
Ваза — посуд вытанчанай формы, з маляўнічымі або ляпнымі ўпрыгожваннямі, выраблены з гліны, фарфору, фаянсу, шкла, хрусталю, каменя або металу. Выкарыстоўваюцца для пластычнага і каляровага ўзбагачэння інтэр’ера, часам як творы манументальна-дэкаратыўнага мастацтва (на фасадах будынкаў, агароджах).
Сярод сасудаў гэтага роду асаблівай увагі, па сваёй важнасці для гісторыі мастацтва і археалогіі, заслугоўваюць старажытнагрэчаскія размаляваныя вазы з абпаленай гліны, якія знаходзяць пераважна ў пахаваннях усюды, дзе квітнела ці куды паспела пранікнуць элінская цывілізацыя. Надзвычайнай самабытнасцю адрозніваецца і кітайскі фарфор.
Гісторыя
Вядомы са старажытных часоў. У Старажытнай Грэцыі ў залежнасці ад формы і прызначэння гліняныя вазы мелі розныя назвы (амфара, кратар і інш.). Выраб і ўпрыгожванне ваз размалёўкай (вазапіс) — важная галіна антычнага мастцтва. Тэктанічная яснасць формаў, іх функцыянальная апраўданасць, гарманічнасць прапорцый зрабілі старажытнагрэчаскія вазы класічнымі ўзорамі для еўрапейскага мастацтва наступных эпох.
На Беларусі ў 18—19 ст. вазы выраблялі ганчары Слуцка, Барысава, Магілёва і інш. на радзівілаўскіх і Целяханскай фаянсавай мануфактурах.
Цяпер вазы вырабляюць на Мінскім і Добрушскім фарфоравых, Барысаўскім хрусталёвым заводах, шклозаводзе «Нёман», аб’яднанні «Беларуская мастацкая кераміка», Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва.
Відарысы ваз выкарыстоўваюцца як дэкаратыўны матыў у размалёўцы па шкле, метале, кераміцы, у ткацтве.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вазы