Вуліца Маякоўскага Мінск | |
---|---|
Агульная інфармацыя | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Раён | Ленінскі |
Працягласць | 3,9 |
Найбліжэйшыя станцыі метро |
Плошча Леніна, Пралетарская, Інстытут культуры |
Назва ў гонар | Уладзіміра Маякоўскага |
Паркі | Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Вуліца Маякоўскага — вуліца ў Ленінскім раёне Мінска, якая злучае цэнтр горада з паўднёвай часткай (мікрараён Лошыца, раён камвольнага камбіната). Названа ў гонар паэта Уладзіміра Маякоўскага.
Транспарт прадстаўлены аўтобусамі, якія ідуць з Лошыцы, Чыжоўкі і Гатава, тралейбусамі і чыгуначнай станцыяй Мінск-Паўднёвы.
Размяшчэнне
Вуліца Маякоўскага э’яўляецца працягам вуліцы Свярдлова (ад скрыжавання з вуліцай Аранскай), за мостам цераз раку Лошыцу працягваецца Ігуменскім трактам. Менш чым у кіламетры заходней вуліцы праходзіць чыгуначная лінія на Асіповічы, на якой знаходзіцца станцыя Мінск-Паўднёвы. Даўжыня — 3,9 км[1].
Гісторыя
Вуліца размешчана на месцы старога гандлёвага гасцінца. У XVI—XVII насіла назву Лошыцкай дарогі, пазней была вядомая як Ігуменскі тракт, з 1923 года — Чэрвеньскі тракт[2]. Праходзіла праз гістарычнае прадмесце Серабранка (сучасны аднайменны мікрараён размяшчаецца паўднёва-усходней). Пазней была пераназвана ў гонар Уладзіміра Маякоўскага, які неаднаразова бываў у Мінску.
Забудова вуліцы пераважна шматпавярховая. З 1950-х паходзіць забудова пасёлка пры камвольным камбінаце, у 1967 годзе пачата будаўніцтва мікрараёна Маякоўскага-1 (архітэктары У. Марцьянаш, С. Баткоўскі, У. Мінькін і інш.)[2], у 2000-я гады актыўна забудоўваюцца паўночны і цэнтральны ўчасткі вуліцы, дзе захаваўся прыватны сектар. У паўднёва-усходняй частцы вуліцы размяшчаецца Лошыцкі парк.
У 2009—2011 гадах вялася рэканструкцыя вуліцы, пасля якой яна на ўсім працягу стала васьміпалоснай, а напружанае скрыжаванне з вуліцай Дзянісаўскай было заменена шляхаправодам[3]. У 2017 годзе пачалося будаўніцтва шляхаправода ў пачатку вуліцы на скрыжаванні з вуліцай Аранскай.
Славутасці вуліцы
- Мінскі камвольны камбінат
- Палац культуры тэкстыльшчыкаў
- Сядзібна-паркавы комплекс Лошыца
- Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут
- Чэрвеньскі рынак
Цікавыя факты
- Дамы №14-26 ўтвараюць сабой комплекс, які атрымаў мянушку "Кітайская сцяна[4]".
- У двухпавярховым доме 96 у розны час знаходзіліся: Ліцэй БДУ[5], Яўрэйскі ўніверсітэт і некалькі кафедр ФМА БДУ, якія пазней перайшлі ў склад гуманітарнага факультэта БДУ.
Зноскі
- ↑ Вуліца Маякоўскага — Google Карты
- 1 2 Маяковского улица // Энциклопедический справочник. 2-е изд. — Минск: Белорусская Советская Энциклопедия, 1983. — С. 229
- ↑ Рэканструкцыя вуліцы Маякоўскага ў Мінску: тэрміны і падрабязнасці Архівавана 9 красавіка 2009.
- ↑ УЛИЦЫ НАШЕГО ГОРОДА. Надеждинская — переплетение вековых историй // Минск-Новости, 17.03.2015
- ↑ Основатель IT-компании, декан, полковник. Кем стали первые выпускники Лицея БГУ, который отметил 30-летие Архівавана 31 сакавіка 2020. // TUT.BY