< 2014  Беларусь  2024 >
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь XXVIII склікання
18 лютага 2018 года
Яўка: 77,23 %[1]

Вынікі выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў:
Запрашэнне на выбары

Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі 28-га склікання прайшлі 18 лютага 2018 года.

На выбарах утворана 18 111 выбарчых акруг, у тым ліку 13 224 сельскіх і 3 768 раённых выбарчых акруг[2].

Агульная інфармацыя

14 лістапада 2017 года Прэзідэнт А. Лукашэнка падпісаў Загад № 410 пра правядзенне выбараў[3].

Дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп неабходна было падаць па 14 снежня 2017 года ўключна. Тэрміны вылучэння кандыдатаў — з 10 снежня 2017 года па 8 студзеня 2018 года ўключна.

Да 3 студзеня 2018 года рашэннямі раённых выканкамаў і раённых адміністрацый былі сфарміраваныя участковыя выбарчыя камісіі.

Выбарчая сістэма

Дэпутатам мясцовага Савета можа быць абраны грамадзянін Беларусі, які дасягнуў 18 гадоў, калі ён не мае судзімасці і пражывае на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйнай адзінкі або звязаны з ёй у сілу прафесійнай дзейнасці. Таксама маюць права вылучацца грамадзяне Расіі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі.

Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў належыць:

  • палітычным партыям (вылучаюць кандыдата з ліку сваіх членаў),
  • працоўным калектывам арганізацый (асоба, якая вылучаецца, не абавязкова павінна быць членам працоўнага калектыву),
  • выбаршчыкам акругі (вылучаюць кандыдата шляхам збору подпісаў, які ажыццяўляе ініцыятыўная група ад 3 да 10 чалавек).

Датэрміновае галасаванне

За 15 дзён да выбараў участковыя камісіі даюць грамадзянам для азнаямлення спісы выбаршчыкаў. Выбаршчыкі маюць права патрабаваць устаранення няправiльнасцей у спісах, у тым ліку ў судовым парадку.

За пяць дзён да выбараў арганізуецца датэрміновае галасаванне для выбаршчыкаў, якія не змогуць знаходзіцца па месцы свайго жыхарства ў дзень выбараў.

Выбаршчыкам, якія па стане здароўя або па іншых уважлівых прычынах не змогуць прыйсці ў дзень выбараў у памяшканне для галасавання, забяспечваецца галасаванне па месцы знаходжання.

Выбарчая кампанія

Усяго былі зарэгістраваны 17 542 ініцыятыўныя групы, што складае 99,9 % ад агульнай колькасці вылучаных. Толькі 16 ініцыятыўным групам было адмоўлена ў рэгістрацыі, 7 заяў былі адкліканыя і 1 заява не разглядалася. Варта адзначыць, усе ініцыятыўныя групы па вылучэнні сябраў палітычных партый былі зарэгістраваныя, адмовы ў рэгістрацыі выносіліся толькі ў адносінах да беспартыйных вылучэнцаў.

Пры зборы подпісаў былі зафіксаваны факты выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу. Подпісы за кандыдата па Заслонаўскай выбарчай акрузе № 24 г. Орша, дырэктара Аршанскага каледжа філіяла УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарта» А. М. Казлову збіралі яе падначаленыя ў працоўны час, а ў навучэнцаў каледжа подпісы збірала загадчыца інтэрната ў самім інтэрнаце. Студэнтаў эканамічнага факультэта БДУ праз сацыяльныя сеткі арганізоўвалі да ўдзелу ў перадвыбарчых пікетах у якасці членаў ініцыятыўных груп па вылучэнні асобных кандыдатаў у дэпутаты[4].

Усяго кандыдатамі ў дэпутаты былі вылучаны 22 713 кандыдаты. 15 172 кандыдатаў (66,8 % ад агульнай колькасці) вылучылі грамадзяне шляхам збору подпісаў, працоўнымі калектывамі — 5 356 (23,6 %), палітычнымі партыямі — 813 (3,6 %). Сваіх кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў вылучылі 11 палітычных партый з 15 зарэгістраваных.

З 9 да 18 снежня былі зарэгістраваны 22 278 кандыдатаў, што складае 98,09 % ад колькасці вылучаных.

Партыя Вылучана Зарэгістравана
Аб’яднаная грамадзянская партыя7971
Беларуская аграрная партыя22
Беларуская партыя «Зялёныя»22
Беларуская партыя левых «Справядлівы свет»7259
Беларуская патрыятычная партыя84
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)5554
Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя77
Камуністычная партыя Беларусі333409
Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі267228
Партыя БНФ1423
Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці154177
Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды315
Беларуская хрысціянская дэмакратыя4530
Партыя свабоды і прагрэсу (ПСП)1514
Беспартыйныя2171921407

Кансерватыўна-Хрысціянская партыя — БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада Шушкевіча, Рэспубліканская партыя Белазора, Беларуская партыя працы, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) Статкевіча ў выбарах 2018 года не ўдзельнічалі.

Вынікі

Яўка склала больш за 77 %, да таго ж 35 % выбаршчыкаў прагаласавалі датэрмінова. Усяго абралі 18 810 дэпутатаў. У адной раённай акрузе па выбарах у Ельскі раённы Савет дэпутатаў Гомельскай вобласці выбары не праводзіліся, таму што адзіны кандыдат выбыў да дня галасавання. Рэгіёнам з самым вялікім конкурсам на дэпутацкі мандат стаў Мінск. У складзе дэпутатаў 48 % — гэта жанчыны, 56 % абраных кандыдатаў ужо раней мелі дэпутацкія партфелі. Трэцяя частка мясцовых прадстаўнікоў улады працуе ў сферы адукацыі, навукі і аховы здароўя, кожны пяты — задзейнічаны ў сельскай гаспадарцы. 4 % ад агульнай колькасці дэпутатаў — моладзь ва ўзросце да 31 года, а 2 % — належаць да пэўнай партыі[5].

Ніводны з кандыдатаў ад апазіцыі не патрапіў у абласныя саветы. Так у Мінскі абласны савет абраныя 60 чалавек, з іх 58 беспартыйных і два члены КПБ[6]

Азнаёміўшыся з заявай прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў адносна праведзеных выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў у Беларусі, прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык падкрэсліў, што легітымнасць прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, выбраных у строгай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам, вызначаецца не знешнімі ацэнкамі, а выключна воляй народа[7].

Зноскі

Спасылкі


This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.