Бітва пад Рудавай (18 лютага 1370) — бітва паміж войскамі Тэўтонскага ордэна і Вялікага княства Літоўскага паблізу замка Рудаў (ням.: Rudau; цэнтр воласці Рудава ў Самбіі, цяпер пасёлак Мельнікаў Калінінградская вобл.) за 18 км на поўнач ад Кёнігсберга.

Вялікалітоўскае войска на чале з Альгердам і Ягайлам выйшла ў паход з Жамойці, перайшло па лёдзе Куршскі заліў і падышло да замка Рудаў. Тым часам, другая частка войска на чале з Кейстутам і Вітаўтам уварвалася ў Прусію з усходу каля Рагніта (цяпер Неман), спустошыла ваколіцы Інстэрбурга (цяпер Чарняхоўск). Мэтай было злучэнне абедзвюх частак каля Рудаў і далейшы паход на Кёнігсберг. Злучыўшыся, вялікалітоўскае войска з русінаў, літоўцаў, жамойтаў і татараў, авалодала Рудаў (17 лютага, нядзеля).

Наступным днём да Рудаў ад Кёнігсберга, праз Лохштэдт, падышла армія Тэўтонскага ордэна, у складзе з гарадскім апалчэннем Кёнігберга і зямельнымі апалчэннямі некаторых частак Прусіі, на чале з вялікім магістрам Вінрыхам фон Кніпродэ і вялікім маршалам Хенінгам фон Шындэкопф, бо немцам ад палонных (2 лютага) быў вядомы план нападу Альгерда і яшчэ да яго падыходу яны сцягвалі свае сілы да Кёнігсберга.

Бітва адбылася на полі паміж вёскамі Трансаў (пасёлак Озерава) і Мюльзен (пасёлак Халмы) паўночней Рудаў. Паводле ордэнскіх хронік, ужо на пачатку бою немцы рассеклі вялікалітоўскае войска на дзве часткі — частка Кейстута неўзабаве адступіла, а частка Альгерда ўмацавалася ў лесе і пэўны час адбівалася, пасля таксама адступіла. Бітва скончылася перамогай Ордэна, трэцяй на працягу 60 гадоў (гл.: бітва пад Ваплаўкен, 1311, бітва на Стрэве, 1348), вялікалітоўскае войска страціла па розных звестках ад 1000[1] да 5500 чалавек, у асноўным русінаў. Страты былі і пасля бітвы, асобна адзначана, што тады замерз знатны Wezewilte[2]. Нямецкі бок таксама панёс цяжкія страты ад 126[1] да 300 чал., з іх 26 рыцараў, у т.л. падкомтур Генрых фон Штокхейм, комтур брандэнбургскі Конрад фон Хатэнштэйн, комтур рэдэнскі, вялікі маршал Хенінг фон Шындэкопф, якому ў твар трапіла кінутая дзіда і ён памёр дарогай у Кёнігсберг, госць Арнольд Ларэтцкі і яшчэ два госці.[2] Паводле іншых, неверагодных, звестках 70-тысячнае вялікалітоўскае войска страціла каля 11000 чалавек, ордэнскае — каля 5000 кнехтаў, 200 рыцараў і 26 комтураў[3]. Паводле Тэадора Нарбута, абодва бакі панеслі вялікія страты і літвіны, калі і не перамаглі ў бітве, то мелі з яе немалую карысць, бо забілі шмат крыжацкіх военачальнікаў і ўзялі багатую здабычу.

Адно з кёнігсбергскіх гарадскіх паданняў кажа пра вялікую ролю ў перамозе простага кнайпхофскага шаўца Ганса Загана. Калі літвіны амаль ўжо перамаглі, немцы адступалі і ўпала вялікая ордэнская харугва, Ганс падхапіў яе і кінуўся наперад, чым натхніў рыцараў. Асабістую мужнасць у бітве праявілі маладыя Ягайла і Вітаўт. У гонар перамогі вялікі магістр Вінрых фон Кніпродэ заклаў касцёл, на памяць Хенінга фон Шындэкопфа каля Рудаў была пастаўлена стэла, абноўленая ў 1870 года і існавалая да нядаўняга часу.

Зноскі

  1. 1 2 Vigand von Marburg, S.?
  2. 1 2 Wartb. S.96
  3. Theodor Hirsch, Max Toeppen, Ernst Strehlke… Band 3, S. 88

Літаратура

  • Theodor Hirsch, Max Toeppen, Ernst Strehlke: Scriptores rerum Prussicarum. Die Geschichtsquellen der preußischen Vorzeit bis zum Untergang der Ordensherrschaft. Band 3.
  • Сагановіч Г. Беларусь і Нямецкі ордэн (да Крэўскай уніі) // З глыбі вякоў. Наш край. Вып. 2. — Мн., 2002. ISBN 985-08-0515-3. — С. 129.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.