Васіль Шаўчэнка | |
---|---|
Мянушка | Бацька |
Дата смерці | 25 снежня 1925 |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Прыналежнасць |
Расійская імперыя Беларуская Народная Рэспубліка (1919—1925) |
Род войскаў | пяхота |
Званне | атаман |
Камандаваў | антыбальшавіцкі атрад (да 100 чалавек) |
Бітвы/войны | Грамадзянская вайна ў Расіі |
Васіль Шаўчэнка (памёр 25 снежня 1925 года, Васількі, Бялыніцкі раён, Магілёўская акруга) — беларускі атаман, былы царскі афіцэр, які кіраваў антыбальшавіцкім атрадам на Магілёўшчыне (збольшага ж атрад знаходзіўся ў Бялыніцкім раёне), меў мянушку Бацька. Змагаўся з савецкай уладай цягам 1919—1925 гадоў за Вольную Беларусь.
Біяграфічны нарыс
Разам з братам у 1919 годзе Васіль пачаў свой паўстанцкі шлях. У 1921 яны, абодва афіцэры царскага войска, былі арыштаваныя і асуджаныя да смяротнага пакарання. Але прысуд застаўся на паперы, браты з турмы ўцяклі, каб за тры гады стаць «гаспадарамі» Магілёўскай акругі.
Васіль Шаўчэнка не пакідаў без увагі выпадкі рабаўніцтва сялян як з боку савецкіх функцыянераў, так і з боку іншых атаманаў. Ён забяспечваў вольніцу ў лесе: сяляне беспакарана гналі самагонку, нарыхтоўвалі дровы. На бюро прызнавалі, што людзі атамана падтрымліваюць. «Ён забараніў рабаваць сялян, карыстаецца іх сімпатыяй і аўтарытэтам», — гучала ў выступах.
Паляванне Скатнічэнкі
У верасні 1924 года каля вёскі Княжыцы (10 вёрстаў ад Магілёва) восем добра ўзброеных баевікоў Шаўчэнкі напалі на атрад міліцыянераў пад камандаваннем начальніка раённага аддзела Скатнічэнкі. Падчас перастрэлкі і рукапашнага бою загінуў агент крымінальнага вышуку і быў паранены яшче адзін супрацоўнік аддзялення.
У снежні Скатнічэнка з шасцю міліцыянерамі паспрабаваў зноў абкласці Шаўчэнку ў вёсцы Навасёлкі, на поўдзень ад Магілёва. Але атаман за некалькі гадзін да з’яўлення карнікаў пакінуў Навасёлкі.
Агентура, купленая ўладаю за соль і мануфактуру, паведаміла, што баевікі накіраваліся ў вёску Пушча. Скатнічэнка і яго людзі абкружылі пасёлак, прачасалі хутары паблізу. Насустрач трапіўся мясцовы жыхар, які ахвотна паведаміў, што «банда» пры падыходзе міліцыі схавалася ў лесе. Міліцыянеры вырашылі даць сабе кароткі адпачынак, зайшлі ў хату добразычлівага Дуброўскага (так сябе назваў жыхар) напіцца вады. І былі сустрэтыя стрэламі. Шаўчэнка са сваімі партызанамі хаваўся ў другім пакоі. У хаце застаўся цяжка паранены міліцыянер Ялыніч, астатнія выбеглі на двор і пачалі страляць па вокнах. Міліцыянеры Арлоў і Тарасенка паспрабавалі падпаліць хутар. Арлоў быў застрэлены. Людзі Шаўчэнкі кінулі з вокнаў хаты некалькі бомбаў і, карыстаючыся разгубленасцю міліцыянераў, уцяклі.
Агентура
Цягам 1924 года спробы знішчыць атамана рабіліся не раз. У аддзел Шаўчэнкі засылалі ўзброеных агентаў, якія мусілі забіць атамана, што ў іх не ўдалося. Таксама намагаліся ўсыпіць яго морфіем і схапіць, але гэтае гэтаксама не спрацавала. «Ён узброены да зубоў, хітры і смелы», — тлумачылі сілавікі адсутнасць вынікаў.
Нарада
10 снежня 1924 года ва ўмовах сакрэтнасці засядала бюро Магілёўскага акружнога камітэта КПБ. Паседжанне было цалкам прысвечанае вядомай у акрузе асобе атамана Шаўчэнкі. Удзельнікі расказалі пра высілкі па знішчэнні «паралельнай улады». Партыйцы скардзіліся на Акружны аддзел ДПУ, які не надаваў належнай ацэнкі «бандзе Шаўчэнкі». Таксама нагадалі пра ненармальныя адносіны паміж ДПУ і міліцыяй, якія немаведама што дзеляць, прывялі да правалу шэрагу аперацый супраць атамана і вялікіх чалавечых стратаў. Кіраўнікі акругі падкрэслілі, што «ў тых раёнах, дзе ёсць Шаўчэнка, міліцыі немагчыма працаваць і там уся ўлада тэрарызаваная».
Паводле агентурных даных, Шаўчэнка меў да сотні ўкрывальнікаў. Імёны 90 чалавек былі вядомыя чэкістам. Кіраўнік міліцыі прапанаваў пачынаць з укрывальнікаў. Браць іх першымі, каб паказаць, што «савецкая ўлада зусім не мяккая».
Прынятая пастанова засведчыла:
Наяўнасць банды Шаўчэнкі і яе дзейнасць варожа адбіваецца на палітычным стане акругі. Банда… падрывае аўтарытэт улады, разбэшчвае сялян і стварае сабе аўтарытэт.
