Бібліятэка Медычы Лаўрэнціяна (коратка Лаўрэнціяна, лац.: Biblioteca Medicea Laurenziana) — знакамітая сваімі манускрыптамі дзяржаўная бібліятэка Італіі, знаходзіцца ва Фларэнцыі. Бібліятэка з'явілася яшчэ ў часы кіравання Медычы. Сваю назву «Лаўрэнціяна» бібліятэка атрымала ў гонар Ларэнца I Медычы, які значна ўзбагаціў фонды бібліятэкі свайго дзеда Козіма Медычы Старэйшага.
Гісторыя збору
Козіма Медычы Старэйшы заснаваў хатнюю бібліятэку ў 1444 годзе на аснове свайго шырокага збору рукапісаў. Пасля смерці свайго сябра Нікола Ніколі ў 1437 годзе, таксама які захапляўся старажытнымі рукапісамі, Козіма атрымаў у спадчыну яго збор, які ён часткова перадаў у манастыр Сан-Марка. Калі ў 1497 годзе Медычы былі выгнаны з Фларэнцыі, бібліятэка перайшла ў рукі горада і была адпраўлена ў Сан-Марка. Пасля вяртання ў Фларэнцыю ў 1512 годзе Медычы не толькі вярнулі сабе ўладу ў горадзе, але і сваю калекцыю кніг.
Гісторыя будынка
Джуліа Медычы (1478—1534), незаконны пляменнік Ларэнца I, які даў імя бібліятэцы, што стаў у 1523 годзе Папай Рымскім Клементам VII, даручыў у 1524 годзе Мікеланджэла будаўніцтва будынка бібліятэкі. Па яго эскізах з паўднёвага боку клуатра базілікі Сан-Ларэнца ў наступныя два гады быў збудаваны будынак.
У наступныя тры дзесяцігоддзі да 1560 года па праекце Мікеланджэла аздабленнем будынка займаліся іншыя дойліды, у тым ліку, Джорджа Вазары і Барталамеа Аманаці. Бібліятэка адкрылася ў 1571 годзе Будынак аб'яднаў у сабе рысы маньерызму, позняга італьянскага Адраджэння, што прывяло да дзіўных эфектаў. Унікальная па форме манументальная лесвіца, якая вядзе ў бібліятэку, збудаваная па праекце Мікеланджэла, уяўляе сабою складанае збудаванне, што робіць уздым у бібліятэку даўжэй і вышэй, чым у рэчаіснасці. Кожная дэталь у бібліятэцы — вокны, столь, пол і лавы ў чытальнай зале — прадумана Мікеланджэла, які паспрабаваў стварыць у ёй практычную навучальную атмасферу.
Фонды
Фонды Бібліятэкі Медычы Лаўрэнціяна складаюць каля 150 000 кніг, сярод якіх знаходзяцца інкунабулы XV ст. і выданні XVI ст., а таксама каля 11 000 рукапісаў і 2 500 папірусаў.
Бібліяграфія
- My Heilmann: Florenz und die Medici. Köln 1981
- Christoph Hennig: Florenz. Köln 1996
- Edoardo Bonechi: Firenze. Florenz 1979
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лесвіца ў Бібліятэцы Лаўрэнціяна
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Пол у Бібліятэцы Лаўрэнціяна
- Афіцыйны сайт (іт.)