Гарадскі пасёлак
Бягомль
Бягомльская царква Усіх Святых 19 ст.
Бягомльская царква Усіх Святых 19 ст.
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
54°44′ пн. ш. 28°03′ у. д.
Старшыня пасялковай рады
Міхайлоўскі Валерый Пятровіч
Заснаваны
1582
Першая згадка
Гарадскі пасёлак з
Вышыня цэнтра
181 м
Насельніцтва
  • 2 405 чал. (1 студзеня 2024)[1]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2157
Паштовы індэкс
211730
Аўтамабільны код
2
СААТА
2221802904
Бягомль на карце Беларусі ±
Бягомль (Беларусь)
Бягомль
Бягомль (Віцебская вобласць)
Бягомль

Бяго́мль[2] — гарадскі пасёлак у Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Бягомльскага сельскага савета. Пасёлак размешчаны ўздоўж рэспубліканскай аўтадарогі Мінск — Віцебск M3 на адлегласці 100 км ад Мінска на поўнач, 157 км ад Віцебска на паўднёвы захад, 30 км ад Докшыц на паўднёвы ўсход. Фактычна часткай Бягомля з’яўляецца вёска Маргавіца. Насельніцтва 2 683 чалавек (2017)[3].

Тапаніміка

Адносна назвы пасёлка існуе некалькі думак. Адныя даследчыкі сцвярджаюць , што назва «Бягомль» пайшла ад кораня «бяг» — бежанцы, перасяленцы. Суфікс «омль» указвае на месца, дзе пасяліліся бежанцы, якія па нейкіх невядомых прычынах вымушаны былі хавацца ў бязлюднай мясцовасці. Але ж падаецца малаверагодным, што ў 16 стагоддзі былі ахвотнікі безсэнсоўна бегаць па землях княства. Найбольш вялікія перасяленні сялянства адбыліся ўжо пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і былі звязаныя з цяжкім станам сялян з расійскіх земляў (у прыватнасці, Смаленскай губерні), якія ў колькасці больш за мільен чалавек перасяліліся на беларускія землі ў пошуках лепшай долі. Некаторыя навукоўцы лічаць, што корань «бяг» звязаны або са словам «буга» — нізіна, або «баган» — сыры сасновы лес, часта з бярозамі. Iснуе таксама меркаванне , што назва «Бягомль» звязана са старажытнаславянскім іменем Багаміл (ці Багуміл), гэта значыць, што «Бягомль» — пасяленне, якое заснаваў Багаміл, што падаецца верагодным, аднак і тут можна правесці аналогію з паходжаннем назвы горада Гомель, што ізноў вяртае нас да першай з названых версій. Аднак, калі ўлічыць тое, што ўпершыню паселішча спамянута пад назвай «Багомль», то можа аказацца слушнай версія , якая тлумачыць паходжанне назвы «Бягомль» праз спалучэнне словаў «баган» ці «багна» і суфікса «омль» і, такім чынам, вызначае месца, на якім быў заснаваны Бягомль, як такое, што знаходзіцца ў саснова-бярозавым лесе альбо насычана балотамі (багнамі). Сапраўды, такое тлумачэнне больш адпавядае рэчаіснасці.

Геральдыка

Праект М. М. Ялінскай, мастак В. А. Ляхор

Сённяшнім часам прапанавана некалькі праектаў герба Бягомля. Праект, які прэтэндуе на перамогу (аўтар М. М. Ялінская, мастак В. А. Ляхор), паказаны ў гэтым раздзеле.

Гісторыя

Партызанскі аэрадром у маі 2009 года

Упершыню Бягомль пад назвай Багомль у пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1582 годзе як сяло Менскага павета ВКЛ, у сувязі з адмысловымі падзеямі, калі біскупскі ўраднік (сяло на той час было ўласнасцю Віленскага каталіцкага біскупства) Матысь Сасноўскі нечакана разграміў і разрабаваў двор у маёнтку Ваўча і, прыхапіўшы сабраныя падаткі, уцёк у сяло Мсціжы, якое належала Яўстафію Тышкевічу . Пры гэтым Сасноўскі звярнуўся ў суд са скаргай на жыхароў сяла Багомль, якія быццам бы напалі на яго і разрабавалі яго дом. Потым у складзе Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага Бягомль стаў належаць шляхціцу Міхалу Кейзгаловічу. Даходы з гэтага маёнтка (цэнтр маёнтка перамясціўся з Ваўчы ў Бягомль) Кейзгаловіч запісаў на заснаваную ім каталіцкую капліцу.

