Васіль Дравінскі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
![]() Корчак | |||||||
| |||||||
|
|||||||
Пераемнік | Мікалай Ясенскі[d] | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне | не пазней за 1535 | ||||||
Смерць | 1583 | ||||||
Адукацыя | |||||||
Дзейнасць | дзяржаўны служачы |
Васіль Дравінскі (польск.: Bazilius Drzewiński, Bazyli Drewiński; да 1535 — да 19 чэрвеня 1583) — вялікі пісар літоўскі (1566—1576), каралеўскі сакратар (1569—1583).
Біяграфія
Паходзіў з валынскага баярскага роду Дравінскіх гербу «Корчак». З 1549 года вучыўся ў Кракаўскай акадэміі, з 1554 года ў пратэстанцкім Базелі[1], дзе быў першым зарэгістраваным студэнтам-«рутэнам»[2]. Адначасова, 27 студзеня 1554 года ўключаны ў спісы ўніверсітэта ў Вітэнбергу[3]. Імаверна, некаторы час вучыўся ў Парыжы, дзе пазнаёміўся з Янам Замойскім[3]. Ва ўніверсітэцкіх дакументах Дравінскі ўсюды пісаўся як «Ruthenus». Філіп Меланхтан у рэкамендацыі ад 1 мая 1554 года да базельскага прафесара Чэліё Курыёнэ называў Дравінскага русінам і «паважаным чалавекам».
Па вяртанні з замежжа Дравінскі пачаў служыць рускім пісарам у Канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага, а ў сакавіку 1566 года атрымаў урад пісара вялікага літоўскага. Імаверна, меў у гэтым пратэкцыю луцкага земскага суддзі Гаўрылы Бокія[3], значнейшага сярод валынскай арыстакратыі прыхільніка дзяржаўнай уніі[4]. Пра іх сувязь сведчыць Попіс 1567 года, на які Дравінскі ставіў трох «коней» у складзе почту Бокія. Як пісар вялікі літоўскі Дравінскі быў удзельнікам Люблінскага сейму.[3]
Як і большасць валынскай шляхты, Дравінскі падтрымліваў дзяржаўную унію. Напэўна таму, жніўнем 1569 года разам з Барташам Жухорскім пасланы каралём да Мікалая Радзівіла Рудога, каб прыняць ад таго ўнійную прысягу, што яны не здолелі зрабіць.[3] Але Дравінскі з ласкі караля ў 1569 годзе атрымаў урад каралеўскага сакратара. У 1570 годзе ён быў каралеўскім паслом з інструкцыямі на Валынскі сеймік, дзе паслом на сейм абралі Гаўрылу Бокія, што пацвердзіла падтрымку валынянамі пастаноў сейма 1569 года. Таксама Дравінскі быў каралеўскім паслом на Валынскі сеймік у пазнейшыя гады, у тым ліку ў 1577 годзе.[5] Падчас першага пасляўнійнага безкаралеўя быў паслом ад Валыні на элекцыйны сейм[5].
Склаў тастамент 19 красавіка 1583 года і да 19 чэрвеня 1583 года памёр.
Уладанні
Род Дравінскіх гербу Корчак называўся па сваім родавым маёнтку Дрывін (Drywin) або Дрэвін (Drewin) ва Уладзімірскім павеце, гэта было іх галоўнае, а працяглы час і адзінае ўладанне. Маёмасны стан Дравінскіх ускладняўся, бо ў XVI ст. род вельмі разросся.[1]
Служба каралеўскага сакратара ўзвысіла Васіля Дравінскага сярод валынскай арыстакратыі і палепшыла маёмаснае становішча. Таксама гэтаму спрыялі шлюбы, праз іх — асабліва праз трэці — Дравінскі павялічыў сваё багацце[5]. Паказваючы ўзрастанне заможнасці Дравінскага, украінская даследчыца Ірына Варанчук адзначала, што памер пасагаў яго дачок з трэцяга шлюбу быў прыкладна ў 13 разоў большы за пасагі дачок з першага шлюбу[6].
Пад канец жыцця Васіль Дравінскі валодаў 2/3 Дрэвіна, Шпыколасамі, Пашывам, Паўханамі, Гусевым, Княжым, большай часткай Какорыва — усё на Валыні (у Крамянецкім і Луцкім паветах).[5]
Сям’я
Васіль Дравінскі быў тройчы жанаты і меў як меней 5 сыноў і 9 дачок. Пра першую жонку няма звестак, з другой — Мілкай Багданаўнай Лідзіхоўскай, ён ажаніўся ў 1560 годзе, трэцяя — Таццяна Гетаўтаўна.[5]
Тастамент
19 красавіка 1583 года склаў тастамент, якім загадаў пахаваць сябе ў царкве ў Пашыве «без кожных свецкіх цырымоній, помпы і непатрэбных забабонаў»[5], пры гэтым выразна падкрэсліваў прыхільнасць да праваслаўнай веры.[7] Таксама былі запісы адносна дзяцей. Дравінскі загадваў выканаўцам тастамента не шкадаваць грошай з яго маёмасці на адукацыю сына Лаўрына, якога ён ужо аддаў у школу ў Любартаве, і адправіць яго туды, «дзе праўдзіва хваляць Бога, а не чалавечыя памылкі, і вучаць вольным навукам ва ўсіх добрых і дабрадзейных звычаях маладых людзей». Лаўрын мусіў скончыць навучанне да «лет сваіх поўных» і «розуму добрага дарастання». Аднак, смерць неўзабаве галоўнага апекуна дзяцей Васіля Дравінскага — яго брата Кірыка, ускладніла выкананне тастамента і невядома ці працягваў Лаўрын адукацыю пасля школы ў Любартаве.[7]
Крыніцы
- 1 2 Kempa 2023, s. 94.
- ↑ Банькоўскі-Цюліг М.. Студэнты і студэнткі з Беларусі ў швейцарскіх універсітэтах (XVI -- пачатак XX ст.) . pawet.net. Праверана 29 сакавіка 2024.
- 1 2 3 4 5 Kempa 2023, s. 95.
- ↑ Kempa 2023, s. 95, not. 22.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 Kempa 2023, s. 96.
- ↑ Kempa 2023, s. 96, not. 32.
- 1 2 Kempa 2023, s. 97.
Літаратура
- Tomasz Kempa Ławryn Drewiński – najważniejszy prawosławny protagonista szlachecki w czasach Zygmunta III // Res Historica. — 2023. — Т. 56. — С. 89–150. — DOI:10.17951/rh.2023.56.89-150
- Ворончук І. Шляхетський рід Дривинських: генеалогія і матримоніальні зв’язки (XVI — перша половина XVII ст.). Студії і матеріали з історії Волині. Кременець, 2012. — С. 195—210.