Вакуолі[1] (ад лац.: Vacuus — пусты) — мембранныя пузыркі або поласці ў жывёльных і раслінных клетках ці аднаклетачных арганізмах, запоўненыя пераважна водным змесцівам.
Вакуолі ўтвараюцца з пузырападобных расшырэнняў эндаплазматычнай сеткі або з пузыркоў комплексу Гольджы. Функцыі вакуоляў: рэгуляцыя водна-салявога абмену, падтрыманне тургарнага ціску ў клетцы, назапашванне нізкамалекулярных водарастваральных метабалітаў, запасных рэчываў і выдаленне з абмену таксічных рэчываў.
Вакуолі раслінных клетак
У маладых клетках раслін узнікае шмат невялікіх вакуоляў. Павялічваючыся, яны зліваюцца ў адну цэнтральную вакуолю, якая можа займаць да 90% аб'ёму клеткі. Вакуолі адыгрываюць галоўную ролю ў паглынанні вады расліннымі клеткамі.
У раслін вкуолі — вытворныя эндаплазматычнай сеткі, акружаныя пранікальнай мембранай — танапластам.
Вакуолі раслін напоўнены бясколерным або афарбаваным клетачным сокам. Ён уяўляе сабой водны раствор розных неарганічных і арганічных рэчываў. Хімічны састаў і канцэнтрацыя клетачнага соку вельмі зменлівыя і залежаць ад віду расліны, органа, тканкі і ўзросту клеткі. У клетачным соку могуць утрымлівацца солі, вугляводы (перш за ўсё цукроза, глюкоза, фруктоза), карбонавыя кіслоты (яблычная, лімонная, шчаўевая, воцатная), амінакіслоты, бялкі. Гэта запасныя рэчывы, якія часова выведзены з абмену рэчываў і могуць выкары-стоўвацца клеткай зноў.
Акрамя запасных рэчываў, клетачны сок змяшчае канечныя прадукты абмену, якія выводзяцца ў вакуолю і такім чынам ізалююцца. Гэта, напрыклад, таніны (дубільныя рэчывы), алкалоіды, некаторыя пігменты. Лічыцца, што таніны з іх вяжучым смакам і алкалоіды выконваюць ахоўную функцыю: іх непрыемны (часцей горкі) смак і спецыфічны пах адштурхоўваюць траваедных жывёл, што прадухіляе паяданне гэтых раслін.
У вакуолях часта выяўляюцца розныя па форме крышталі аксалату кальцыю, які таксама з'яўляецца канечным прадуктам абмену рэчываў.
У клетачным соку многіх раслін змяшчаюцца пігменты. Самымі распаўсю-джанымі з іх з'яўляюцца антацыяны, якія надаюць клетачнаму соку пурпуровы, чырвоны, сіні або фіялетавы колер. Блізкія да антацыянаў флаваноіды афарбоўваюць клетачны сок у жоўтыя і крэмавыя адценні. Менавіта гэтыя пігменты вызначаюць афарбоўку пялёсткаў, пладоў, пупышак, лістоў і караняплодаў многіх раслін. Напрыклад, колер караняплодаў буракоў абумоўлены антацыянамі. Колер антацыянаў можа мяняцца ў залежнасці ад кіслотнасці асяроддзя: у кіслым асяродцзі ён чырвоны, у нейтральным — фіялетавы, у шчолачным — сіні. Акрамя таго, могуць назірацца ўсе пераходныя адценні.
Рэакцыя клетачнага соку ў працэсе жыццядзейнасці раслін можа мяняцца ад моцнакіслай да слабакіслай або нават слабашчолачнай, што выклікае адпаведныя змяненні колеру пігментаў. Таму кветкі некаторых раслін (напрыклад, медуніцы няяснай) падчас цвіцення могуць змяняць сваю афарбоўку ад ружовай да сіняй.
Клетачны сок некаторых раслін змяшчае біялагічна актыўныя рэчывы, напрыклад фітагармоны (рэгулятары і каардынатары росту раслін), фітанцыды (рэчывы, якія знішчаюць мікраарганізмы або прыгнята-юць іх рост), ферменты. У апошнім выпадку вакуолі дзейнічаюць падобна да лізасом. Пасля гібелі клеткі мембрана, якая абмяжоўвае вакуолю, губляе сваю выбіральную пранікальнасць, і ферменты, вызваляючыся з вакуоляў, выклікаюць самаператраўліванне клеткі (аўтоліз).
