Бітва за Кобрын (1920) | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Польска-бальшавіцкая вайна | |||
Дата | 11—24 верасня 1920 | ||
Месца | Беларусь | ||
Вынік | Перамога Польшчы | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Бітва за Кобрын — адна з бітваў у часе вайны Савецкай Расіі з Польшчай 1919—1920 гадоў, што адбывалася 11—24 верасня 1920.
Перадумовы
У жніўні 1920 РСЧА атрымала паражэнне пад Варшавай, аднак вялікія страты панес і польскі бок. У баявых дзеяннях наступіла паўза, падчас якое абодва бакі папаўнялі войскі і арганізоўвалі іх забеспячэнне.
Сілы бакоў
На Палессі, асобна ад асноўных польскіх войскаў, дзейнічала правае крыло польскай 4-й арміі (камандоўца — генерал Леанард Скерскі). Асновай гэтай групы была 18-я пяхотная дывізія. Яна дзейнічала ва ўзаемадзеянні з аператыўнай групай генерала Краёўскага, якая наступала з поўдня, з украінскае часткі Палесся.
Супраць польскіх войскаў дзейнічала наноў сфарміраваная 4-я бальшавіцкая армія, якую ўзначальваў Аляксандр Шуваеў. Армія складалася з дзвюх стралковых дывізій (48-й і 57-й) і аднае каваларыйскае (17-й), а ў яе тыле фарміраваліся яшчэ дзве дывізіі (19-я і 55-я).
Міхаіл Тухачэўскі паручыў Шуваеву адбіць у польскіх войскаў Брэст. Са свайго боку Скерскі вырашыў апярэдзіць расійскія войскі і пачаць наступ на ўсход. На яго загад часткі 14-й пяхотнай дывізіі 8 верасня авалодалі Жабінкай, а пасля разбілі адну з частак 12-й арміі пад Макранамі; адначасна 16-я пяхотная дывізія з бітвамі дасягнула Маларыты.
Хада бітвы
11 верасня генерал Скерскі даў загад авалодаць істотным пунктам на Палессі — горадам Кобрын. Узяцце Кобрына было даручана 57-му палку 14-й дывізіі (з захаду), 47-му і 48-му палкам 11-й дывізіі (з поўдня). Уночы з 11 на 12 верасня, прарваўшы абарону 57-й стралковай дывізіі, польскія войскі ўзялі Кобрын. Дзеля абароны горада з поўдня была дадаткова падцягнутая 16-я пяхотная дывізія, якая размясцілася на беразе Мухаўца.
Камандаванне 4-й расійскай арміі зрабіла спробу вярнуць Кобрын сіламі трох дывізій — 55-й, 57-й і 19-й. Уночы з 15 на 16 верасня бальшавіцкія сапёры пабудавалі мост на Мухаўцы, па якім на паўночны бераг пераправілася большая частка 19-й стралковай дывізіі. На досвітку бальшавікі пры падтрымцы артылерыі перайшлі ў наступ, аднак польскі 57-ы пяхотны полк вытрымаў атаку. Цяжкія баі адбываліся на ўчастку 16-й пяхотнай дывізіі, якую атакавалі палкі 57-й стралковай і 17-й каваларыйскай дывізій. Польскія часткі былі адкінуты на захад, аднак пасля прыбыцця падмацавання вярнулі большую частку сваіх пазіцый. Іх страты падчас бітвы склалі 500 чалавек забітых і параненых.
Дзеля адцягвання бальшавіцкіх сіл ад Кобрына генерал Скерскі загадаў здзейсніць атаку на Пружаны. Гэтую задачу выканала група генерала Міхала Мілеўскага, у склад якой увайшлі часткі трох пяхотных палкоў. Уночы з 18 на 19 верасня Пружаны былі захоплены. Да 22 верасня рускія намагаліся адбіць горада, аднак польскія войскі здолелі ўтрымаць Пружану.
У баях за Кобрын і Пружаны бальшавіцкая 4-я армія, панесшы вялізныя страты і страціўшы шмат боепрыпасаў, вымушаная былі перайсці да абароны па лініі Пружаны—Гарадзец.
Бітва пад Гарадцом
Пакуль бальшавікі займалі абарончыя пазіцыі каля Гарадцу, польская 16-я пяхотная дывізія (камандзір — Казімір Ладась) рыхтавала наступ у гэтай мясцовасці. Узяцце Гарадцу адкрывала польскім войскам шлях на Пінск.
Ранкам 21 верасня палякі атакавалі Гарадзец. Другой атакай бальшавіцкія часткі былі адкінуты за Дняпроўска-Бугскі канал. 22 верасня ішла артылярыйская страляніна. 23 верасня польскі 66-ы пяхотны полк распачаў наступ, аднак быў спынены ўпартай абаронай частак 57-й стралковай дывізіі. Тады палкоўнік Ладась накіраваў да Гарадцу 63-і пяхотны полк, які ўвечары захапіў мост пад Мяфёдавічамі і пераправіўся на ўсходні бераг каналу. Уночы з 23 на 24 верасня полк пачаў аточваць Гарадзец. 24 верасня да 16 гадзін 66-ы полк здолеў захапіць невялікі ўчастак на ўсходнім беразе канале, пасля чаго расійскія войскі пакінулі мястэчка.
Вынікі
Заваяванне Кобрына і прасоўванне польскіх войскаў на Палессі ва ўсходнім кірунку стварыла пагрозу выхаду іх з поўначы ў тыл бальшавіцкай 12-й арміі, якая вяла баі на Валыні. 26 верасня каваларыйскі атрад Булак-Балаховіча нечаканым ударам захапіў Пінск і паланіў частку штабу 4-й арміі РСФСР.
Зноскі
Літаратура
- А. П. Грицкевич. Западный фронт РСФСР 1918—1920. Борьба между Россией и Польшей за Белоруссию. — Мн.: Харвест, 2010. — ISBN 978-985-16-6650-4.