Славутасць | |
Будынак Рэспубліканскага Палаца піянераў і школьнікаў | |
---|---|
![]() | |
53°53′55″ пн. ш. 27°33′52″ у. д. | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Архітэктар | Аляксандр Пятровіч Воінаў, Уладзімір Мікалаевіч Вараксін, Любоў Дзмітрыеўна Усава і Эла Пятроўна Левіна |
Дата пабудовы | 1937 год |
Статус |
![]() |
![]() |
|
![]() |
Рэспубліканскі Палац піянераў і школьнікаў — комплекс будынкаў у Мінску, размешчаных на рагу вуліц Энгельса і вуліцай Кірава (№ 26, 24/16). Будынак прыклад творчага выкарыстання элементаў класіцыстычнай архітэктурнай спадчыны. Цяпер у будынку размяшчаецца Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача.
Гісторыя
![](../I/%D0%9F%D1%80%D0%B0%D0%B5%D0%BA%D1%82_%D0%BA%D0%BB%D1%83%D0%B1%D0%B0_%D0%B1%D1%83%D0%B4%D0%B0%D1%9E%D0%BD%D1%96%D0%BA%D0%BE%D1%9E_%D1%83_%D0%9C%D0%B5%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%83%252C_1932._%D0%92%D0%B0%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D1%8C%D0%BA%D0%BE%252C_%D0%92%D0%BE%D1%96%D0%BD%D0%B0%D1%9E%252C_%D0%9A%D1%80%D1%8B%D0%BB%D0%BE%D1%9E_%D1%96_%D0%93%D1%96%D0%BB%D1%8F%D1%80%D0%B0%D1%9E.jpg.webp)
Пабудаваны ў 1937 годзе (архітэктары А. Воінаў, У. Вараксін). Пры будаўніцтве выкарыстаны фундамент незакончанага клуба будаўнікоў (арх. І. Валадзько, А. Воінаў, А. Крылоў і М. Гіляраў[1]). Разбураны ў Вялікую Айчынную вайну.
Адноўлены ў 1947—1952 гады (архіт. А. Воінаў, Л. Усава, В. Кулін). На базе відовішчнай групы памяшканняў у 1956 годзе створаны Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача імя 50-годдзя камсамола Беларусі (вул. Энгельса, 26; архіт. А. Воінаў, Л. Усава).
У 1962 годзе прыбудаваны новы корпус па вуліцы Кірава (архітэктар Э. Левіна), у якім размешчаны спартыўная і актавая залы, памяшканні для гуртковай работы.
- Будаўніцтва палаца ў кастрычніку 1935
- Завяршэнне будаўніцтва ў ліпені 1936
- 1936
- 1938
У 2009—2015 гадах была праведзена рэканструкцыя будынка. У час рэканструкцыі побач з асноўным будынкам па лініі фасада ўзвялі чатырохпавярховую прыбудову (вул. Энгельса, 26 к 10), дзе размясціліся бутафорскі, сталярны, слясарны цэхі, швейныя майстэрскія, а таксама рабочыя кабінеты супрацоўнікаў і частка грымёрных пакояў. Ідэя была падказана пасляваенным праектам аднаўлення Палаца піянераў архітэктараў Воінава і Усавай, які прадугледжваў ўзвядзенне новага корпуса ўшчыльную да існага будынка, але не быў рэалізаваны[2].
Адрэстаўраваны барэльефы на фасадах і ў інтэр’ерах, роспіс столі на тэму дружбы народаў у вялікім фае (ёлачнай зале)[2].
