Збор бярозавага соку.

Бяро́завік, бэрка — свежы бярозавы сок, а таксама беларускі традыцыйны ферментаваны напой з яго.

У бочку з сокам дадаюць прарошчаны і падпражаны на блясе ячмень або жытнія сухары[1], часам крыху цукру ці мёду, ставяць яе ў цёмнае халаднаватае месца ці закопваюць у зямлю на 4 — 6 тыдняў. У іншым варыянце свежы сок злівалі ў кадку, дадавалі дрожджы, некалькі галінак парэчак для паляпшэння смаку і насыпалі авёс, які, прарастаючы на паверхні, ахоўваў сок ад пылу. Такі напой мог захоўвацца да сенакосу. Пашыраны амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Для Беларусі ў часы ВКЛ бярозавы і кляновы сокі былі вельмі характэрныя. У Польшчы «бярозавая юшка» служыла аб’ектам сталых кпінаў над літоўцамі і беларусамі. Летам бярозавік выкарыстоўвалі для прыгатавання халаднікоў.

Бярозавік шырока выкарыстоўваецца і ў народнай медыцыне. Яго п’юць пры падагры і іншых сустаўных захворваннях. Выкарыстоўваюць у выглядзе вільготных павязак пры экзэмах.

Свежы бярозавік мае кіслотнасць 5,2 — 6,5 (pH), шчыльнасць 1,0007 — 1,0046 г/см³. Утрымлівае 1,09 — 1,17 % цукроў, у тым ліку 0,54 — 0,59 % глюкозы, 0,45 — 0,52 % сахарозы, 0,19 — 0,20 % фруктозы. Багаты на мінеральныя рэчывы. Утрымлівае шэраг макраэлементаў: у 100 г соку калію — 27,3 мг, натрыю — 1.6 мг, кальцыю — 1,3 мг, магнію — 0,6 мг. У яго склад уваходзяць мікраэлементы — медзь, марганец, жалеза, алюміній, крэмній, нікель, тытан і іншыя, вітаміны — C, В1, B6, PP, H.

Існавала некалькі спосабаў нарыхтоўкі бярозавіка. Найпрасцейшы — на ствале бярозы не вышэй за 80 см ад зямлі рабілі надрэз глыбінёй каля 20 см; сок, які збіраўся ў гэтым паглыбленні, вычэрпвалі лыжкай. Існаваў і іншы спосаб: у бярозе буравілі адтуліну да асяродка або менш глыбокую, ці надрубалі дрэва ў 2 месцах сякерай уздоўж дравеснага валакна, а паміж гэтымі зарубкамі рабілі папярочны надрэз. У адтуліну ўстаўлялі трубку з бузіны або іншага дрэва ці прыладжвалі жолаб. Пад ім ставілі або падвешвалі пасудзіну. Каб яе не скралі, яе змяшчалі даволі высока і прыкрывалі галінамі. Часам абрубалі сук і каля абрубленага канца падвешвалі пасудзіну.

Зноскі

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.