Вольга Васілеўна Церашчатава | |
---|---|
Дата нараджэння | 24 ліпеня 1926 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 30 сакавіка 1992 (65 гадоў) |
Месца смерці | |
Род дзейнасці | мастацтвазнаўца |
Месца працы | |
Альма-матар |
Вольга Васілеўна Царашчатава (24 ліпеня 1926, Лоеў — 30 сакавіка 1992, Мінск) — беларускі мастацтвазнавец.
Біяграфія
Да Вялікай Айчыннай вайны скончыла толькі няпоўную сярэднюю школу. Два гады жыла на акупаванай тэрыторыі, хавалася ад угону ў Германію. Калі ў 1943 годзе Чырвоная Армія вызваліла Лоеў, Вользе ішоў 18-ы год, яна запісалася ў разведшколу, вучылася на радыстку. Аднак, у тыл ворага не была закінута, бо фронт ужо перайшоў у Польшчу і без валодання польскай і нямецкай дзейнасць разведгрупы была немагчымай. Служыла радысткай у падраздзяленнях НКУС у Германіі. Пад час службы ў Германіі выйшла замуж за савецкага афіцэра і нарадзіла сына, але праз пяць гадоў сям'я распалася. Звольнілася са службы і пераехала з сынам у Мінск.[1]
Працавала сакратаром у апараце аддзялення гуманітарных навук АН БССР. Вучылася ў вячэрняй школе, каб атрымаць атэстат. Грошай на сябе, сына і аплату пакоя не хапала, таму падрабляла яшчэ і пашывам адзежы на заказ. Паступіла завочна ў Маскоўскі паліграфічны інстытут (скончыла ў 1961 г). Потым у аспірантуру пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР (ІМЭФ АН БССР). У 1968 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю па даваеннай беларускай кніжнай графіцы.[1] З 1978 года загадавала Адзелам старажытнабеларускай культуры ІМЭФ АН БССР.
Дзейнасць
У канцы 1960-х разам з аднадумцамі на ўласныя сродкі арганізоўвала экспедыцыі па Беларусі для збірання помнікаў нацыянальнай культуры. Потым узначальвала экспедыцыі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, дзякуючы якіх выратаваны ад знішчэння і сабраны сотні мастацкіх артэфактаў XVI – ХІХ стст. (абразоў, алтарных карцін, драўляных скульптур, твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, старадрукаваных кніг і інш.). На аснове сабраных калекцый быў створаны Музей старажытнабеларускай культуры, заснавальнікам і першым дырэктарам якога была В. Церашчатава.
Даследавала старажытнабеларускае і беларускае выяўленчае мастацтва. Аўтар манаграфій «Беларуская кніжная графіка 1917—1941» (1978), «Старажытнабеларускі манументальны жывапіс ХІ—ХVІІІ стст.» (1986) і змястоўных артыкулаў у кнігах «Гісторыя беларускага мастацтва» (1987—1994), «Музей старажытнабеларускай культуры. Каталаг экспазіцыі» (1983), «Помнікі старажытнабеларускай культуры. Новыя адкрыцці» (1984), «Помнікі культуры. Новыя адкрыцці» (1985).
Зноскі
Літаратура
- Арлоў У. Імёны Свабоды: Вольга Церашчатава 24.7.1926, г. Лоеў — 30.3.1992, Менск — svaboda.org, 29.01.2007, 12:53;
- Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 17. — Мн., 2003;
- Хадыка Ю. Твары маіх сяброў…: Фрагменты ўспамінаў // Спадчына № 4-5, 2003;
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. Т. 5. — Мн., 1987.