Брэсцкі абласны краязнаўчы музей | |
---|---|
Профіль | комплексны |
Заснаваны | 1945 |
Месцазнаходжанне | г. Брэст, вул. К. Маркса, 60, 224030 |
Памеры фонду | 161 900 |
Агульная плошча | 2140 |
Выставачная плошча | 1185,8 |
Плошча запаснікаў | 804,9 |
Дырэктар | Міцюкоў Аляксей Уладзіміравіч |
Адкрыты | 10.00–18.00, акрамя нядзелі і панядзелка |
brokm.by | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Брэсцкі абласны краязнаўчы музей — музей, заснаваны ў 1945 годзе ў горадзе Брэсце. Адкрыты для наведвальнікаў 22 ліпеня 1957 года. Зарэгістраваны 16.04.2001 г. як установа культуры з сучаснай назвай.
Гісторыя
Краязнаўчы музей у Брэсце адкрыўся вясной 1941 г., але ў Вялікую Айчынную вайну пад час гітлераўскай акупацыі ўсе яго экспанаты былі знішчаны. 27 сакавіка 1945 г. выканкам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных прыняў рашэнне аб стварэнні абласнога гістарычнага музея. 11 чэрвеня 1945 г. Савет Народных Камісараў БССР падтрымаў гэтую ініцыятыву пастановай «Аб аднаўленні абласных гісторыка-краязнаўчых музеяў у гарадах Гомелі, Бабруйску, Пінску і Брэсце». 30 жніўня 1945 г. Брэсцкі абласны камітэт КП(б)Б пастанавіў пачаць збор і вывучэнне матэрыялаў пра Вялікую Айчынную вайну на тэрыторыі вобласці. 14 верасня 1948 г. Брэсцкі гарвыканкам вырашыў перадаць пад музей будынак Крыжаўзвіжанскага касцёла (узведзены ў 1856 г.). Першая пастаянная экспазіцыя музея пачала дзейнічаць у 1957 г.
З 1990 года размяшчаецца ў будынку, узведзеным у пачатку XX стагоддзя, які быў пабудаваны для мясцовага купца Арона Фогеля. Будынак музея ўключаны ў зону гістарычнай планіроўкі і забудовы Брэста. Музеем кіравалі Н. П. Паўлоўская, І. В. Біруля, Н. М. Калашнікава, М. М. Слепакова, Т. А. Слесарук, Т. М. Новікава. З 2010 г. дырэктар А. У. Міцюкоў.
Фонды
Асноўны фонд музея і яго філіялаў (2008) налічвае 161 900 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 54 569 адзінак. Агульная экспазіцыйная плошча 510 м², выставачная — 248,8 м². На 1-м паверсе ў 4 залах размешчана экспазіцыя «Родная прырода», у якой прадстаўлены асноўныя тыпы раслін і жывёл, што насяляюць Брэсцкую вобласць.
Экспанаты 1-й залы характарызуюць фізіка-геаграфічныя асаблівасці Берасцейшчыны, карысныя выкапні і геалагічную гісторыю краю. Тут дэманструюцца акамянеласці мелавога перыяду мезазойскай эры — марскія вожыкі, губкі, ракавіны марскіх малюскаў, а таксама рэканструкцыя левай пярэдняй канечнасці маманта вышынёй 3,5 м. Прыродныя ландшафты Брэсцкай вобласці і асноўныя прадстаўнікі флоры і фаўны паказаны ў 4 дыярамах. Асаблівае месца ў экспазіцыі займае калекцыя насякомых (налічвае каля 500 прадстаўнікоў розных атрадаў). Другая зала прысвечана самаму вялікаму і старажытнаму лесу Еўропы — Белавежскай пушчы. Экалагічныя праблемы, пытанні аховы навакольнага асяроддзя раскрываюць экспанаты наступных залаў.
Філіялы
Музей мае 4 філіялы: археалагічны музей «Бярэсце», музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці», мастацкі музей, «Камянецкая вежа».
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Брэсцкі абласны краязнаўчы музей
- brokm.by — афіцыйны сайт Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея