Беларусізацыя — шэраг мерапрыемстваў, які праводзіўся ў перыяд НЭПа і садзейнічаў нацыянальна-культурнаму будаўніцтву ў Беларусі.
Перадумовы
Лютаўская рэвалюцыя ў Расійскай імперыі прывяла да ўздыму беларускага нацыянальнага руху. Пытанні нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў Беларусі сталі яшчэ больш актыўна абмяркоўвацца ў Беларускай Народнай Рэспубліцы, у якой беларуская мова была абвешчана дзяржаўнай мовай.
БССР
Першыя крокі беларусізацыі былі зроблены пасля заканчэння ў Расіі грамадзянскай вайны. Пачынаецца перавод навучання ў школах пераважна на беларускую мову, ідзе арганізацыя школ для нацыянальных меншасцей на іх роднай мове. У гэтай рабоце ўдзельнічалі і некаторыя дзеячы беларускага нацыянальна-вызваленчага руху: Усевалад Ігнатоўскі, Зміцер Жылуновіч, Аляксандр Бурбіс і іншыя. Пад уплывам іх дзейнасці ажыццяўляецца беларусізацыя шэрагу рэспубліканскіх устаноў.
Выдавецтва «Савецкая Беларусь» выпускала газеты, часопісы, кнігі на беларускай мове і мовах нацыянальных меншасцей. Пачаў дзейнічаць Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр Уладзіслава Галубка. Ствараецца сістэма дашкольнага выхавання і школьнай адукацыі, прафесійных вучылішчаў і тэхнікумаў. У 1921 годзе адкрыты Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Быў заснаваны інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), шэраг бібліятэк. Пачалі працаваць Дзяржаўны музей і Цэнтральны архіў.
II сесія ЦВК БССР (15 ліпеня 1924 г.) паклала пачатак беларусізацыі як афіцыйнай дзяржаўнай палітыцы. Была створана спецыяльная камісія па яе правядзенні пад кіраўніцтвам Аляксандра Хацкевіча. Яна, сумесна з акруговымі камісіямі, абавязана была правесці шырокі комплекс мерапрыемстваў:
- перавод рэспубліканскіх устаноў і часцей Чырвонай Арміі на беларускую мову;[1]
- вылучэнне беларусаў на партыйную, савецкую, прафсаюзную работу;
- арганізацыя работы навучальных устаноў на беларускай мове, развіццё беларускай літаратуры і гэтак далей. Пераход устаноў і арганізацый на беларускую мову планавалася ажыццявіць на працягу 1-3 гадоў.
У 1924—1925 гадах праводзілася работа па тлумачэнні сутнасці беларусізацыі. На розных мовах выдавалася спецыяльная літаратура, выступалі агітатары і прапагандысты. Ва ўстановах і арганізацыях вывучалася беларуская мова, ажыццяўляўся перавод на яе справаводства. У 1927 годзе беларускай мовай валодалі 80 % службоўцаў.
На адказную работу вылучалі не толькі беларусаў, але і часткова тых, хто вывучыў беларускую мову і добра ведаў мясцовыя ўмовы. Напрыклад, да 1927 года сярод кіраўнікоў акруг і раёнаў беларусаў было 48 %. Высокім узроўнем прафесіяналізму дзяржаўнага дзеяча вызначаліся палітыкі рэспубліканскага рангу, такія як Старшыня ЦВК БССР Аляксандр Чарвякоў, Старшыня СНК БССР Язэп Адамовіч і іншыя.
Паспяхова праходзіла беларусізацыя навучальных устаноў. Да 1928 года 80 % школ было пераведзена на беларускую мову навучання. Вывучаюцца гісторыя, эканоміка і геаграфія БССР. Дзейнічалі курсы беларусазнаўства, якія рыхтавалі настаўнікаў і лектараў. Беларускую мову неслі ў масы беларускія пісьменнікі Уладзімір Дубоўка, Міхась Чарот, Кузьма Чорны і іншыя.
Мастацкія творы 1920-х гадоў сведчаць аб зменах, якія адбываліся ў грамадстве. Паэма Якуба Коласа «Новая зямля» дала цэласнае ўяўленне аб спадзяваннях беларускага сялянства, яго духоўным патэнцыяле. У рамане Кандрата Крапівы «Мядзведзічы» і іншых творах паказаны жыццё, праца, мары звычайных працаўнікоў таго часу. Развіваецца краязнаўства. На сярэдзіну 1920-х гадоў у БССР дзейнічала 240 краязнаўчых арганізацый. Краязнаўцы выступалі з дакладамі, выдавалі рукапісныя зборнікі, збіралі фальклорныя творы.
У ходзе беларусізацыі развівалася новая галіна ў навуцы — беларусазнаўства.
