Валяр’ян Пратасевіч | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
|
|||||||
|
|||||||
Папярэднік | Ежы Хвальчэўскі[d] | ||||||
Пераемнік | Ян Андрушэвіч | ||||||
|
|||||||
Дыяцэзія | Віленскае біскупства | ||||||
Папярэднік | Павел Аляксандравіч Гальшанскі | ||||||
Пераемнік | Юрый Радзівіл | ||||||
|
|||||||
Дзейнасць | каталіцкі святар | ||||||
Нараджэнне |
1505 |
||||||
Смерць |
31 снежня 1579 |
||||||
Пахаванне | |||||||
Дынастыя | Пратасевічы | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Валерыян Пратасевіч, Валяр’ян Пратасевіч-Шушкоўскі (каля 1509, маёнтак Шушкова каля вёскі Крайск, Айненская воласць, Вялікае Княства Літоўскае — 31 снежня 1579, г. Вільня, Віленскае ваяводства Вялікае Княства Літоўскае) — дзяржаўны і каталіцкі рэлігійны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.
Каталіцкі луцкі біскуп (1547—1555), віленскі біскуп (1556—1579). Адзін з галоўных заснавальнікаў езуіцкага калегіума ў Вільні, пераўтворанага ў 1578 г. у Віленскую езуіцкую акадэмію, а пазней — Віленскі ўніверсітэт.
Паходжанне
Належаў да баярскага «рускага» роду герба «Дравіца»[2].
Нарадзіўся каля 1505 года ў маёнтку Шушкова каля вёскі Крайск, Айненская воласць, Вялікае Княства Літоўскае (цяпер — Лагойскі раён Мінскай воласці Рэспублікі Беларусь).
Дзяржаўная і рэлігійная дзейнасць
Службовую кар’еру пачаў службітам у канцылярыі вялікага князя літоўскага, а ў 1532—1544 г. быў пісарам канцылярыі польскай каралевы і вялікай княгіні літоўскай Боны Сфорца, дзякуючы якой адбылося службовае ўзвышэнне Пратасевіча па прычыне яго паспяховай службы[2]. З 1533 г. адначасова быў каталіцкім пробашчам у Крожах (Жамойцкае староства), канонікам у Жамойцкім біскупстве. У тым жа 1533 г. атрымаў (пасля асабістага клопату каралевы Боны Сфорца) у пажыццёвае валоданне мястэчка Мейшагола на Жамойці.
З 1544 г. атрымаў пасаду вышэйшага пісара ВКЛ і сакратара вялікага князя літоўскага Жыгімонта II Аўгуста; да 1549 г. кіраваў т.зв. «рускай» канцылярыяй. З 1547 па 1549 г. быў канонікам у Віленскім бускупстве. Удзельнік шэрагу соймаў ВКЛ, займаўся дыпламатычнымі справамі.
У 1549 г. прызначаны на пасаду луцкага каталіцкага біскупа (пасвячоны ў 1554 г.). У 1550 г. выдаў статут для членаў кафедральнай капітулы, звяртаючы асаблівую ўвагу на абавязак пастаяннага жыхарства пры кафедральным храме і ўдзела ў харавых малітвах. У 1554 г. склікаў дыяцэзіяльны сінод, які праходзіў 22-24 красавіка пры касцёле святога Яна Хрысціцеля ў г. Янаве-Падляскім. Абвясціў на сінодзе дэкрэт, які асуджаў пратэстанцкіх прапаведнікаў, якія дзейнічалі ў Падляшскім ваяводстве: Сымона Зака, Гераніма Пякарскага з г. Белая і Валянціна Душу, якія былі пад апекай брэсцкага старосты Мікалая Радзівіла «Чорнага».
З 1555 г. — віленскі каталіцкі біскуп (афіцыйна з 1556 г.).
Супрацьстаяў націску Рэфармацыі ў ВКЛ час яе найбольшага ўздыму ў 1550—1570-ыя гг., але ў барацьбе з пратэстантамі не выкарыстоўваў гвалтоўных сродкаў. Разумеючы, што не ў стане самастойна супрацьстаяць руху пратэстантаў, вырашыў скарыстацца дапамогай ордэна езуітаў, які быў створаны ў Еўропе ў 1540 г. як авангард контррэфармацыі, і ў 1553 г. адправіў зварот да папскага нунцыя Камендоні з просьбай аб запрашэнні ў ВКЛ езуітаў. Аднак прыход езуітаў у ВКЛ тады зацягнуўся[3].
Паставіў свой подпіс над Віленскім прывілеем 1563 г. аб ураўнянні правоў шляхты ўсіх хрысціянскіх канфесій у ВКЛ. Пратасевія быў занепакоены тастаментам князя Мікалая Радзівіла «Чорнага», паводле якога князь перадаваў значныя сродкі на стварэнне кальвінісцкай школы ў статусе калегіума[3].
У 1563—1564 гг. у Варшаве вёў паспяховыя перамовы з прадстаўніком ордэна езуітаў Балтазарам Гастовінам: ВКЛ было ўключана ў поле дзейнасці ордэна езуітаў Аўстрыйскай правінцыі; там жа сталі рыхтаваць і манахаў-езуітаў для дзейнасці ў ВКЛ[3].
З 1566 г. адзінацць год узначальваў камісію па рэдагаванні II Статута ВКЛ.
Быў прыхільнікам аб’яднання ВКЛ з Польшчай на прынцыпах федэрацыі, а не інкарпарацыі. Прымаў удзел у падрыхтоўцы Люблінскай уніі (1569).
Сваімі ахвяраваннямі ў 1568—1569 гг. Пратасевіч стварыў матэрыяльную базу для функцыянавання Віленскага езуіцкага калегіума, які быў урачыста адкрыты 17 ліпеня 1570 г. і стаў галоўным і эфектыўным цэнтрам контррэфармацыі ў ВКЛ[3]. Рабіў уласныя ахвяраванні на будаўніцтва касцёлаў і каталіцкіх навучальных устаноў.
Паводле свайго тастамента Пратасевіч перадаваў Віленскай езуіцкай акадэміі сваю бібліятэку. Некаторыя ацалелыя за вякі кнігі з бібліятэкі Пратасевіча і дагэтуль знаходзяцца ў фондзе сучаснага Віленскага (Вільнюскага) універсітэта.
Смерць і пахаванне
Памёр 31 снежня 1579 г. у Вільні і там жа быў пахаваны ў Кафедральным саборы Святога Станіслава пад алтаром Святога Крыжа.
Зноскі
Літаратура
- Валер’ян Пратасевіч-Шушкоўскі // Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. давед. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.; Маст. А. А. Глекаў. — Мн.: БелЭн, 2001. — 368 с.: іл.
- Гудавичюс, Э. История Литвы / Э. Гудавичюс. — Т. 1 : с древнейших времен до 1569 года. — Москва : Фонд им. И. Д. Сытина; Baltrus, 2005. — 680 с.