Бутон | |
---|---|
індан. Buton | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 4 408 км² |
Насельніцтва | 447 408 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 101,5 чал./км² |
Размяшчэнне | |
5°00′ пд. ш. 122°51′ у. д. | |
Архіпелаг | Вялікія Зондскія астравы |
Акваторыя | мора Флорэс |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Бутон (індан.: Buton) — востраў у Інданезіі. Размешчаны на паўднёвы ўсход ад Сулавесі. Плошча - 4408 км². Насельніцтва (2010 г.) - 447 408 чал.
Геаграфія і прырода
Востраў Бутон месціцца на паўднёвым усходзе інданезійскай правінцыі Паўднёва-Усходні Сулавесі, аддзелены вузкімі пралівамі ад астравоў Сулавесі (7,2 км) і Муна (0,53 км). Даўжыня - 156,8 км, найбольшая шырыня - 54,8 км.
Сучасныя абрысы вострава сфарміраваліся ў выніку чатырох моцных тэктанічных зрухаў, якія пачаліся 201,3—208,5 млн гадоў таму. На Бутоне здабываюць высокаякасны прыродны асфальт. Значная частка вострава пакрыта дажджавымі лясамі, у якіх захаваліся аноа, дзікая свіння бабіруса, рэдкія віды паўзуноў. Узбярэжжа характэрызуецца наяўнасцю скал, пясчаных пляжаў і мангравых зараснікаў.
Гісторыя
У 2 тысячагоддзі да н. э. востраў Бутон быў населены старажытнымі аўстранезійцамі, прамымі нашчадкамі якіх з'яўляецца мясцовая народнасць бутонцы. Яе прадстаўнікі размаўляюць на трох асобных бутонскіх мовах. У XIV ст. на Бутоне склалася асобная дзяржава, якой кіравала дынастыя яванскага паходжання. У 1542 г. кіраўнікі Бутона прынялі іслам і тытул султанаў.
Некаторы час Бутон знаходзіўся ў залежнасці ад валадароў Малукскіх астравоў, аднак у XVII ст. вызваліўся з-пад апекі. У далейшым значны ўплыў на Бутонскі султанат аказвалі Нідэрланды. У 1667 г. султаны былі вымушаны падпісаць з галандцамі пагадненне аб саюзных адносінах.
У 1950 г. Бутон увайшоў у склад незалежнай Інданезіі. У 1960 г. быў вызвалены з пасады апошні бутонскі султан Мухамад Фаліхі.
Інфраструктура
Бутон — шчыльна населены востраў, аднак большасць насельніцтва сканцэнтравана на марскім узбярэжжы. Найбуйнейшым паселішчам з'яўляецца горад Бау-Бау (137 118 жыхароў у 2010 г.) на заходнім беразе, злучаны сталай паромнай пераправай з іншымі астравамі Інданезіі. Галоўныя заняткі насельніцтва — сельская гаспадарка, рыбалоўства, гандаль, здабыча прыроднага асфальту, рубка лесу. Развіццё турызму прызнана важным напрамкам далейшага эканамічнага развіцця, аднак пакуль яму перашкаджае дрэнна наладжаная сістэма ўнутраннага грамадскага транспарту.