Архітэктура
![](../I/%D0%9F%D0%BB%D0%B0%D0%BD_%D0%BF%D0%B5%D1%80%D1%88%D0%B0%D0%B3%D0%B0_%D0%BF%D0%B0%D0%B2%D0%B5%D1%80%D1%85%D0%B0_%D0%B1%D1%83%D0%B4%D1%8B%D0%BD%D0%BA%D0%B0_%D0%9F%D0%B0%D0%BB%D0%B0%D1%86%D0%B0_%D0%BF%D1%96%D1%8F%D0%BD%D0%B5%D1%80%D0%B0%D1%9E_%D1%96_%D1%88%D0%BA%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D1%96%D0%BA%D0%B0%D1%9E.jpg.webp)
![](../I/%D0%93%D0%BB%D0%B5%D0%B1%D0%B0%D1%9E._%D0%A0%D1%8D%D0%BB%D1%8C%D0%B5%D1%84%D1%8B_%D0%BD%D0%B0_%D0%BD%D0%B0_%D1%81%D1%8E%D0%B6%D1%8D%D1%82%D1%8B_%D0%BF%D1%96%D1%8F%D0%BD%D0%B5%D1%80%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B3%D0%B0_%D0%B6%D1%8B%D1%86%D1%86%D1%8F_%D1%9E_%D0%9F%D0%B0%D0%BB%D0%B0%D1%86%D1%8B_%D0%BF%D1%96%D1%8F%D0%BD%D0%B5%D1%80%D0%B0%D1%9E_%D1%96_%D1%88%D0%BA%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D1%96%D0%BA%D0%B0%D1%9E._1940_(01).jpg.webp)
Трохпавярховы будынак Палаца складаецца з двух прылеглых адзін да аднаго аб’ёмаў — відовішчнай і гурткова-клубнай груп памяшканняў, аб’яднаных вестыбюлем. Фасады апрацаваны пад шэры граніт, расчлянёны пілястрамі. У малюнак іх капітэляў была ўведзена піянерская сімволіка (афармленне зменена пры рэканструкцыі). Манументальны шасцікалонны порцік падкрэслівае галоўны ўваход. Закруглены і выступаючы вугал з вестыбюлем клубнай часткі завяршае аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю будынка.
Унутраная планіроўка заснавана на анфіладна-калідорнай сістэме. Галоўны вестыбюль быў аформлены скульптурным фрызам з шасцю гарэльефамі на сюжэты піянерскага жыцця (захаваліся толькі 2 фрагменты, якія перанесены на парапеты агароджы другога паверха). У аддзелцы інтэр’ера памяшканняў для работы гурткоў шырока выкарыстаны карнізы, разеткі і іншыя архітэктурна-дэкаратыўныя элементы. У афармленні залаў удзельнічалі скульптар А. Глебаў, мастакі І. Ахрэмчык, І. Давідовіч, У. Стальмашонак і інш.
![](../I/%D0%A2%D0%AE%D0%93._%D0%9F%D0%BB%D0%B0%D1%84%D0%BE%D0%BD_%C2%AB%D0%94%D1%80%D1%83%D0%B6%D0%B1%D0%B0_%D0%BD%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%B4%D0%B0%D1%9E%C2%BB.jpeg.webp)
На першым паверсе Палаца размясцілася ігратэка, гурток мяккай цацкі, класы харэаграфіі, скульптурны і харавы, бібліятэка, на другім — выставачная зала, музей гісторыі піянерскай арганізацыі, тэатр лялек, метадычны кабінет, гурток вязання і вышывання. Трэці паверх займаюць харэаграфічная зала, аркестровыя, адміністрацыйныя службы. Харэаграфічную залу ўпрыгожвае маляўнічы плафон на тэму «Дружба народаў» (1964 г., мастакі І. Ахрэмчык, І. Давідовіч; тэмпера). Паўсферычнае скляпенне, у ветразі якога ўпісаны 8 кампазіцый, адгароджана намаляванай балюстрадай. Гэты прыём звязвае ілюзорную прастору з рэальнай, стварае ўражанне глыбіні прасторы, «прарыву» скляпення. Каларыт роспісу цёплы з перавагай жоўтых, чырвоных, зялёных і блакітных таноў.
Зноскі
Літаратура
- 112. Рэспубліканскі Палац піянераў і школьнікаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Будынак Рэспубліканскага Палаца піянераў і школьнікаў