскай. — Мінск : А. М. Янушкевіч, 2021. — 368 с. : іл. ISBN 978-985-7210-97-8.
Зноскі
- ↑ Вядзьмар. Апошняе жаданне / Анджэй Сапкоўскі; пер. з пол. К. С. Маціеўскай. — Мінск: А. М. Янушкевіч, 2019. — 344 с.: іл. ISBN 978-985-7210-26-8
- ↑ Зерне праўды; пер. з пол. Аляксандр Сакалоў (Далягляды, 1992: замежная літаратура. / [рэдкалегія: А. Гардзіцкі (укладальнік), А. Вярцінскі (галоўны рэдактар) і інш.] — Мінск : Мастацкая літаратура, 1992. — 278 с.)
Спасылкі
- «Светы Анджэя Сапкоўскага» — афіцыйны рускі сайт
- Вікі-сайт пра свет Вядзьмара