Карабахскі канфлікт з’яўляецца шматгадовым супрацьстаяннем паміж Арменіяй і непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікай з аднаго боку, і Азербайджанам з другога. Каменем перапоны выступае Нагорны Карабах. У гэтым пытанні Рэспубліка Беларусь выступае выключна за мірнае ўрэгуляванне, але пры гэтым прызнае спрэчны рэгіён за азербайджанцамі. Урад краіны імкнецца балансаваць паміж варагуючымі бакамі.
Палітыка-дыпламатычны бок
Афіцыйная пазіцыя ўрада
Ва знешняй палітыцы Беларусь традыцыйна выступае за мірнае ўрэгуляванне любых канфліктаў палітыка-дыпламатычнымі сродкамі. Гэта ж тычыцца і армяна-азербайджанскага супрацьстаяння[1].
З 1992-га Рэспубліка Беларусь з’яўляецца членам Мінскай групы АБСЕ, адзінай актыўнай перамоўнай пляцоўкай па праблеме Нагорнага Карабаха[2].
У лістападзе 2009 года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка досыць нечакана выступіў з шэрагам заяваў па пытанні Карабахскага крызісу, падкрэсліваючы зацікаўленасць сваёй краіны ўдзельнічаць у вырашэнні і іншых канфліктаў на постсавецкай прасторы[2].
У красавіку 2016 года на фоне чарговага абвастрэння ў рэгіёне прэс-сакратар МЗС РБ Дзмітрый Мірончык заявіў[3]:
Ключавая пазіцыя, з якой зыходзіць беларускі бок, — гэта выразны заклік устрымлівацца ад прымянення сілы або пагрозы сілай у міжнародных адносінах, як гэта адлюстравана ў Статуце ААН і іншых аўтарытэтных міжнародна-прававых дакументах. Мы ўпэўнены, што праблема Нагорнага Карабаха можа быць вырашана выключна мірным шляхам і толькі ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права. |
У гэты ж час кіраўнік дзяржавы даў даручэнні міністру абароны Андрэю Раўкову і міністру замежных спраў Уладзіміру Макею правесці кансультацыі з іх армянскімі і азербайджанскімі калегамі. Больш за тое, прэзідэнт Беларусі правёў тэлефонныя перамовы з лідарам Азербайджана Ільхамам Аліевым і лідарам Арменіі Сержам Саргсянам[2].
Сваю пазіцыю дзяржава захавала і пры Другой Карабахскай вайне 2020 года[4],і пры сутыкненнях 2023 года[5]. Пасля падзення НКР афіцыйны Мінск быў наглядальнікам за працэсам разбраення нагорна-карабахскіх фарміраванняў: 23 верасня 2023 года ваенны аташэ Беларусі ў Азербайджане разам з калегамі з іншых краін прыбыў у Сцепанакерт, каб азнаёміцца са становішчам[6].
Адносіны з удзельнікамі канфлікту
Дзяржава падтрымлівае цеснае палітычнае і эканамічнае супрацоўніцтва з абодвума бакамі канфлікту, балансуючы паміж пазіцыямі Арменіі і Азербайджана. Нягледзячы на вялікую для Беларусі эканамічную значнасць Азербайджана (як з пункту гледжання тавараабароту, так і з пункту гледжання сальда гандлёвага балансу), афіцыйны Мінск змог наладзіць цесныя адносіны з часткай армянскай палітычнай і дзелавой эліты, у прыватнасці, з бізнесменам і палітыкам Гагікам Царукянам. Аднак з Арменіяй паўсталі некаторыя складанасці. Так, напрыклад, у красавіку 2016 года МЗС краіны запрасіў беларускага пасла ў Ерэване для тлумачэнняў заявы дыпламатаў Беларусі аб падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасці Азербайджана. Армянскі бок падкрэсліў глыбокае здзіўленне пазіцыяй сваіх партнёраў[2].
Значэнне падзей для Беларусі
Палітолаг Юрый Шаўцоў заяўляў, што мінскі працэс па Карабаху стаў важным этапам у гісторыі беларускай знешняй палітыкі, бо дзяржава ўпершыню паспрабавала сябе ў якасці міратворца[7].
Як адзначалася ў артыкуле «Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь і армяна-азербайджанскі канфлікт» за аўтарствам Дыяны Шыбкоўскай, аднаго з удзельнікаў рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі маладых аналітыкаў «Позва-2015» (праведзенай у верасні 2013), Паўднёвы Каўказ і Закаўказзе для Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца звышважнымі ў эканамічным і палітычным плане. Падзеі тут могуць мець наступствы, якія выходзяць далёка за межы рэгіёну, і закранаць таксама беларускую бяспеку. Спецыфічнае геаграфічнае становішча робіць Каўказ перманентна патэнцыйнай зонай шырокага геапалітычнага канфлікту. Па гэтай прычыне для Беларусі неабходна стабільнасць і парадак у рэгіёне[1].
Кандыдат палітычных навук Аляксандр Філіпаў звязваў неабходнасць міру на Каўказе з палітыкай Лукашэнкі па ператварэнні краіны ў свайго роду рэгіянальную Швейцарыю, у надзейную пляцоўку для вырашэння рэгіянальных і нават глабальных праблем. Эксперт таксама спасылаўся на «чуткі ў беларускім істэблішменце», паводле якіх галоўнай прычынай міратворчых ініцыятыў прэзідэнта стала ўзнагароджанне амерыканскага лідара Барака Абамы Нобелеўскай прэміяй міру. Нібыта кіраўнік беларускай дзяржавы даў адпаведныя ўказанні Міністэрству замежных спраў забяспечыць яго ўзнагароджанне аналагічнай прэміяй[2].
