Булава — старадаўняя халодная зброя блізкага бою. Мела форму паліцы (даўжыня каля 0,5—0,6 м) з каменнай або металічнай галоўкай. Дзяржанне звычайна драўлянае з накладнымі металічнымі пласцінамі. Шырока выкарыстоўвалася ў краінах Старажытнага Усходу ў Сярэднявеччы, на Русі ў XIII—XVII стст.
У краінах Усходу, Заходняй Еўропы з XIII ст., y Рускай дзяржаве, Вялікім Княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай з XV ст., y запарожскіх казакоў y XVI—XVIII стст. — сімвал улады. Булаву аздаблялі каштоўнымі камянямі і металамі. У скарбніцы нясвіжскіх Радзівілаў y XVII ст. захоўвалася булава «гетманская, апраўленая золатам, бірузой і рубінамі».
На Беларусі, паводле археалагічных раскопак, вядомая з канца неаліту, y бронзавым веку булаву выраблялі з каменнай або касцяной галоўкай шарападобнай або чатырохраговай формы, з X—XI стст. — бронзавыя, свінцовыя і жалезныя булавы разнастайнай формы.
Таксама булавой называецца прылада для практыкаванняў y мастацкай гімнастыцы.
Літаратура
- Булава // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Булава // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Булава