«Валочная памера» — назва аграрнай рэформы ў ВКЛ, якая праводзілася на працягу 2-й пал. 16 — пач. 17 ст.
Рэформа пачалася ў 1557 г. з ініцыятывы Боны Сфорцы, маці кар. і вял.кн. Жыгімонта Аўгуста, з мэтай павелічэння дзяржаўных даходаў. Рэформа праводзілася паводле адмыслова распрацаванай інструкцыі — «Уставы на валокі».
Пад час рэформы спраўджваліся правы на зямлю, ствараліся комплексныя панскія гаспадаркі — фальваркі, уводзілася адзіная мера абкладання залежных сялян — валока, рэгламентаваліся павіннасці сялян, разбуралася сялянская абшчыны і г.д.
У поўным аб'ёме рэформа праводзілася на тэрыторыі Заходняй і Цэнтральнай Беларусі, спачатку на дзяржаўных, а пасля — прыватных і царкоўных землях.
Валочная памера садзейнічала паскарэнню запрыгоньвання сялян і фарміраванню адзінага сялянскага саслоўя.
Літаратура
- Кізіма С. А., Лянцэвіч В. М., Самахвалаў Дз. С. Гісторыя Беларусі: Курс лекцый. — Мн.: Выд-ва МІК, 2003. — 91 с.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).