Беларусізацыя прадугледжвала культурнае развіццё іншых нацыянальнасцей, якія жылі ў рэспубліцы. Былі створаны нацыянальныя саветы ў месцах іх кампактнага пражывання. Выкладанне ў школах вялося на 8 нацыянальных мовах. Нацыянальна-культурнае будаўніцтва ў 1920-я гады ажыццяўлялася ў сутычках розных сіл. Адны спрабавалі прыпыніць беларусізацыю, другія — фарсіраваць. Пытанні барацьбы з шавінізмам і нацыяналізмам абмяркоўваліся на з’ездах КП(б)Б і Пленумах ЦК. У 1920-я гады партыйныя органы спрабуюць адыгрываць вядучую ролю ў правядзенні беларусізацыі, пачынаюць цягнуць навуку пад свой кантроль, руйнаваць яе нацыянальныя формы. Гэта асабліва праявілася ў адносінах да Інбелкульта, які страціў сваё першапачатковае прызначэнне.
Але нягледзячы на цяжкасці, плённа працавалі на ніве беларускага адраджэння паэт, празаік Цішка Гартны; пісьменнік Максім Гарэцкі; гісторыкі Вацлаў Ластоўскі, Усевалад Ігнатоўскі, Уладзімір Пічэта; жывапісец і графік Міхаіл Філіповіч; стваральнік першага беларускага кінафільма «Лясная быль» Юрый Тарыч; аўтар п’есы на беларускай мове «Машэка» Еўсцігней Міровіч; кампазітар, аўтар Дзяржаўнага гімна БССР Нестар Сакалоўскі і іншыя.
Вялікую ролю ў ажыццяўленні беларусізацыі адыгралі беларусы з заходнебеларускіх зямель, якія прыеязжалі ў БССР, гнаныя, з аднаго боку, антыбеларускай палітыкай Польшчы, а з другога — натхнёныя верай у адраджэнне беларускага нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў тагачаснай БССР.
Да 1928 года беларусізацыя дасягнула значных поспехаў. Яна палегчыла барацьбу з непісьменнасцю, садзейнічала ажыццяўленню асветніцкай работы, стварыла перадумовы для разгортвання нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў БССР. За адносна кароткі час беларусізацыі адбыліся значныя зрухі: дзякуючы беларусіфікацыйным мерам (разам з камерцыйнымі іншымі сацыяльна-эканамічнымі працэсамі) у школе, установах культуры, прэсе і г. д. і наплыву беларускага насельніцтва з вёскі, гарады БССР пачалі набіраць беларускі дух.
Беларусізацыя датычылася толькі ідэалагічна карысных сфер. Таму ініцыятыва часткі беларускіх кзяндзоў па беларусізацыі касцёла сустрэла пэўнае спачуванне ўладаў, але падрымкі не атрымала. У канцы 1920-х — пачатку 1930-х гадоў ксяндзы-рэфарматары (Карл Лупіновіч і іншыя) былі арыштаваныя.
Смаленшчына
У 1920—1930-я гады гэты працэс ахапіў і некаторую частку беларускіх зямель Смаленшчыны. У гэты час значная частка тутэйшага насельніцтва яшчэ належала да беларускамоўнай меншасці. У першыя гады савецкай улады актыўна выкарыстоўваліся мовы нацыянальных меншасцей для развіцця адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі і літаратуры. Гэта дазволіла бальшавікам умацаваць уладу ў краіне ў час пасля грамадзянскай вайны[2].
Беларусізацыя на Смаленшчыне таксама праводзілася «зверху», згодна з указаннямі партыйных органаў, але ў параўнанні з БССР мела шэраг асаблівасцей:
1. ніколі не ахоплівала ўсіх беларусаў у Смаленскай і Заходняй абласцях;
2. асноўнай формай была арганізацыя беларускіх школ. Для такіх навучальных устаноў існавалі адмыслоыя падручнікі і праграмы. У 1926—1927 гг. у Мінску былі праведзены курсы перападрыхтоўкі для 40 настаўнікаў са Смаленшчыны[3];
3. вельмі часта мела фармальны характар;
4. была канчаткова згорнута ў 1934—1938 г. разам з ліквідацыяй беларускіх устаноў асветы[4];
В 1920-е и начале 1930-х годов в Руднянской волости действовали 12 белорусских школ. В городе Рудне работал белорусский педагогический техникум...преподавание на языках национальных меньшинств в школах постепенно свернули. Дело доходило до того, что учителя сдирали обложки с текстами на белорусском языке с тетрадей учащихся. Сами педагоги едва ли проявляли подобную инициативу. 1938 год явился знаковым, когда советская власть перестала канителиться с учащимися других национальностей пераклад і адаптацыя тэксту паводле нормаў сучаснай мовы
У 1920-я і ў пачатку 1930-х гадоў у Руднянскай воласці дзейнічалі 12 беларускіх школ. У горадзе Рудні працаваў беларускі педагагічны тэхнікум...выкладанне на мовах нацыянальных меншасцяў паступова згарнулі. Справа даходзіла да таго, што настаўнікі здзіралі вокладкі з тэкстамі на беларускай мове з сшыткаў вучняў. Самі педагогі наўрад ці праяўлялі гэткую ініцыятыву. 1938 стаў знакавым, калі савецкая ўлада перастала ваджацца з вучнямі іншых нацыянальнасцяў. |
5. падтрымлівалася абмежаванай групай інтэлектуалаў і не карысталася значнай падтрымкай насельніцтва[5].