[Цытаплазма]] адасоблена ад вакуолі ліпоідна-бялковай паўпраніцальнай мембранай. Паколькі клетачны сок з'яўляецца больш канцэнтраваным растворам, чым гіялаплазма, рэчывы, раствораныя ў клетачным соку вакуолі раслін (цукры, поліцукрыды, алкалоіды, дубільныя рэчывы, пігменты, некаторыя солі і іншыя), выклікаюць праз осмас паступленне ў клетку пажыўных рэчываў і вады і ствараюць механічнае напружанне клетак і тканак. У выніку ў клетцы развіваецца тургорны ціск, які абумоўлівае напружаны стан клетачнай абалонкі, а таксама яе расцяжэнне падчас росту клеткі.
Клетачны сок, што запаўняе вакуолі, утрымлівае менш раствораных рэчываў, чым цытаплазма. Расліны і грыбы здольны пераводзіць ваду і розныя рэчывы з цытаплазмы ў клетачны сок і назад. Гэта могуць быць як запасныя рэчывы, так і тыя, якія з’яўляюцца шкоднымі для клеткі. Вакуолі таксама рэгулююць ціск цытаплазмы на цытаплазматычную мембрану і клетачную сценку.
У запасальных тканках раслін замест адной цэнтральнай вакуолі часта бывае некалькі. У такіх вакуолях збіраюцца запасныя пажыўныя рэчывы (вугляводы і бялкі). Вугляводы ў вакуолях могуць знаходзіцца ў раствораным выглядзе (мона- і алігацукрыды) або ў выглядзе гранул (поліцукрыды). Бялкі адкладваюцца ў выглядзе цвёрдых зярністых утварэнняў. Іх асабліва шмат у клетках насення збожжавых і бабовых.
Стрававальныя вакуолі
У клетках шэрагу мнагаклетачных беспазваночных (губкі, кішачнаполасцевыя, некаторыя малюскі), здольных да ўнутрыклетачнага стрававання, і ў целе некаторых аднаклетачных арганізмаў (прасцейшых) утвараюцца стрававальныя вакуолі, яны змяшчаюць стрававальныя ферменты, якія раскладаюць рэчывы. У вышэйшых жывёл стрававальныя вакуолі ўтвараюцца ў адмысловых клетках — фагацытах. У іншых клетках вакуолі ўтрымліваюць солі, ферменты і прадукты абмену рэчываў (тлушчы і г.д.).
Скарачальныя вакуолі
У многіх аднаклетачных арганізмаў ёсць таксама скарачальныя (пульсуючыя) вакуолі, якія перыядычна выкідваюць сваё змесціва ў навакольнае асяроддзе. Паколькі канцэнтрацыя солей у рачной або азёрнай вадзе значна ніжэйшая, чым у клетках прэснаводных пратыстаў, вада бесперапынна трапляе ў іх клеткі шляхам осмасу. Лішак вады збіраецца ў вакуолях, якія перыядычна скарачаюцца дзякуючы ўзаемадзеянню размешчаных вакол іх мікратрубачак і мікрафіламентаў. Вада выводзіцца вонкі праз спецыяльную выдзяляльную пору, і клетка захоўвае больш або менш пастаянны аб'ём. Такім чынам, скарачальныя вакуолі выконваюць у клетках функцыю осмарэгуляцыі, падтрымліваюць на пэўным узроўні ўтрыманне вады і канцэнтрацыю солей.
Зноскі
- ↑ Напісанне паводле Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / В. М. Ціхаміраў [і інш.]; пад рэд. В. М. Ціхамірава; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 199 с.: іл. ISBN 978-985-03-1340-9
- Біялогія: падруч. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / М. Д. Лісаў [і інш.]; пад рэд. М. Д. Лісава; пер. з рус. мовы В. К. Раманцэвіч. — 3-е выд. — Мн.: Нар. асвета, 2014. — 270 с.: іл. ISBN 978-985-03-2169-5
- Вакуоля, в ботанике // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- Вакуоля, в зоологии // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вакуоля