З 1793 года паводле Другога падзелу Рэчы Паспалітай Бягомль трапіў у склад Расійскай імперыі, спачатку ў Докшыцкі, а з 1802 года ў Барысаўскі павет Мінскай губерні. Ад пачатку 19 стагоддзя сяло належала расійскаму графу Манузі, пры якім цэнтр маёнтка быў перанесен у вёску Бераснёўка, да якога Бягомль разам з 14 іншымі паселішчамі прыналежаў і пры ўладзе памешчыка Ігната Гаўрылавіча Булгака. З 1861 года сяло стала мястэчкам, цэнтрам Бягомльскай воласці Барысаўскага павета. Бягомльцы прымалі актыўны ўдзел у падзеях нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-64 гадоў. У красавіку 1863 года ў фальварку Атрахімаўка спыніўся першы паўстанцкі атрад, якому было даручана вызваліць ад імперскіх акупантаў Докшыцы . Але тутэйшы святар Сымон Нячаеў папярэдзіў аб гэтым камандзіра роты расійскага царскага войска, якая размяшчалася ў Докшыцах. Толькі з гэтай прычыны бойкі беларускіх паўстанцаў з расійскімі карнікамі не адбылося. У 1886 годзе ўзгадваецца, што ў Бягомлі было 43 двары, мелася валасное праўленне, царква, школа, шпіталь. У гады першай сусветнай вайны Бягомль апынуўся ў прыфрантавой зоне. Большая частка мужчынскага насельніцтва была мабілізавана на фронт. На германскім фронце праславіўся жыхар Маргавіцы Віктар Свірка, родзіч паэта Юрася Свіркі, які за мужнасць быў узнагароджан Георгіеўскімі крыжамі. Пазней ён удзельнічаў у грамадзянскай вайне 1917 года. Паводле Рыжскага мірнага дагавора савецка-польская мяжа рассекла папалам землі сучаснага Докшыцкага раёна. Гэтая мяжа супала з мяжой, якая ў часы ВКЛ умоўна падзяляла будучую Беларусь на Літву (зямля за Докшыцамі) і Русь (зямля за Бягомлем) . 17 ліпеня 1924 года ўтворан Бягомльскі раён, адпаведна, з цэнтрам у Бягомлі, а 27 верасня 1938 года Бягомлю нададзен стасус гарадскога пасёлка. 20 студзеня 1960 года, калі Бягомльскі раён быў падзелен між суседнімі, буйнейшымі Докшыцкім, Лепельскім і Барысаўскім раёнамі, пасёлак далучаны да Докшыцкага раёна.

Падчас Вялікай Айчыннай Вайны Бягомль, як і ўвесь Бягомльскі раён, быў захоплен нямецкімі войскамі. Захоп адбыўся 2 ліпеня 1941 года, апоўдні, калі перадавыя часткі 39-га танкавага корпуса 3-й танкавай групы з ходу ўварваліся ў пасёлак. Нягледзячы на гэта, на Бягомльскай зямлі разгарнуўся і пачаў актыўна супрацьдзейнічаць нямецкім акупацыйным уладам партызанскі рух, у складзе якога знаходзілася 9 партызанскіх брыгад і асобных атрадаў. Са жніўня 1941 года па май 1942 года ў пасёлку дзейнічала Бягомльскае патрыятычнае падполле, якое было раскрыта. Вынікам гэтай настойлівай працы стала фактычнае вызваленне ад нямецкіх войскаў і з’яўленне Бягомльска-Лепельскай партызанскай зоны, якая праіснавала да прыходу 1 ліпеня 1944 года воінаў 850-га стралковага палка 277-ай стралковай дывізіі 7-ай механізаванай брыгады 3-га Беларускага фронту, калі і адбылося канчатковае вызваленне. Бягомльскія партызаны з сакавіка 1943 да мая 1944 года забяспечвалі ўстойлівую дзейнасць партызанскага аэрадрома (да вайны адсюль падымаліся ў паветра паштовыя самалёты). Зараз аэрадром не выкарыстоўваецца і забудоўваецца дамамі, а самое слова «Аэрадром» дало назву для гэтага раёна жыллёвай забудовы. Гісторыя Бягомля натхніла многіх паэтаў і пісьменнікаў, у прыватнасці, спамянуты вышэй аэрадром з’яўляецца адным з месцаў дзеяння твора Уладзіміра Казакова «Баявыя аэрашчэпкі». Пасля развалу СССР бягомльцы адзінагалосна падтрымалі ўзмацненне незалежнай беларускай рэспублікі, і ў бальшыні сваёй выказаліся супраць яднання з Расіяй на мітынгах, што былі праведзены ў Бягомлі апасля абвяшчэння вынікаў рэферэндуму 1996 года.

