Аграгарадок
Буркі
± |
Буркі́[1] (трансліт.: Burki, руск.: Бурки) — аграгарадок у Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр Буркоўскага сельсавета.
Геаграфія
Размяшчэнне
У 7 км на захад ад Брагіна, 24 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (на галінцы Васілевічы — Хойнікі ад лініі Калінкавічы — Гомель), 135 км ад Гомеля.
Транспартная сістэма
Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтадарозе Брагін — Хойнікі.
Планіроўка складаецца з 2 выгнутых вуліц, блізкіх да мерыдыянальнай арыентацыі і злучаных кароткай шыротнай вуліцай. Забудова драўлянымі хатамі, няшчыльная, сядзібнага тыпу.
Гісторыя
Выяўленыя ў XIX стагоддзі археалагічныя помнікі сведчаць пра дзейнасць чалавека ў гэтых месцах з даўняга часу. Паводле пісьмовых крыніц вядомая з XVI стагоддзя як сяліба ў Брагінскай воласці, у валоданні князя Вішнявецкага, а ў другой палове XVII стагоддзя — Канецпольскіх. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі. У 1850 годзе ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні. Паводле перапісу 1897 года размяшчаліся школа граматы, 2 ветракі, гамарня.
З 6 снежня 1926 года па 26 лістапада 1959 года цэнтр Буркоўскага сельсавета Брагінскага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай (да 26 ліпеня 1930 года) акруг, з 20 лютага 1938 года Палескай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай абласцей. У 1930 годзе працавала пачатковая школа. У 1931 годзе арганізаваны калгас «Чырвоная ніва», працавалі 2 ветракі, гамарня. Падчас Вялікай Айчыннай вайны на франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 143 жыхары, памяць пра іх увекавечвае абеліск, пастаўлены ў 1966 годзе ў скверы. Да 14 студзеня 1960 года вёска ўваходзіла ў склад Мікуліцкага сельсавета[2], пасля — у складзе Астраглядаўскага сельсавета. З 1987 года цэнтр Астраглядаўскага сельсавета, у калгасе «Чырвоная ніва». Размяшчаюцца сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, крама.
Насельніцтва
Колькасць
- 2004 год — 148 двароў, 398 жыхароў.
Дынаміка
- 1850 год — 31 двор, 316 жыхароў.
- 1897 год — 104 двары, 661 жыхар (паводле перапісу).
- 1908 год — 123 двары, 721 жыхар.
- 1930 год — 117 двароў.
- 1959 год — 864 жыхары (паводле перапісу).
- 1995 год — 162 двары, 499 жыхароў[3].
- 2004 год — 148 двароў, 398 жыхароў.
Вядомыя выхадцы
- Валянцін Мікалаевіч Шкурко (нар. у 1932) — філосаф, педагог, Заслужаны работнік вышэйшай школы[4].
- Васіль Адамавіч Шкурко (1919—1998) — юрыст, кандыдат юрыдычных навук, прафесар[4].
- Тамара Іванаўна Шкурко — Герой Сацыялістычнай Працы.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 14 студзеня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 2.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — С. 350. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- 1 2 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2004. — 632 с.: іл. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0303-9.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх