Васіль Лукашык | |
---|---|
Васіль Лукашык | |
![]() | |
Нараджэнне |
1905 |
Смерць |
17 сакавіка 1975 |
Месца пахавання | |
Жонка | Яніна Лукашык |
Партыя | |
Член у | |
Адукацыя | |
Дзейнасць | палітык |
Васіль Лукашык (1905 — 17 сакавіка 1975) — беларускі палітычны і культурны дзеяч, выдавец. Бургамістр Беластоку падчас Другой сусветнай вайны. Актыўны дзеяч беларускай дыяспары ў Швецыі. Стваральнік Беларускай Грамады ў Швецыі.[1]
Біяграфія
Юнацтва
Нарадзіўся ў 1905 годзе, паводле пашпарта — 11 жніўня 1911[2], на Сакольшчыне каля Беластока ў сям’і беларуса і рускай (па нараджэнні Твердынскай). Выхоўваўся ў Беластоку, скончыў там рускую гімназію. Пасля пераехаў у Вільню, дзе браў актыўны ўдзел у беларускім руху, вывучаў паліталогію ў Віленскім універсітэце і сябраваў з Станіславам Грынкевічам. Быў актыўным сябрам Беларускай сялянска-работніцкай грамады, сябрам Таварыства беларускай школы і арганізатарам беларускіх культурна-асветных устаноў на Беласточчыне. Выкладаў гісторыю і беларускую граматыку.
Другая Сусветная Вайна
Пасля пачатку Другой Сусветнай Вайны і акупацыі саветамі Беластоку ў перыяд 1939—1941 гадах Васіль Лукашык стварае сеціва беларускіх школ у рэгіёне. Працуе загадчыкам дзіцячага дома ў Беластоку, які з часам перапаўняецца дзяцьмі рэпрэсаваных камуністамі беларусаў, палякаў, яўрэяў і рускіх. У 1941 годзе з пачаткам нямецкай акупацыі немцы зачыняюць дзіцячы дом.
Восенню 1941 года Лукашык разам з Сяргеем Хмарай, Іванам Гелдам, Васілём Вірам і Юркам Стасевічам удзельнічае ў нелегальнай канферэнцыі часткі даваенных актывістаў Беларускай сялянскай-работніцкай грамады, якую сазваў іншы сябра БСРГ Юльян Саковіч. Лукашык разам з Юльянам Саковічам і Іванам Гелдам прапануе цесна супрацоўнічаць з немцамі і карыстацца кожнай мажлівасцю для рэалізацыі нацыянальных патрэб, але супраць гэтага выступаюць іншыя ўдзельнікі канферэнцыі. У выніку канферэнцыі была створана нелегальная Беларуская Народная Грамада. Пасля перамоў з немцамі беларусам удаецца атрымаць дазвол нямецкай акупацыйнай адміністрацыі на стварэнне беларускай цывільнай адміністрацыі і Васіль Лукашык стае бурмістрам Беластоку.
Па даносе Васіль Лукашык быў арыштаваны Гестапа і адпраўлены ў канцлагер Асвенцім. Васіль Лукашык збягае з Асвенціма і едзе ў Варшаву, дзе набывае фальшывыя дакументы, аднак падчас чарговай аперацыі немцаў гэта выкрываецца і яго адпраўляюць на прымусовыя працы ў Нарвегію. Там у цяжкіх фізічных і псіхічных умовах ён разам з савецкімі палоннымі — заходнімі беларусамі і палякамі — будуе стратэгічную дарогу. У лагеры прымусовай працы Лукашык стварае беларускі гурток і ў 1944 годзе сябры гуртка вырашаюць уцякаць з лагера. Васіль Лукашык разам з дзясяткам беларусаў праз горы праходзіць у Швецыю, дзе ім удаецца асталявацца на пастаяннае жыхарства.
Эміграцыя і дзейнасць у Швецыі
У 1948 годзе Васіль Лукашык якасці дэлегата беларусаў Швецыі ўдзельнічае ў Першым сусветным з’ездзе беларускай паваеннай эміграцыі, які праходзіў з 28 лістапада па 2 снежня ў Парыжы. Выконваючы рашэнне з’езду, Васіль Лукашык разам сябрам Язэпам Федарчуком стварае беларускую суполку ў Швецыі — «Беларускую Грамаду» (шведск.: Vitryssland societet). Праца па стварэнню суполкі ішла цяжка: расійская суполка цягнула беларусаў да сябе бо яны былі парафіянамі расійскай праваслаўнай царквы ў Стакгольме, а польская суполка — на падставе былога польскага грамадзянства беларусаў, большасць з якіх была з Заходняй Беларусі. Але вынік цяжкай працы не быў марны і Васіль Лукашык разам з Язэпам Федарчуком здолелі атрымаць юрыдычную рэгістрацыю, выдаць статут Грамады па-беларуску і па-шведску, а пасля гэтага на працягу 30 гадоў арганізацыя ладзіць прысвечаныя Дню Волі 25-га Сакавіка штогадовыя вячэры, робіць сталыя сустрэчы і займаецца з’яднаннем беларускай дыяспары. Беларуская Грамада атрымлівала і распаўсюджвала беларускія часопісы і газеты, падтрымлівала сувязь з дыяспарай Аўстраліі і ЗША. Васіль Лукашык супрацоўнічаў з газетай «Bielarus-Беларус» беларускай дыяспары ў ЗША і яе галоўным рэдактарам Станіславам Станкевічам. Вядома, што Лукашык таксама быў сябрам Камітэта вольнай Беларусі і Федэрацыі вольных беларускіх журналістаў.
17 сакавіка 1975 года Васіль Лукашык раптоўна памёр напярэдадні чарговых угодак БНР. З нагоды жальбы газета «Беларускі голас» (№ 232 за 1975) змяшчае наступны некралог:
Сьв. † пам.ВАСІЛЬ ЛУКАШЫКбылы дзеяч БСР Грамады і Таварыства Беларускае Школы ў Беластоку. Былы Бурмістр Беластоку. Арганізатар «Беларускай Грамады» ў Скандынавіі. Сябра Камітэту Вольнае Беларусі, памёр раптоўна 17-га сакавіка 1975 году ў Густаўбэргу ў Швэдыі. Паходзіў з Сакольшчыны. Хай будзе яму лёгкай чужая зямля!
Сябры
Пасля смерці Лукашыка «Беларуская Грамада» у Швецыі фактычна перастала існаваць. У 1995 годзе ў Швецыі пачала дзейнічаць новая беларуская суполка «Беларусь» (шведск.: Vitryssland), якую ачольвае вядомая шведская фотажурналістка Марыя Сэдэрбэрг — энтузіястка беларускага руху і беларускай культуры.
Зноскі
- ↑ Кароткая біяграфія Васіля Лукашыка(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 студзеня 2021. Праверана 4 лістапада 2018.
- ↑ Выява могілкі Васіля Лукашыка (шведск.)
- ↑ http://belarus8.tripod.com/hazeta/svecyja.htm
Літаратура
- Czasopis (Беласток). 1995. № 11;
- Андрэй Катлярчук. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. — Мінск, 2002. — 296 с. — ISBN 985-6599-58-X.
Спасылкі
- Сяргей Чыгрын. Сябар свабоднай Беларусі . czasopis.pl (20 чэрвеня 2021). Праверана 31 студзеня 2024.
- Свабода, Радыё. Гісторыя і сучаснасьць беларускай прысутнасьці ў Швэцыі . Радыё Свабода (17 студзеня 2013). Праверана 31 студзеня 2024.
- Біяграфія Васіля Лукашыка. Тыднёвік беларусаў у Польшчы