Верхнебярэ́зінская нізіна — фізіка-геаграфічны раён у Беларусі, на поўначы Мінскай і поўдні Віцебскай абласцей.
Геаграфія
Займае частку Глыбоцкага, Докшыцкага, Лепельскага, Ушацкага, Чашніцкага раёнаў Віцебскай вобласці і частку Барысаўскага, Вілейскага, Крупскага, Лагойскага, Смалявіцкага раёнаў Мінскай вобласці. На поўначы нізіна мяжуе з Свянцянскімі градамі, на ўсходзе — з Ушацка-Лепельскім узвышшам і Чашніцкай раўнінай, на поўдні — з Докшыцкім і Плешчаніцкім узвышшамі (якія ўваходзяць у склад Мінскага ўзвышша), на захадзе — з Нарачана-Вілейскай нізінай. Працягнулася з поўначы на поўдзень на 100 км, з захаду на ўсход на 15—50 км, плошча 4,3 тыс. км².
Геалогія
Верхнебярэзінская нізіна прымеркавана да Беларускай антэклізы, на паўднёвым усходзе — да Аршанскай упадзіны. У платформавым чахле пераважаюць асадкавыя пароды пратэразою. У тоўшчы антрапагену (магутнасцю да 180 м) найбольш пашыраны ледавіковыя ўтварэнні бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў.
Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял.
Рэльеф
Асноўныя рысы сучасны рэльеф набыў пры дэградацыі сожскага ледавіка і ў выніку дзейнасці расталых вод паазерскага зледзянення. На поўначы вышыня нізіны 180 м над узроўнем мора, на поўдні — 160—155 м.
У рэльефе пашыраны зандравыя раўніны і азёрна-алювіяльныя нізіны. Каля краю паазёрскага ледавіка, які з поўначы падступаў да Верхнебярэзінскай нізіны, намнажаліся водна-ледавіковыя пясчаныя адклады. На спадзіста-хвалістай паверхні іх трапляюцца дэльты водна-ледавіковых патокаў (на поўначы), тэрмакарставыя западзіны і эолавыя формы — дзюны, грады, узгоркі вышынёю да 5—7 м. На поўдні Верхнебярэзінскай нізіны расталыя ледавіковыя воды падпруджваліся Барысаўскай градой, утваралася вялікае возера. Пазней возера спушчана Бярэзінай, на яго месцы ўзнікла затарфаваная нізіна з рэшткавымі азёрамі. Найбольш высокія ўчасткі рэльефу — спадзістахвалістыя марэнныя раўніны і канцовамарэнныя, моцна згладжаныя грады, увалы і ўзгоркі дняпроўскага зледзянення, што ўзнімаюцца над забалочанай нізінай на 30—40 м. Даліна Бярэзіны перасякае нізіну з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, яна сфарміравалася пасля адступання паазёрскага ледавіка, слаба выпрацавана; мае надпоплаўную тэрасу вышынёю 3—4 м.
Гідраграфія
Па нізіне цякуць: Бярэзіна з прытокамі Поня, Гайна, Сергуч, Лукомка і Эса, пачынаецца Ушача (басейн Заходняй Дзвіны); Бярэзінскі канал. Азёры Межужол, Медзазол, Палік, Плаўна, Манец, Бярэшча, Вольшыца, Окана, Домжарыцкае, на ўсходзе возера Лукомскае і Сялява.
Клімат
Сярэднія тэмператур студзеня −7,2 °C, ліпеня 17,2 °C, ападкаў 623 мм за год.
Глебы і расліннасць
Распаўсюджаны дзярнова-падзолістыя глебы на водна-ледавіковых пясках і марэнных супесках і суглінках, дзярнова-падзолістыя глеяватыя, тарфяна-балотныя, поймавыя дзярновыя забалочаныя глебы. Пад лесам каля 42 % тэрыторыі, пераважаюць хваёвыя, каля даліны Бярэзіны бярозава-асінавыя і асінава-альховыя. Вялікія балоты ў асноўным нізінныя, бязлесныя або парослыя рэдкалессем з бярозы пушыстай і хвоі, часткова меліяраваныя.
Пад ворывам 20 % тэрыторыі. У межах Верхнебярэзінскай нізіны знаходзіцца Бярэзінскі біясферны запаведнік, частка гідралагічнага заказніка Галубіцкая пушча.
Літаратура
- Геаграфія Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1992. — С. 52—53.
- Кліцунова Н. Верхнебярэзінская нізіна // БЭ ў 18 т. Т. 4. Мн., 1997.