Бубен

Гучанне сучаснага бубна



Праблемы з праслухоўваннем? Дапамога.

Бу́бен, лакальная назва ручны барабан — беларускі народны ударны музычны інструмент класа мембранафонаў нявызначанай вышыні гучання.

Драўляны (часам металічны) абруч («бячайка», «рэшата»); абцягнуты з аднаго боку скурай (сабакі, цяляці, казляняці) — мембранай; у падоўжныя проразі абруча ўстаўлены штыфты з парамі рухомых круглых бляшак («талерачак», «ляскотак»); да пэўных відаў бубнаў пад скурай-мембранай накрыж падвязаны бразготкі (званочкі, шархуны). Гук узнікае пры патрэсванні бубна, ударах па мембране пальцамі, далонню, кулаком або драўлянай калатушкай, вібрыруючым трэнні вялікімі пальцам па скуры. Гучанне бубна вызначаецца разнастайнасцю гукавых, тэмбравых і дынамічных адценняў.

Гісторыя

Адзін з першых музычных інструментаў старажытнага чалавека, які ўяўляў выдзеўбанае паглыбленне ў кавалку дрэва, абцягнутае скурай, што ўтварала мембрану. На старажытных помніках Украіны і Польшчы археолагі знаходзяць гліняныя бубны, якія маглі быць у тагачасных жыхароў Беларусі[1]. Гліняныя бубны на тэрыторыі Польшчы мелі форму своеасаблівага келіха без дна з тоўстай ножкай. Памеры іх невялікія — да 20 см вышынёй. Звычайна на верхняй, большай частцы інстумента меліся налепленыя гліняныя гузы або вушкі, да якіх прывязвалася туга нацягнутая скураная мембрана[2]. Назва бубен сустракаецца ў гістарычных дакументах XI ст. ў сувязі з ваеннымі падзеямі ці выступленнямі скамарохаў, але дакладна невядома, які менавіта інструмент (уласна бубен, барабан або літаўры) яна абазначала. Сведчаннем таго, што бубен быў вядомы на Беларусі ў 15 ст., даследчыкі лічаць выяву скамароха з бубнам на фрэсцы касцёла Святой Тройцы ў Любліне работы «рускіх майстроў» (майстроў з Вялікага княства Літоўскага). У сучасным сялянскім побыце выкарыстоўваецца як ансамблевы рытмічна-каларыстычны інструмент пры выкананні танцаў і вясельных маршаў. Пашыраны на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Бубен, які ўжываўся ў паўднёва-еўрапейскай музыцы з часоў крыжовых паходаў і ў заходняй сімфанічнай і духавой музыцы з XIX ст., быў створаны на ўзор старажытнага ўдарнага інструмента, на якім на працягу тысячагоддзяў гралі на Блізкім Усходзе. Бубен падобнай канструкцыі, па якім б’юць калатушкай, выкарыстоўваецца ў якасці магічнай прылады сібірскіх і індзейскіх шаманаў.

Зноскі

  1. Мядзведзева, В. Старажытная музычная культура Беларусі (паводле археалагічных дадзеных) / Вольга Мядзведзева // Acta Archaeologica Albaruthenica. — 2013. — Vol. IX. — С. 150 — 159.
  2. Чарняўскі, М. З глыбінь тысячагоддзяў / Міхась Чарняўскі. — Мінск: Народная асвета, 1978. — 126 с.: іл. — С. 65. — (Школьнікам — аб гісторыі БССР).

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.