Вае́нная прыся́га — урачыстае абяцанне (клятва), якое дае кожны ваеннаслужачы (рэзервіст) у час уступлення ў рады УС, іншых войск і фарміраванняў.
У Беларусі
Сучасная вайсковая прысяга
Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь (прозвішча, імя, імя па бацьку), урачыста клянуся быць адданым свайму народу, свята трымацца Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, выконваць патрабаваннi воiнскiх статутаў i загады камандзіраў і начальнікаў.
Клянуся дастойна выконваць воінскі абавязак, мужна і самааддана абараняць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь.
Прысяга БЗВ
8 верасня 1992 года, падчас першага святкавання Дня беларускай вайсковай славы, па ўсёй краіне – у Мінску, Гродне, Брэсце і іншых гарадах – прайшла масавая акцыя прыняцця прысягі на вернасць Беларусі вайскоўцаў і вайскоўцаў запасу. На сталічнай плошчы Незалежнасці, стоячы ў форме перад вялікай грамадой людзей, прынялі прысягу 15 афіцэраў-актывістаў БЗВ. На працягу года 12 з іх былі звольнены з войска, потым чарга дайшла і да іншых.
Я, грамадзянін Беларусі, паступаючы на вайсковую службу, прысягаю на вернасць Рэспубліцы Беларусь і яе Народу. Калі ж я парушу, прынятую мной вайсковую прысягу, то гатоў несці адказнасць, устаноўленую законамі Рэспублікі Беларусь.
Прысяга БКА
Я, жаўнер Беларускай Краёвай Абароны, прысягаю на Ўсемагутнага Бога і жаўнерскі гонар, што буду верна служыць свайму беларускаму народу, сумленна і прыкладна выконваць усе загады сваіх камандзіраў і начальнікаў.
Я прысягаю, што не выпушчу з рук зброі да тых пор, пакуль ня будзе ўстаноўлены поўны спакой і бясьпека ў нашых сёлах і гарадох, пакуль ня будзе зьнішчаны на нашай зямлі апошні вораг беларускага народу.
Я прысягаю, што хутчэй аддам сваё жыцьцё, чымся дапушчу, каб мая жонка і дзеці, бацькі і сёстры і ўвесь беларускі народ зноў цярпелі бальшавіцкі зьдзек і няволю.
Калі-ж з сваёй слабасьці ці злога намеру я парушу гэту прысягу, то няхай пакарае мяне Бог ганебнай сьмерцю здрадніка свайго народу і бацькаўшчыны.
Прысяга партызанаў
Я, грамадзянін Саюза Совецкіх Сацыялістычных Рэспублік, верны сын гераічнага беларускага народа, прысягаю, што не пашкадую ні сіл, ні самога жыцця для справы вызвалення майго народа ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і катаў і не складу зброі да таго часу, пакуль родная беларуская зямля не будзе ачышчана ад нямецка-фашысцкай погані.
Я клянуся строга і няўхільна выконваць загады сваіх камандзіраў і начальнікаў, строга захоўваць воінскую дысцыпліну і берагчы ваенную тайну.
Я клянуся, за спаленыя гарады і вёскі, за кроў і смерць нашых жонак і дзяцей, бацькоў і мацярэй, за гвалты і здзекі над маім народам, жорстка помсціць ворагу і безупынна, не спыняючыся ні перад чым, заўсёды і ўсюды смела, рашуча, дзёрзка і бязлітасна знішчаць нямецкіх акупантаў.
Я клянуся ўсімі шляхамі і сродкамі актыўна дапамагаць Чырвонай Арміі паўсямесна знішчаць фашысцкіх катаў і тым самым садзейнічаць хутчэйшаму і канчатковаму разгрому крывавага фашызма.
Я клянуся, што хутчэй загіну ў жорсткім баю з ворагам, чым аддам сябе, сваю сям’ю і беларускі народ у рабства крываваму фашызму.
Словы маёй свяшчэннай клятвы, сказанай перад маімі таварышамі партызанамі, я замацоўваю ўласнаручным подпісам, — і ад гэтай клятвы не адступлю ніколі.
Калі-ж па сваёй слабасці, трусасці або па злой волі я парушу сваю прысягу і здраджу інтарэсам народа, няхай памру я ганебнай смерцю ад рук сваіх таварышаў.
Літаратура
- Ваенная Энцыклапедыя Беларусі / Осіпаў В.Ц., Лянькевіч Р.Ч., Бажэнаў Ю.В. і інш.— Мн.: "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі", 2010. — 1132 с.. С. 796
- Прысяга БКА
Спасылкі
- Прысяга БЗВ Архівавана 28 верасня 2020.
- Прысяга Беларусі
- Прысяга партызана