Славутасць | |
Будынак Віцебскага жаночага епархіяльнага вучылішча | |
---|---|
![]() | |
55°11′24″ пн. ш. 30°12′39″ у. д. | |
Краіна |
![]() |
Горад | Віцебск |
Архітэктар | А. К. Паўлоўскі, П. А. Вінаградаў |
Дата пабудовы | 1902 год |
Статус |
![]() |
![]() |
|
![]() |
Будынак Полацкага жаночага епархіяльнага вучылішча — будынак у г. Віцебску. Помнік грамадзянскай архітэктуры пачатку XX стагоддзя. Помнік рэспубліканскага значэння.
Гісторыя
![](../I/Viciebsk%252C_Ducha%C5%ADskaja_hara%252C_Bazylanski._%D0%92%D1%96%D1%86%D0%B5%D0%B1%D1%81%D0%BA%252C_%D0%94%D1%83%D1%85%D0%B0%D1%9E%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D0%B3%D0%B0%D1%80%D0%B0%252C_%D0%91%D0%B0%D0%B7%D1%8B%D0%BB%D1%8F%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96_(1914).jpg.webp)
Будынак быў пабудаваны спецыяльна для вучылішча ў 1901—1902 гадах на Духаўскай набярэжнай (сучасная вул. Гогаля, 6).
Аўтар праекта галоўнага корпуса — грамадзянскі інжынер Паўлоўскі Аляксандр Кандратавіч, аўтар праекта дапаможных службаў — цывільны інжынер Вінаградаў Пётр Андрэевіч. Як сведчыць аналіз плана 1872 года, новы будынак вучылішча быў узведзены на падмурках старога манастырскага корпуса. З усяго архітэктурнага комплексу зберагліся толькі галоўны корпус вучылішча і гаспадарчы флігель. Галоўны корпус займае самае высокае месца на гары. Ён быў звязаны закрытай галерэяй з Духаўскай царквой (не захавалася). 3-павярховы з паўпадвальным паверхам будынак у плане Е-падобнай формы, галоўным фасадам выходзіць на вул. Гогаля.
Падчас Першай сусветнай вайны ў будынку вучылішча знаходзіўся ваенны шпіталь. У 1930-я гады ў будынку размяшчаўся штаб Віцебскай авіябрыгады.
У 1948 годзе ў Віцебскім філіяле інстытута «Белдзяржпраект» распрацаваны праект аднаўлення будынка былога вучылішча. Аўтары праекта Катакін і Жылка. Пры аднаўленні стылістыка фасадаў была захавана, часткова перамуравана фасадная сцяна левага крыла, знізу замураваны аконныя праёмы.
У 1970-я гады да асноўнага будынка была зроблена прыбудова, на месцы царквы Св. Духа пабудавана вежа з гадзіннікам.
У будынку размешчаны Віцебскі аблвыканкам.
Архітэктура
![](../I/%D0%9F%D0%BE%D0%BB%D0%BE%D1%86%D0%BA%D0%BE%D0%B5_%D0%B6%D0%B5%D0%BD%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B5_%D0%B4%D1%83%D1%85%D0%BE%D0%B2%D0%BD%D0%BE%D0%B5_%D1%83%D1%87%D0%B8%D0%BB%D0%B8%D1%89%D0%B5._%D0%9F%D0%BB%D0%B0%D0%BD_2_%D1%8D%D1%82%D0%B0%D0%B6%D0%B0.jpg.webp)
Мураваны трохпавярховы Е-падобны ў плане будынак. Галоўны фасад вылучаны цэнтральным рызалітам з балконам актавай залы на другім паверсе, які падтрымліваюць чатыры слупы. Сцены аздобленыя рустам, ліштвамі і завершаныя развітым прафіляваным карнізам. Афарбоўка фасадаў двухколерная.
Інтэр’ер
![](../I/%D0%9A%D0%BE%D1%80%D0%B8%D0%B4%D0%BE%D1%80_%D0%B7%D0%B4%D0%B0%D0%BD%D0%B8%D1%8F_%D0%B6%D0%B5%D0%BD%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE_%D0%B5%D0%BF%D0%B0%D1%80%D1%85%D0%B8%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D0%BE%D0%B3%D0%BE_%D1%83%D1%87%D0%B8%D0%BB%D0%B8%D1%89%D0%B0._1914_%D0%B3%D0%BE%D0%B4.jpg.webp)
Планіроўка галерэйная. У цэнтры былі парадны вестыбюль і трохмаршавая лесвіца, на першым і другім паверхах — класы, на трэцім — спальныя пакоі, у цокальным паверсе — сталовая і кухня.
Літаратура
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Будынак былога жаночага епархіяльнага вучылішча (Віцебск)
- Будынак былога жаночага епархіяльнага вучылішча (Віцебск) на сайце Radzima.org
- Будынак былога жаночага епархіяльнага вучылішча (Віцебск) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Артыкул пра вучылішча ў Віцебскай энцыклапедыі
- Будынак былога жаночага епархіяльнага вучылішча (Віцебск) на сайце «Архіварта»