29 чэрвеня 2009 года загадам беларускага прэзідэнта Бягомль, у ліку 21 іншых населеных пунктаў Беларусі, быў узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай Вайны».

Насельніцтва

Бягомль — шматнацыянальны пасёлак, пераважную большасць насельніцтва якога складаюць беларусы.

  • 1886 — 470 чал.
  • 1924 — 781 чал.
  • 1937 — 1 779 чал.
  • 2004 — 3,0 тыс. чал.
  • 2009 — 3 059 чал.
  • 2016 — 2 630 чал.[4]
  • 2017 — 2 683 чал.[3]

Эканоміка

Бягомльскі лясгас
Будоўля шматпавярховага дома ў раёне Аэрадрома

У 18701874 гадах пабудавана вінакурня. Працуюць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы (СГФ «Бягомльскі» ААТ «Віцебскдрэў»), прадпрыемства электроннай прамысловасці (Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства "Бягомльскі завод «Ветразь»), дзейнічае вытворчасць будаўнічых матэрыялаў (Камунальнае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства "Докшыцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў), значную ролю грае дрэваапрацоўчая прамысловасць (ДЛГУ «Бягомльскі лясгас» — колькасць працаўнікоў прыблізна 300 чалавек)).

РУВП "Бягомльскі завод «Ветразь» (колькасць працаўнікоў — 50 чалавек) выпускае кандэнсатары, бытавыя інкубатары, елачныя ўпрыгожванні і іншыя віды вырабаў. Сённяшнім часам асноўныя фонды прадпрыемства зношаны на 97 працэнтаў. З-за адсутнасці інвестыцый тэхналогія вытворчасці кандэнсатараў і спажывецкіх тавараў не аднаўлялася, што прывяло да неканкурэнтаздольнасці на рынку. Паколькі галоўнае прадпрыемства РУВП "Бягомльскі завод «Ветразь», а менавіта рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Віцебскі завод радыедэталяў «Маналіт» пакутуе ад перманентна вострага крызісу , узнікла пытанне аб перадачы РУВП "Бягомльскі завод «Ветразь» іншаму галоўнаму прадпрыемству.

КУП «Докшыцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў» (колькасць працаўнікоў — 34 чалавекі) нарыхтоўвае шчыты для будаўніцтва дамоў, піламатэрыялы, заборныя шчыты, пасцельную бялізну. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі склала адмоўную велічыню — «мінус» 11,7 працэнтаў , знос тэхналагічнага абсталявання дасягнуў 89 працэнтаў . За мінулы час аб'ём вытворчасці прадукцыі на прадпрыемстве ўзрос у 1,8 разоў , дзякуючы засваенню вытворчасці пасцельнай бялізны з палепшаных відаў тканіны.

Зараз Бягомль, як і іншыя гарадскія пасёлкі Беларусі, адчувае патрэбу ў новых працоўных месцах , у размешчанні вытворчасцей, у цэлым, у развіцці прамысловасці, што дазволіла б спыніць сыход моладзі ў буйныя гарады, а таксама прыцягнуць неабходных спецыялістаў. З гэтае мэты была распрацавана і ажыццяўляецца «Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця гарадскога пасёлка Бягомль на 2006—2010 гады» . У мэтах паляпшэння наяўнага прыдарожнага абслугоўвання амаль цалкам рэканструяваны адрэзак трасы М3, што праходзіць праз Бягомль. Вырашаюцца апошнія адміністрацыйныя пытанні для адкрыцця невялікага заапарка, якому ўжо адведзена тэрыторыя насупраць лясгаса . Плануецца пабудаваць на месцы былога «стрэльбішча» філіял па вытворчасці камплектацыі для ліфтоў РУП "Завод «Магілёўліфтмаш». Завершана будаўніцтва новай тэлефоннай станцыі ёмістасцю да 1216 нумароў. Дабудоўваецца шматпавярховы дом для тых, хто адчувае патрэбу ў жытле.

