Брэсцкая нізіна — геамарфалагічны раён Палескай нізіны ў заходняй частцы Брэсцкай вобласці.
Геаграфія
Брэсцкая нізіна ляжыць уздоўж ракі Мухавец і далей на правабярэжжы Заходняга Буга. Мяжуе з Высокаўскай і Пружанскай раўнінамі на поўначы, з Загароддзем і Нараўска-Ясельдзінскай нізінай на ўсходзе, Маларыцкай раўнінай і Верхняпрыпяцкай нізінай на поўдні. Выцягнутая ў шыротным кірунку на 110 км, шырыня да 40 км.
Геалогія
У тэктанічным дачыненні прымеркавана да восевай часткі Падляска-Брэсцкай упадзіны. На поўдні мяжа раёна супадае з Паўночна-Ратнаўскім разломам. Крышталічны падмурак (абсалютныя адзнакі ад −300 да −1500 м) перакрыты пародамі верхняга пратэразоя, палеазоя, мезазоя і кайназоя. Сярэдняя магутнасць чацвярцічных адкладаў 30-50 м, месцамі да 90-110 м.
Рэльеф
Пераважаюць абсалютныя вышыні 140—160 м. Найбольшыя адзнакі (164—168 м) знаходзяцца ў цэнтральнай частцы нізіны, мінімальныя (131—133 м) прымеркаваны дэ ўрэзу вады ў Заходнім Бугу.
Асноўныя рысы рэльефу Брэсцкай нізіны звязаныя з дзейнасцю дняпроўскага ледавіка і водна-ледавіковых патокаў сожскага зледзянення. Паводле асаблівасцей геамарфалагічнай будовы нізіна падзяляецца на два ўчасткі. Паўночны прымухавецкі ўчастак характарызуецца плоскімі водападзеламі, якія раздзелены паралельнымі слабаўвагнутымі шырокімі (1-4 км) лагчынамі працягласцю 15-25 км, з глыбінёй урэзу 5-10 м. Па затарфаваных днішчах лагчын распаўсюджаны галацэнавыя азёрныя адклады. Асноўныя даліны — пойменныя, выпрацаваныя, з невялікімі перападамі падоўжнага профілю.
Паўднёвы прыбугскі ўчастак — слабахвалістая затарфованая нізіна з адноснымі перавышэннямі 3-5 м, ускладненая дробнымі слабавыразнымі рачнымі далінамі з глыбінёй урэзу да 1,5 м, адзінкавымі карставымі азёрамі (Белае і інш.), выдмамі (да 200—300 метраў, вышыня да 3 м). Найбольш буйны масіў выцягнуты на 7 км.
Гідраграфія
Гідраграфічная сетка прадстаўлена далінамі Заходняга Буга з прытокамі Мухавец, Спанаўка, Серадовая рэчка і інш. Правыя прытокі Буга, якія бяруць пачатак з затарфаваных азёрападобных паніжэнняў, уяўляюць сабой выцягнутыя паралельна галоўнай рацэ адрэзкі старычных утварэнняў з выпрацаванымі поймамі.
Глебы і расліннасць
Пашыраны тарфяна-балотныя глебы. Пад лесам каля 25 % плошчы, распаўсюджаны нізінныя балоты. Пад раллёй каля 35 % тэрыторыі. Шмат плошчаў былой кар’ернай здабычы торфу, частка з іх рэкультывавана пад сенажаці і сажалкі.
Літаратура
- Нечипоренко Л. А. Брестская низина // Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра / Редкол. Т. В. Белова и др. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0472-3 (руск.)