Бра́нкавічы (сербск.: Бранковићи) — апошняя дынастыя кіраўнікоў Сербскай дэспатыі (1427—1459), якая атрымала ўладу ў краіне ў спадчыну ад Лазаравічаў. Некалькі прадстаўнікоў роду прылічаны Сербскай праваслаўнай царквой да ліку святых. З 1464 года на службе ў венгерскай кароны.
Родапачынальнік Младан у 1330-я гады быў ваяводам пры сербскіх царах Стэфане III Дзечанскім і Стэфане IV Душане. Брат Младана, жупан Мікалай, у 1329 годзе кіраваў на поўначы цяперашняй Албаніі. Сын Младана севастакратар Бранка Младанавіч кіраваў Охрыдам у якасці васала цара Ураша V.
Старэйшы сын Бранкі Мікалай Раданя (пам. 1399) ажаніўся з Аленай, сястрой сербскага караля Вукашына і дэспата Углешы. Пасля смерці жонкі і дзвюх дочак прыняў манаства з імем «Раман» у афонскім манастыры Хіландар (1365).
Сын Бранкі Вук Бранкавіч каля 1370 года стаў валадаром вобласці Косава. Вук быў зяцем князя Лазара і ўдзельнічаў у бітве на Косавым полі ў 1389 годзе. У 70-х гадах XIV стагоддзя Вук далучыў да свайго імя дынастычнае імя згаслага роду Няманічаў Стэфан і стаў называць сябе «господином ... северным странам, градовом и землям, Серблем и Греком и Подунаю», пры гэтым ён падпарадкоўваўся свайму цесцю князю Лазару. Каля 1396 года султан Баязід I выгнаў Вука з яго ўладанняў і той памёр у выгнанні 6 кастрычніка 1397 года.
У 1427-56 гг. Сербскай дэспатыяй на правах апошняга ўнука князя Лазара кіраваў Георгій Бранкавіч, спадчыннікам якога ў 1456-59 гг. стаў яго сын ад шлюбу з Ірынай Кантакузінай — Стэфан Бранкавіч, муж Ангеліны Араніці і швагер Скандэрбега. Малодшы брат Стэфана, Лазар Бранкавіч, узяў у жонкі старэйшую сястру Сафіі Палеалог; іх нашчадкі — старэйшыя сярод спадчыннікаў апошніх імператараў Візантыі. Іх дачка выйшла замуж за баснійскага караля Стэфана Тамашавіча. У 1459 годзе Смедараўская крэпасць пала пад ударамі асманскага султана; гэта падзея адзначыла канец кіравання Бранкавічаў і сярэдневяковай сербскай дзяржаўнасці.
Паводле адной з генеалагічных рэканструкцый, апошнімі ў родзе Бранкавіч былі ўнучкі Стэфана — Ганна і Марыя «Дэспатаўны», якія пасля турэцкага нашэсця знайшлі прытулак у Вялікім Княстве Літоўскам, дзе былі выдадзены замуж за праваслаўных князёў Фёдара Сангушку і Івана Вішнявецкага, адпаведна. Заўдавеўшы, сёстры ўступілі ў паўторныя шлюбы з князямі Мікалаем Збаражскім і Аляксандрам Чартарыйскім. Праз маці з роду Якшычаў яны даводзіліся стрыечнымі сёстрамі Ганне Глінскай — бабулі Івана Грознага.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бранкавічы
- Генеалагічныя табліцы Архівавана 3 мая 2007.