Водазабеспячэ́нне — сукупнасць мерапрыемстваў па забеспячэнні вадой населеных пунктаў, прамысловасці, транспарту і інш. праз сістэму гідратэхнічных збудаванняў. Для водазабеспячэння выкарыстоўваюць паверхневыя воды і прэсныя падземныя воды. Падзяляецца на камунальнае і вытворчае. Найбольшыя спажыўцы вады — прадпрыемствы металургічнай, хімічнай, нафтаперапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці, ЦЭЦ (падача вады на арашэнне адносіцца да воднай гаспадаркі, на ГЭС — да гідраэнергетыкі). Сістэма водазабеспячэння ўключае ачышчальныя і водазаборныя збудаванні, помпавыя станцыі, вадаводы, водаправодную сетку і інш., бывае гаспадарча-пітнога, вытворчага, проціпажарнага і аб’яднанага прызначэння. Сучасныя сістэмы цэнтралізаваныя: кожная забяспечвае вадой вялікую групу спажыўцоў. Якасць вады для водазабеспячэння кантралюе санітарны нагляд праз санэпідэмстанцыі. Для захавання неабходнай якасці пітной вады ствараюцца водаахоўныя зоны, зберагаюцца водаахоўныя лясы, ажыццяўляюцца іншыя мерапрыемствы па ахове прыроды.
Гл. таксама
- Водакарыстанне
- Водаспажыванне
Літаратура
- Водазабеспячэнне // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Водазабеспячэнне