Отношение националов к русскому языку хорошее. Что касается отношения к родному языку, у отдельных национальностей оно различно. Например латыши очень охотно посылают своих детей в латышские школы. Всячески подчёркивают принадлежность свою к латышской национальности...Белорусское население, в большинстве своём, относится индифферентно. Бывают случаи активного противодействия организации школ на родном языке. пераклад і адаптацыя тэксту паводле нормаў сучаснай мовы
Стасунак нацыялаў да рускай мовы добры. Што датычыцца стасунку да роднай мовы, у асобных нацыянальнасцей яно рознае. Напрыклад латышы вельмі ахвотна пасылаюць дзяцей у латышскія школы. Усяляк падкрэсліваюць сваю прыналежнасць да латышскай нацыянальнасці...Беларускае насельніцтва, у сваёй большасці, адносіцца індэфірэнтна. Бываюць выпадкі актыўнага супрацьдзеяння арганізацыі школ на роднай мове. |
<noinclude>
Беларусізацыя ў гэтай частцы беларускага этнічнага абшару мела такі цікавы аспект, як дзейнасць Беларускага студэнцкага зямляцтва ў Смаленску, Беларускай секцыі пры Смаленскім губернскім аддзеле народнай асветы, Смаленскага таварыства краязнаўства[6].
Згортванне
У другой палове 1920-х поспехі ў ажыццяўленні палітыкі беларусізацыі пачалі разглядацца як умацаванне і пашырэнне беларускага нацыяналізму. Так, на ХІ з'ездзе КП(б)Б (лістапад 1927) заяўлялася, што неабходна пашыраць беларусізацыю і той жа час весці рашучую барацьбу з нацыянал-дэмакратызмам, які ў мінулым быў прагрэсіўнай з'явай, але ва ўмовах дыктатуры пралетарыяту набыў контррэвалюцыйны характар.
У маі 1929 года ЦК ВКП(б) накіраваў у БССР камісію, якая 27 чэрвеня 1929 года зрабіла крытычны даклад на адрас беларускай творчай інтэлігенцыі, таксама ў ім нэгатыўна ацэньвалася дзейнасць кіраўнікоў рэспублікі. Даклад камісіі быў накіраваны ў ЦК і ЦКК ВКП(б) і асабіста І. Сталіну.
Апагеем барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам стала сфабрыкаваная прысланым з Масквы старшынёй ДПУ БССР Р. Рапапортам справа г.зв. «Саюза вызвалення Беларусі» па якой увясну-ўлетку 1930 года былі арыштаваныя больш за 110 дзеячаў навукі і культуры Беларусі, у 1931 годзе многія з іх былі асуджаныя ў выніку закрытых судовых працэсаў. З гэтага часу пачалася палітыка абмежавання мовы тытульнай нацыі Беларусі, працягам якой стала рэформа беларускага правапісу 1933 года, якая штучна наблізіла беларускую мову да расійскай.
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Праўрацкі В. «Беларуская вайсковая акруга ў міжваенны перыяд (1921—1939). Спробы беларусізацыі.»
- ↑ Судьбы национальных меньшинств на Смоленщине 1918—1938 гг. Документы и материалы. Смоленск, 1994. С. 6.
- ↑ Яновіч С. Аб перападрыхтоўцы настаўнікаў беларускіх школ у Смаленшчыне // Педагагічны зборнік № 1. [Масква], 1929. С. 84-86.
- ↑ Веб-сайт Кочаненкова С. С. Очерки по истории родных мест. Жизнь смоленской деревни. Деревня в 20-е годы., 3 ліпеня, 2011 г.
- ↑ Корсак А. Беларускія школы на Смаленшчыне // Беларускі гістарычны часопіс, 1998, № 3. С. 56.
- ↑ Беррашэд Ф. Беларускі культурна-асветніцкі рух на Смаленшчыне (1920-30-я гг.) // Романовские чтения-7: сб. статей международной науч. конференции. Могилёв: УО "МГУ им. А. А. Кулешова", 2011. С. 114 - 116; Васілеўскі Ю. Беларускае студэнцкае зямляцтва ў Смаленску // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1. Мн.: БелЭН, 1993, С. 358 - 359.
Літаратура
- Гісторыя Беларусі. У 6 Т. Т.5. Беларусь у 1917-1945 гг. Мн.: "Экаперсперспектыва", 2006, С. 216-225.
- Протько Т. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917-1941 гг.). Мн.: "Тесей", 2002, С. 310-338
- Касцюк М. Беларусізацыя як форма нацыянальнай палітыкі // Полымя. — 2012. — № 5. — С. 123-132.