Вадзяны знак банкноты ў 5 беларукіх рублёў
Вадзяны знак на паштовай марцы

Вадзяны́ знак (таксама філігра́нь (ад італ.: filigrana ад лац.: filum нітка + лац.: granum зерне) — бачная выява або малюнак на паперы, які выглядае святлейшым пры праглядзе на прасвет (або цямнейшым пры праглядзе ў адлюстраваным святле на цёмным фоне). Вадзяны знак атрымліваюць ўцісканнем металічнага сеткаватага валіка або эгутэра (дэндыролі) у паперу ў працэсе яе вырабу. Малюнак вадзянога знака — лініі рознай формы, літары ці манаграмы, фігурныя малюнкі. Вывучэнне вадзяных знакаў мае важнае значэнне для правільнага датавання пісьмовых крыніц, вылучаецца ў асобную галіну палеаграфіі — філіграналогію.

Гісторыя

Упершыню вадзяныя знакі з'явіліся ў Балонні (Італія) у 1282 ці 1283 гг. Вытворцы паперы ўжывалі іх тады і пазней для ідэнтыфікацыі сваёй прадукцыі, а таксама на паштовых марках, банкнотах і іншых дзяржаўных дакументах для абароны ад падробкі. Для вырабу такой паперы да канца XVIII ст. выкарыстоўвалі льняныя і баваўняныя анучы, пазней — раслінныя валокны. Прыгатаваную масу разлівалі ў формы, на дне якіх замацоўвалі драцяныя сеткі (звычайна медныя) і фігуры. Папяровая маса, што асядала на дроце, была больш тонкая, таму пры адпаведным асвятленні на гатовых лістах паперы былі відаць прагалы. Пры актыўным выкарыстанні драцяную сетку мянялі праз год, медныя фігуры — праз некалькі гадоў, а сярэбраныя — праз некалькі дзесяцігоддзяў. Кожная паперня (нярэдка і майстры) пазначала сваю паперу асобнымі вадзянымі знакамі.

На тэрыторыі Беларусі

На беларускіх актах і рукапісах XIVXV стст. захаваліся старажытныя знакі на паперы заходнееўрапейскай вытворчасці У XVXVI стст. многія паперні Еўропы выраблялі паперу з вадзяных знакаў «галава быка» розных варыянтаў, на якой друкаваў свае кнігі Ф. Скарына. 3 2-й чвэрці XVI ст. першыя вадзяныя знакі з’явіліся на мясцовай паперы Вялікага Княства Літоўскага, вырабленай на папернях Радзівілаў у Слуцку, Любашы, Алыку, у 1570—канцы XVII ст. на папернях Кавячынскіх у Нясвіжы і Уздзе, Сапегаў у Гальшанах. Асноўнымі сюжэтамі вадзяных знакаў на паперы мясцовай вытворчасці XVIIXIX стст. былі гербы шляхецкіх родаў «Габданк» (Гаштольды, Даўгялы, Гарабурды), «Ліс» (Сапег, кнігавыдаўцы Мамонічы), «Аднагаловы арол» (Радзівілы), «Магіла з адменай» (Быхаўцы), «Дуброва» (Кішкі), «Багорыя» (Валовічы), «Ляліва» (Тышкевічы), «Пагоня» (Сангушкі, Чартарыйскія). У XVIIIXIX стст. распаўсюджаны таксама вадзяныя знакі ў выглядзе чалавечых фігур, выяў жывёл, рыб, птушак, раслін, рэчаў (сякера, меч, карона, дзяржава) або філіграні з літарамі (без фігурных выяў) на паперы, што выпускалі ў Вільні, Гродне, Супраслі, Бражэльцах (Лідскі павет), Дзятлаве.

У XIXXX стст. удасканальвалася тэхналогія выпрацоўкі вадзяных знакаў, яны ўтвараліся на бесперапыннай папяровай стужцы з дапамогай рэльефнага валіка (згуцера). У сучасны перыяд паперу з вадзяных знакаў выкарыстоўваюць на выраб каштоўных дакументаў, грошай, аблігацый з мэтай прадухіліць іх падробку. Аналіз вадзяных знакаў даў магчымасць устанавіць некалькі выданняў Статутаў ВКЛ 1588 і 1619, дакладна датаваць асобныя друкаваныя кнігі, высветліць час стварэння рэдкіх беларускіх рукапісаў (кодэкс 262, «Евангелле» Васіля Цяпінскага) і інш.

Літаратура

  • Siniarska-Czaplicka, J. Młyn papierniczy w Supraślu // Przegląd Papierniczy. — 1962. — R. 18. — № 8. — S. 262—264.
  • Uchastkina, Z. V. A history of Russian hand paper-mills and their watermarks / by Zoya Vasilʹevna Uchastkina; ed. and adapted for publication in English by J. S. G. Simmons. — Hilversum: Paper Publications Society, 1962. — XXIX, 297 p., [405] p. of plates: facsims., maps. — (Monumenta chartæ papyraceæ historiam illustrantia; 9).
  • Галенчанка, Г. Я. Вадзяныя знакі / Г. Я. Галенчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Мн. : БелЭн, 1994. 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 179.
  • Клепиков, С. А. Филиграни и штемпели на бумаге русского и иностранного производства XVII—XX века / Всесоюзная книжная палата. — М.: Изд-во Всесоюзной книжной палаты, 1959. — 306 с.
  • Лауцявичюс, Э. Бумага в Литве в XV—XVIII веках / Археографическая комиссися АН СССР, Центральная библиотека АН ЛитССР. — Вильнюс: Мокслас, 1979. — 186 с.
  • Лихачев, Н. П. Бумага и древнейшие бумажные мельницы в Московском государстве / Н. П. Лихачев. — М.: [б. и.], 1891. — 116 с.
  • Шчакаціхін, М. Да пытання аб храналогіі «Малой падарожнай кніжыцы» Скарыны: Scoriniana / [М. Шчакаціхін] // Запіскі аддзела гуманітарных навук Інбелкульта. Кн. 3. Працы клясы гісторыі. Т. 2. — Мн., 1928.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
  • Вадзяны знак // Большой филателистический словарь / Н. И. Владинец, Л. И. Ильичёв, И. Я. Левитас, П. Ф. Мазур, И. Н. Меркулов, И. А. Моросанов, Ю. К. Мякота, С. А. Панасян, Ю. М. Рудников, М. Б. Слуцкий, В. А. Якобс; под общ. ред. Н. И. Владинца и В. А. Якобса. М.: Радио и связь, 1988. — 320 с. 40 000 экз. — ISBN 5-256-00175-2.
  • Вадзяны знак // Филателистический словарь / Сост. О. Я. Басин. М.: Связь, 1968. — 164 с.
  • Вадзяны знак // Филателистический словарь / В. Граллерт, В. Грушке; Сокр. пер. с нем. Ю. М. Соколова и Е. П. Сашенкова. М.: Связь, 1977. — 271 с. 63 000 экз.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.