Васіль Максімавіч Русак
Род дзейнасці грамадскі дзеяч, палітычны актывіст, фалькларыст, выдавец, прадпрымальнік, аграном, публіцыст
Дата нараджэння 23 сакавіка (4 красавіка) 1896
Месца нараджэння
Дата смерці 23 жніўня 1954(1954-08-23) (58 гадоў)
Месца смерці
Партыя
Член у
Бітвы/войны
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Васі́ль Максі́мавіч Руса́к (23 сакавіка (4 красавіка) 1896, Ячава, цяпер Слуцкі раён, Беларусь — 23 жніўня 1954, ГУЛАГ[1]) — беларускі нацыянальны дзеяч, фалькларыст, выдавец. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.

Біяграфія

Першая сусветная вайна

Васіль Русак, 1919

Нарадзіўся 4 красавіка 1896 года ў вёсцы Ячава Слуцкай воласці. Прымаў удзел у Першай сусветнай вайне ў чыне прапаршчыка на Паўночным фронце. З 1917 года сябра Беларускай сацыялістычнай грамады, адзін з лідараў Беларускай рады беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту, удзельнік Беларускага вайсковага з’езда ў Віцебску. Удзельнік Усебеларускага з’езда ў Мінску (снежань 1917)[2].

У пачатку 1918 года працуе ў Беларускім камітэце Оршы, пазней вяртаецца на Случчыну, уключаецца ў дзейнасць культурніцкай арганізацыі «Папараць-Кветка». З траўня 1918 года ў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, уваходзіць у яе ЦК. Увосень таго ж года арыштаваны немцамі, пасля вызвалення ў снежні — адзін з арганізатараў «Саюза абароны краю». З прыходам бальшавікоў працаваў у валасных ды вясковых установах павета як выбраны ад сялянства, адначасова займаецца нацыянальна-культурнай працай[2].

Польская-савецкая вайна. Слуцкае паўстанне

Пасведчанне БВК на імя Васіля Русака, 11 сакавіка 1921

У сакавіку 1919 года арыштаваны бальшавікамі, але праз месяц без выстаўлення абвінавачання выпушчаны пад заклад 3 тыс. рублёў, якія сабралі мясцовыя сяляне. Усё лета хаваўся ад ЧК у сялянскіх хатах. У час польска-савецкай вайны актыўны ўдзельнік антыпольскага падпольнага руху, сябра Слуцкага Беларускага нацыянальнага камітэта, кіраваў беларускім хорам «Папараць-Кветкі», разам з яе драматычнай дружынай ездзіў па павеце са спектаклямі, у якіх браў удзел як артыст пад псеўданімам Базыль Карусь.

У ліпені 1920 года, з вяртаннем савецкай улады, мабілізаваны ў Чырвоную армію, адбываў службу ў Слуцку. У лістападзе 1920 года, у часе з’езда Случчыны, абраны яго старшынёй, увайшоў у склад прэзідыума Рады Случчыны. Прымаў удзел у Слуцкім паўстанні 1920 года — камандзір Другога Грозаўскага палка[2]. У 1921 годзе інструктар Беларускай вайсковай камісіі (БВК), нелегальна вёў эсэраўскую агітацыю сярод беларускага батальёна БВК і беларускага сялянства Баранавіцкага павета[2]. Ратуючыся ад польскае дэфензівы, у траўні 1922 года ў Коўне (Літва) займаўся арганізацыяй партызанскіх аддзелаў на Віленшчыне супраць палякаў, звязаны з літоўскімі стралецкімі арганізацыямі[2].

Эміграцыя

Васіль Русак, 1923 г.

У канцы 1922 года з рэкамендацыі прадстаўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі у Коўне выязджае на вучобу ў Чэхаславакію, дзе ўвосень 1923 года паступае ў Пражскую вышэйшую тэхнічную школу на агранамічны факультэт. У часе вучобы актыўна ўдзельнічае ў грамадска-палітычным жыцці беларускай эміграцыі: уваходзіць у Загранічную групу БПСР, адзін з кіраўнікоў Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый за граніцай і Заходняй Беларусі (АБСА), працуе ў Беларускім (Крывіцкім) культурна-асветным таварыстве імя Ф. Скарыны, супрацоўнічае з часопісам «Перавясла» ды інш. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі застаецца жыць у Празе[2].

Узяўшы шлюб з чэшскай дзяўчынай, паспяхова займаецца прадпрымальніцтвам. У 1931 годзе ўзначаліў Пражскі Беларускі нацыянальны камітэт, за свой кошт падрыхтаваў і выслаў у Лігу Нацый мемарандумы на французскай мове ў абарону нацыянальных і сацыяльных праў беларускага народа. У 1934 годзе выдаў на беларускай лацінцы «Biełaruski śpieŭnik», фундаваў выданне часопіса «Iskry Skaryny». У 1936 годзе разам з украінцамі-эмігрантамі арганізаваў у Празе сумесны беларуска-ўкраінскі фэст народнай песні. Улетку 1939 года выдаў на нямецкай мове інфармацыйную брашуру «Bielarus — Weissruthenien» з этнаграфічнай картай Беларусі[2].

Другая сусветная вайна. Арышт, смерць

У 1941 годзе паводле асабістага праекта з дапамогай А. Жука выдаў паштоўкі з гербам Пагоня, які спалучаў беларускага вершніка і імянны знак Францішка Скарыны (сонца з маладзіком)[2].

У часе нацысцкай акупацыі Прагі хаваў у сябе дзве яўрэйскія сям’і, дапамог ім атрымаць пасведчанні, што яны беларусы[1][2]. Быў запрошаны на Другі Усебеларускі кангрэс у Менску, аднак удзелу ў ім не прыняў. У час візіту ў Менск сустракаўся з Радаславам Астроўскім, Кастусём Езавітавым, Міхасём Гузоўскім[3].

2 чэрвеня 1945 года арыштаваны ў Празе савецкай контрвыведкай за «антысавецкую дзейнасць у эміграцыі», 2 чэрвеня 1946 года Ваенным трыбуналам войскаў Міністэрства ўнутраных спраў Беларускай вайсковай акругі асуджаны на 10 гадоў лагераў[2]. Памёр у лагеры 23 жніўня 1954 года[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 Міхась Скобла. Уладзімер Ляхоўскі: У Слуцкім паўстанні сацыяльны чыннік супаў з нацыянальным. Радыё Свабода (28 лістапада 2014). Праверана 4 снежня 2014.
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд., дапрац. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 295—296. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3.
  3. Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд., дапрац. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 268. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3.

Літаратура

  • Ляхоўскі У. Русак Васіль Максімавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Мн. : БелЭн, 2001. — С. 134. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Ляхоўскі У. Слуцкі фронт збройнага змагання за незалежную Беларусь: Новыя Крыніцы: Ліст Васіля Русака Кастусю Езавітаву // Спадчына. 1995. № 6.
  • Ляховский, В. В. «Не палите мои здабытки огнем…» Судьба и «дело» слуцкого повстанца В. Русака на фоне политических событий первой половины ХХ ст. / В. В. Ляховский // От «Германской» к Гражданской: становление корпуса народных вожаков русской смуты. — Москва, «АИРО-XXI», 2014. — С. 246—275.
  • Ляховский В. В. Василий Максимович Русак / В. В. Ляховский // Вожаки и лидеры Смуты 1918—1922 гг. Биографические материалы / сост. и науч. ред. А. П. Посадский. — Москва: АИРО-XXI, 2017. — 592 с.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.