У дакуменце асобным радком згадвалася пра неабходнасць дадатковых сродкаў на буйную аперацыю. Запланавана было пачаць з арыштаў хаўруснікаў і ўкрывальнікаў. У вёскі накіроўваліся спецыяльныя карныя аддзелы. «Працу па ліквідацыі гэтай банды лічыць ударна-баявой», — з пафасам заклікала пастанова сходу.
Аперацыя па знішчэнні
Сам Яўхім Кроль пакінуў сталіцу, каб знішчыць «бацьку» Магілёўшчыны. За пяць гадоў сваёй вайны Шаўчэнка надта раззлаваў улады.
Як успамінаў Кроль, план аперацыі прадугледжваў рухацца з трох бакоў буйнымі міліцыйнымі аддзеламі ў бок вёскі Княжыцы. Туды ж накіроўваўся і атрад з Мінска на чале з Кролем. Тыдзень атрад чакаў данясенняў выведкі. Нарэшце дачакаліся тэлефанавання агента, які ведаў, дзе спыніцца Шаўчэнка. Група накіравалася ў Княжыцкі лес, улюбёнае месца атамана. Кроль успамінае, што пачуцце страху і насцярогі не пакідала міліцыянераў. Яны ведалі, колькі работнікаў міліцыі загінула ад гранат і карабіна баевіка. Але, як пазней высветлілася, атаман ужо быў забіты падчас бойкі з карным атрадам. Тэлефонны провад у сельскім савеце быў перарэзаны, таму Мінская група вярнулася ў Бялынічы.
Ліквідацыя ў Васільках
Паводле агентурных звестак, атаман знаходзіўся на хутары селяніна Рыжковіча каля Васількоў. Група захопу пад кіраўніцтвам міліцыянера Паўлоўскага з пяці чалавек спынілася каля дома Рыжковіча. Міліцыянеры запыталіся ў гаспадара наконт ягонага госця. Вясковец няветліва адказаў, што нічога і нікога не ведае. У гэты момант Шаўчэнка стрэліў з акна хаты і забіў старшага міліцыянера Бялыніцкага раёна Царанкова. Пачалася перастрэлка, у ёй атаман загінуў. Пра ліквідацыю «бандыта» паведаміла зводка данясенняў па Магілёўскім крымінальным вышуку ад 25 снежня 1924 года.
Далейшы лёс атрада
Нават без атамана шаўчэнкаўцы працягвалі дзейнічаць: пасля гібелі Васіля яго аддзел узначаліў нейкі Зяньчук, пра якога нічога пакуль не вядома. Толькі ў красавіку 1926 варшаўскія газеты паведамілі, што ў Магілёве да расстрэлу прысудзілі 43 паўстанцаў «банды Васіля (Базыля) Шаўчэнкі». Тады ж савінкаўская газета «За свабоду» скупа напісала пра некаторыя факты з жыцця атамана.
Асоба
У юбілейным зборніку, прысвечаным 10-годдзю беларускай міліцыі, Яўхім Кроль пакінуў цікавыя, нават з рамантычным адценнем, успаміны пра ліквідацыю Шаўчэнкі. Аўтар дэманстраваў імкненне да аб’ектыўнасці, павагу да ворага. Але такі падыход цалкам быў і ў яго інтарэсах. Чаго вартая перамога над слабым нікчэмным праціўнікам. Начальнік не шкадаваў эпітэтаў у адрас атамана: «Шыракаплечы, рэлігійны, выдатны стралок… Ён быў пагрозай савецкіх работнікаў», — прызнаваў Кроль.
Да таго ж разумны, няўлоўны. Паводле словаў галоўнага міліцыянера, Васіль Шаўчэнка «цараваў» не толькі ў Бялыніцкім раёне, але, «маючы многа ўдзельнікаў, пяць год крываваю мараю гаспадарыў у Магілёўскай акрузе». Савецкія работнікі «не смелі з’ўяляцца на яго тэрыторыі». Людзі «кланяліся яму, як куміру», — са здзіўленнем і пашанаю да знішчанага ворага ўспамінаў тыя дні міліцэйскі кіраўнік.
Збройны майстар у мінулым, Шаўчэнка выдатна страляў.
Выгляд
У юбілейным зборніку, выдадзеным да 10-годдзя беларускай міліцыі, ёсць здымак забітага атамана. Бачна, што ўжо нежывое і закасцянелае цела маладога мужчыны падцягнулі і прыставілі да сцяны адмыслова для здымка, дадаўшы побач у якасці аздаблення бомбы і карабін. На жаль, пакуль не знойдзеныя прыжыццёвыя здымкі Васіля Шаўчэнкі, хаця, як сведчаць крыніцы, іх у вялікай колькасці раздавалі міліцыянерам і агентам падчас карных аперацый.
Пазней, падобна на тое, што Кроль перачытаў свой артыкул пра атамана і заўважыў ягоную залішнюю кампліментарнасць. Як бы спахапіўшыся, ён знаходзіць для Шаўчэнкі абразлівыя эпітэты. Прыгадвае не да месца «ламброзаўскі чэрап», а шырокія скулы і кірпаты нос атамана падаюцца яму чамусьці «жывёльнымі».
Тактыка
Атаман трымаўся тактыкі, якая дазваляла яму паспяхова дзейнічаць і пазбягаць пастак ДПУ. Пры ім звычайна было не больш як 3—7 чалавек. Але яго невялікая група па сігнале за адну ноч вырастала ў сотню.
Цікавінкі
- Яўхім Кроль атрымаў Ордэн Працоўнага Чырвонага сцяга за ліквідацыю Шаўчэнкі.
Спасылкі
- Пра антысавецкую дзейнасць Архівавана 29 чэрвеня 2020.
- У газеце(недаступная спасылка) «Нашай Ніве»