Валерый Мікалаевіч Раеўскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 20 чэрвеня 1939 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 19 лістапада 2011 (72 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Адукацыя | |
Прафесія | тэатральны рэжысёр, выкладчык універсітэта |
Тэатр | |
Узнагароды |
Валерый Мікалаевіч Рае́ўскі[1] (20 чэрвеня 1939, Мінск — 19 лістапада 2011) — беларускі тэатральны рэжысёр, Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1976), Народны артыст Беларусі (1998), прафесар.
Біяграфія
Нарадзіўся ў Мінску. Вучыўся ў машынабудаўнічым тэхнікуме ў Магілёве, працаваў на Магілёўскім машынабудаўнічым заводзе, канструктарам на заводзе «Строммашына»[2]. Паступіў вучыцца на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта[2]. Пасля скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Адначасова з вучобай стажыраваўся ў Маскоўскім тэатры драмы і камедыі на Таганцы[2]. З 1967 года, на працягу 35 гадоў, быў рэжысёрам, з 1973[1][3] года галоўным рэжысёрам, з 1991[3] года мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Доўгі час выкладаў і з’яўляўся прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Памёр 19 лістапада 2011 года. Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Творчасць
Стварыў амаль паўсотню спектакляў, у тым ліку ў Расіі, Украіне, Ірландыі, Польшчы, Славеніі, Эстоніі. Сярод іх — «Радавыя», «Апошні журавель», «Парог» Аляксея Дударава; «Мудрамер» Мікалая Матукоўскага; «Трыбунал», «Пагарэльцы» Андрэя Макаёнка; «Брама неўміручасці» Кандрата Крапівы; «Апошні шанц» Васіля Быкава; «Чалавек з легенды» Яўгена Шабана. Паводле твораў замежнай драматургіі Раеўскі паставіў спектаклі «Бура» Уільяма Шэкспіра, «Тры сястры» Антона Чэхава, «Запіскі з падполля» Фёдара Дастаеўскага, «Лес» Аляксандра Астроўскага і іншыя. Работы Раеўскага сталі ўдзельнікамі і прызёрамі шматлікіх тэатральных фестываляў. На творчым рахунку рэжысёра дзясяткі пастановак на сцэнах рэгіянальных тэатраў — у Гомелі, Віцебску, Гродне, Маладзечне і іншых гарадах.
Узнагароды
У 1976 годзе Валерыю Раеўскаму было прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, у 1998 годзе — народнага артыста Беларусі. Пастаўленыя ім спектаклі адзначаны Дзяржаўнымі прэміямі СССР і БССР. У 2004 годзе за асабісты ўклад у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва і заслугі ў выхаванні творчай моладзі рэжысёр быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Уладальнік прыза «Крыштальная Паўлінка» (1999)
Зноскі
- 1 2 Беларусь 1995.
- 1 2 3 Раеўскі Валерый Мікалаевіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- 1 2 Газета «Культура», № 48 (1019) 26.11.2011 — 02.12.2011 г.
Літаратура
- Рае́ўскі Валерый Мікалаевіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 616. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
- Раеўскі Валерый Мікалаевіч // Газета «Культура», № 48 (1019) 26.11.2011 — 02.12.2011 г.