Грамадзянскі будынак | |
Будынак былога дваранскага сходу | |
---|---|
53°54′25″ пн. ш. 30°20′21″ у. д. | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Магілёў |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000038 |
|
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Будынак былога дваранскага сходу[upper-alpha 1] — будынак другой паловы XIX стагоддзя ў цэнтры Магілёва. Знаходзіцца на рагу вуліц Першамайская (дом № 34) і Крыленкі. Помнік грамадзянскай архітэктуры з элементамі стылю мадэрн.
Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.
Гісторыя
Спачатку існавалі два мураваныя будынкі; трохпавярховы і двухпавярховы, якія пазней былі аб’яднаныя ў адзін Г-падобны корпус, а да двухпавярховага будынка дабудаваны трэці паверх. Падоўжаная частка аб’яднанага корпуса выходзіць на лінію забудовы вул. Першамайскай.
Пабудаваны ў другой палове XIX стагоддзя. У 1895 годзе дом належаў купцу Цэтліну, у ім размяшчаліся Дваранскі сход і бібліятэка.
З 1903 па 1909 гады домам валодае камандзір 4-га батальёна Ахалцыхскага палка, які стаяў у горадзе, падпалкоўнік Іван Якаўлевіч Цімошчанка. У зале на другім паверсе праходзілі пасяджэнні, сходы розных арганізацый, чыталіся лекцыі, адзначаліся святы і юбілеі. Штогод 1 студзеня а 2 гадзіне дня начальнік губерні віншаваў вышэйшых асоб горада і іх жонак з Новым годам. У будынку працаваў жаночы кружок, дзе займаліся вышываннем, вязаннем і да т.п.
У 1904 годзе магілёўскія дамы шылі бялізну для параненых на руска-японскай вайне салдат, праводзілі латарэі-алегры на карысць бедных. 5 і 6 снежня старшыня таварыства, жонка віцэ-губернатара Вольга Аляксандраўна Ладыжэнская стварыла «Кірмаш жаночых рукадзелляў».
У кастрычніку 1905 года ў будынку адкрыўся літаратурна-музычна-драматычны кружок, які працаваў да 1917 года. У яго ўваходзілі вядомыя музыканты і салісты Ю. Рэйдэр, С. Мігай, С. Дысман, Р. Пеўзнер, А. Боркус, С. Вяржбіцкі, Ю. Дрэйзін, Л. Болатнава, А. Казанская і іншыя. У 1912 годзе кружок аб’ядноўваў каля 300 чалавек. У яго склад уваходзілі сімфанічны аркестр і хор.
Пасля домам валодаў фельчар Неўх Давыдавіч Паўлавіцкі, уладальнік другога ў горадзе электратэатра (кіно) «Мадэрн». Неўзабаве ён набыў суседні двухпавярховы дом у купца Ханіна. У будынках адкрыў гасцініцу «Венецыя», рэстаран, бакалейную, фруктовую, галантарэйную крамы, абутковую майстэрню. У доме ў свой час жылі дырэктар Марыінскай жаночай гімназіі І. К. Міхалевіч, выкладчык малявання гэтай гімназіі мастак М. М. Рудакоў, урач Л. С. Каган, памочнік рэвізора кантрольнай палаты М. Ф. Сушчынскі і іншыя. У 1913—1914 гадах Паўлавіцкі зрабіў у адзіным стылі надбудову 3-га паверху на 10 пакояў, перабудаваў інтэр’ер, абставіў залу для чынавенскага клуба.
У чэрвені 1913 года малады віцэ-губернатар князь У. А. Друцкі-Сакалінскі, які выконваў абавязкі губернатара, атрымаў загад адправіць у адстаўку магілёўскага губернскага правадыра дваранства Ф. Я. Хамянтоўскага. Член Дзяржаўнага Савета ад Магілёўскага губернскага земства князь І. І. Друцкі-Сакалінскі запрасіў усіх гласных земскага сходу на кубак чаю ў рэстаран грамадскага збору, каб выступіць у абарону Ф. Я. Хамянтоўскага і адправіць пісьмо цару. Віцэ-губернатар забараніў гэты збор, падзея атрымала назву «Гісторыя пра тое, як князь Друцкі забараніў іншаму князю Друцкаму чай піць».
У 1913 годзе ў пасяджэнні 3-га чарговага Магілёўскага губернскага земскага сходу ў зале грамадскага сходу прыняў удзел паплечнік М. К. Рэрыха, будучы ўдзельнік Цэнтральна-азіяцкай экспедыцыі 1927—1928 гадоў, старшыня Горацкай павятовай управы, доктар К. М. Рабінін. На гэтым пасяджэнні старшыня Губернскай земскай управы В. А. Судзілоўскі зрабіў паведамленне аб паднясенні Яго імператарскай вялікасці Мікалаю II мадэлі храма-помніка, пабудаванага пры вёсцы Лясной, на месцы перамогі імператара Пятра I над шведамі.
У 1915 годзе ў доме размяшчаўся магілёўскі жаночы камітэт па нарыхтоўцы цёплых рэчаў для дзеючай арміі і па выдачы дапаможнікаў сем’ям салдатаў. Яго старшынёй была жонка начальніка губерні Яўгенія Мікалаеўна Пільц. У 1916 годзе дамы з камітэта арганізавалі на Вале латарэю. Першы прыз, маленькі вулей з сотамі і мёдам, выйграў спадчыннік прастола царэвіч Аляксей.
У 1918 годзе ў будынку тагачаснага грамадзянскага клуба знаходзіліся акцызнае ўпраўленне, гасцініца «Грамадзянская» і буфет. У тым жа годзе гэты клуб пераназваны ў Дом працы. Тут жа размяшчаўся і Чырвонаармейскі клуб.
Архітэктура
Галоўны фасад вылучаны дзвюма рызалітамі, дзе размешчаны ўваходы. Рызаліты завершаныя дэкаратыўнымі сцэнкамі з круглымі разеткамі. Першы паверх дэкарыраваны глыбокім рустам, члянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Другі і трэці паверхі ўпрыгожаныя пілястрамі, паўкалонкамі, дэкаратыўнымі ўстаўкамі з ляпным арнаментам. Дэталі дэкору пафарбаваныя ў белы колер і кантрастна вылучаюцца на зялёным фоне сцяны. Аконныя праёмы двух верхніх паверхаў лучковыя, у рызалітах балконы з металічнай агароджай. Падоўжаная частка мае калідорную сістэму планіроўкі: абапал двухбаковага калідора былі службовыя пакоі[1].
Мемарыяльныя дошкі
- Мемарыяльная дошка Міхаілу Калініну ўстаноўлена ў 1957 годзе. 13 чэрвеня 1919 года ў будынку клуба на ўрачыстым аб’яднаным пасяджэнні членаў павятовага і гарадскога Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, Савета прафсаюзаў, прадстаўнікоў ад фабрычна-заводскіх камітэтаў, праўленняў прафсаюзаў і чырвонаармейскіх часцей выступіў М. І. Калінін з заклікам да працоўных згуртоўваць сілы для разгрому ворага[1].
Заўвагі
- ↑ Нягледзячы на распаўсюджаную назву, у будынку ніколі не размяшчаўся Дваранскі сход. Ён займаў будынак на рагу Дняпроўскага праспекта і Дваранскай вуліцы, а пасля будынак па Вялікай Садовай вуліцы
Крыніцы
- 1 2 26. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
Літаратура
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- 26. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Будынак былога дваранскага сходу (Магілёў)
- Будынак былога дваранскага сходу (Магілёў) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Будынак былога дваранскага сходу (Магілёў) на сайце «Архіварта»