Транспарт

У Бягомлі знаходзіцца філіял Лепельскага аўтатранспартнага прадпрыемства № 14 (7 аўтобусаў і 6 грузавых аўтамабіляў), ажыццяўляецца абслугоўванне рэгулярных аўтобусных рэйсаў праз аўтастанцыю «Бягомль». Транспартны паток проходзіць транзітам у паўночныя раёны Беларусі, а таксама накіроўваецца ў Пскоў, Санкт-Пецярбург, Рыгу.

Культура

Бягомльскі музей народнай славы, пасялковая бібліятэка, а таксама Дом культуры забяспечваюць культурны адпачынак жыхароў і гасцей Бягомля. У фондах музея налічваецца 17 383 экспанатаў, у тым ліку 13 783 экспантаў асноўнага фонду і 3 600 навукова-дапаможнага. У двары музея стаіць самалёт Іл-14 як помнік, які не дае згаснуць памяці аб часе і жыццях, страчаных на барацьбу з нямецкімі акупантамі. Самалёт раней выкарыстоўваўся ў палярнай авіяцыі і быў передадзен Музею народнай славы Бягомля на пачатку 90-х гадоў як сведчанне пра гераізм бягомльцаў, якія здолелі забяспечыць існаванне партызанскага аэрадрома, які меў стратэгічнае значэнне не толькі для раёна, але і для ўсёй Беларусі. Аднак дзеля гістарычнай справядлівасці варта заўважыць, што звычайна на партызанскі аэрадром садзіліся самалёты ЛI-2 і «Дугласы» са 101-га авіяпалка, а пры нястачы паліва ляталі планёры, таму ў адной з экспазіцый музея змешчаны макет менавіта самалету «Дуглас».

На выездзе ў бок Докшыц усталяваны помнік партызанскаму аэрадрому. Мемарыяльная таблічка кажа: «Тут у 1942—1944 гг. дзейнічаў партызанскі аэрадром, праз які трымалася сувязь з „Вялікай зямлёй“, адсюль пачала свой баявы шлях група арганізатараў партызанскага руху ў Літве». Помнік у 1967 годзе адкрыў Пётр Машэраў, які ў сваёй прамове адзначыў вялікі ўклад бягомльскіх партызанаў у агульную барацьбу супраць нямецкіх фашыстаў, а таксама зазначыў, што ў будучыні бачыць на месцы Бягомля горад-сад пад назвай Партызанск , але ж гэтыя словы не мелі спраўдзіцца, і Бягомль цяпер, як і ў былыя часы, носіць сваю гістарычную назву.

Асвета

Бягомльская сярэдняя агульнаадукацыйная школа

У Бягомлі размешчана сярэдняя агульнаадукацыйная школа (Установа асветы «Бягомльская дзяржаўная сярэдняя агульнаадукацыйная школа Докшыцкага раёна»), Бягомльская дзіцячая музычная школа, дзіцячы садок на 127 месцаў, а таксама школа-інтэрнат для дзяцей-сірот (Дзяржаўная ўстанова асветы «Бягомльская дапаможная школа-інтэрнат для дзяцей-сірот»).

Турызм

У 3 кіламетрах ад Бягомля знаходзіцца санаторый «Баравое», адпачынак у якім выбіраюць замест замежных вандровак як беларусы, так і грамадзяне памежных краін, у асноўным Расіі. Таксама ў 12 кіламетрах знаходзіцца дом паляўнічага «Бягомльскі», які прапаноўвае наведвальнікам (5 месцаў) і іншыя віды актыўнага адпачынку. У адным кіламетры ад Бягомля, каля аўтазаправачнай станцыі і СТА, ёсць гасцініца «101 кіламетр» для гасцей пасёлка, а таксама для турыстаў, якія падарожнічаюць па трасе М3. На месце збанкрутаванай і разбураемай зараз пякарні блізкім часам будзе пабудаваны гасцінічны комплекс са стаянкай для праезджых грузавых аўтамабіляў, а таксама зала з гульнявымі аўтаматамі і іншымі забаўкамі.

Славутасці

Фасад Бягомльскай царквы Усіх Святых

Вядомыя асобы

Галерэя

Гл. таксама

Зноскі

  1. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  3. 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  4. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  5. Шумейка, М. Ф. Бягомльскае патрыятычнае падполле // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Мн. : БелЭн, 1994. 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 158.

Літаратура

  • Бягомль // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. Мн.: БелЭн, 1995. — С. 139. — 800 с. 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.