Ваенны бок
Пастаўкі ўзбраенняў Азербайджану
З 2000-х гадоў Рэспубліка Беларусь актыўна пастаўляе ваенную прадукцыю Узброеным сілам Азербайджана, частка з якой была ўжыта ў ходзе канфлікту ў Карабаху. У іх ліку за 2005—2020 гг. маюцца 131 адз. Т-72, 11 адз. 2С7 «Піён», 120 адз. Д-30, 2 адз. Т38 «Стылет», каля 10 адз. В-200 «Паланэз», некаторы лік «Навальніца-С» і «Навальніца-6», СТРК «Скіф» і 11 адз. Су-25.
У 2018-м ключавыя пастаўкі ў Азербайджан беларускай вайсковай прадукцыі на 195 млн. $ былі ў жніўні—верасні, у 2019 годзе на 100 млн. $ — у лістападзе—снежні[8].
У лістападзе 2018 года прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Арменіі Ганна Нагдалян пракаментавала пастаўкі ўзбраенняў Азербайджану так[9]:
Мы неаднаразова адзначалі, што не можам ставіцца да продажу зброі Азербайджану як да выключна дзелавой здзелцы. Гэта зброя, якая адымае жыцця нашых суайчыннікаў, нашых салдат, грамадзянскага насельніцтва. Гонка ўзбраенняў у нашым рэгіёне вельмі небяспечна. Што тычыцца продажу ўзбраенняў Азербайджану з боку Беларусі, то гэта разам з вышэйпералічанай заклапочанасцю таксама ставіць пад сумнеў усю логіку калектыўнай бяспекі, кідае выклік усёй логіцы супрацоўніцтва ў рамках АДКБ і непасрэдным чынам наносіць шкоду эфектыўнасці і аўтарытэту Арганізацыі. |
Паводле заявы прэзідэнта непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі Араіка Аруцюняна, падчас Другой Карабахскай вайны ў кастрычніку 2020 года Азербайджан абстраляў горад Сцепанакерт рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню беларускай вытворчасці «Паланэз»[10].
У пачатку лістапада таго ж года азербайджанцы пры дапамозе беларускага комплексу РЭБ «Навальніца-С» знішчылі адзін армянскі беспілотнік у Тавузскім раёне. Дзякуючы комплексам «Навальніца-6» былі паспяхова падушаны сродкі СПА Нагорнага Карабаха і Арменіі, уключаючы зенітныя ракетныя комплексы «Аса», «Тор» і С-300[11].
Перспектыва ўдзелу УС РБ
У сувязі з тым, што Беларусь і Арменія з’яўляюцца членамі АДКБ, выказваліся меркаванні аб магчымасці адпраўкі беларускіх войскаў у зону баявых дзеянняў.
Фармальна арганізацыя да канфлікту дачынення не мае, паколькі НКР — гэта азербайджанская тэрыторыя і непрызнаная рэспубліка, якая не ўваходзіць у АДКБ. Згодна з рэзалюцыяй 3314 Генасамблеі ААН, дзейнасць Арменіі ў Карабаху разглядаецца як агрэсія супраць Азербайджана. Дзяржавы-ўдзельніцы АДКБ абавязваюцца вырашаць усе рознагалоссі з іншымі краінамі мірнымі сродкамі, і ў такім выпадку падтрымка армянскай арміі з боку арганізацыі — гэта падтрымка агрэсіі, што не адпавядае мэтам Дагавора аб калектыўнай бяспецы[8].
Праблема абвастрылася пасля ўступлення Арменіі ў Еўразійскі эканамічны саюз. Адсутнасць агульнай мяжы паміж Арменіяй і іншымі членамі ЕАЭС, паводле палітолага Аляксандра Філіпава, не спрыяла эканамічнай інтэграцыі і выклікала сур’ёзную занепакоенасць у беларускіх уладаў. Акрамя таго, існавалі асцярогі, што армянскі бок паспрабуе заручыцца ваенна-палітычнай падтрымкай Расіі, у тым ліку і па лініі ЕАЭС. Дадзеныя памкненні супярэчылі інтарэсам Беларусі, якая хацела б захаваць выключна эканамічны характар арганізацыі. Урад разумеў, што Расія і Арменія могуць выкарыстоўваць канфлікт як аргумент для ўзмацнення ролі АДКБ і/або больш цеснай інтэграцыі ў рамках ЕАЭС[2].
У ліпені 2020 года адбыліся сутычкі непасрэдна на мяжы дзвюх дзяржаў. Тым не менш АДКБ не распачала значных мер, толькі выказала сур’ёзную заклапочанасць, падкрэсліла неабходнасць неадкладнага спынення агню ў зоне сваёй адказнасці. У адпаведнасці са Статутам Арганізацыі пры абароне на калектыўнай аснове тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржаў-членаў прыярытэт аддаецца палітычным сродкам[8].
Аднак, як адзначаў ваенны аналітык Ягор Лебядок, беларускія УС маглі б патрапіць у зону канфлікту ў рамках АДКБ як міратворцы, пры наяўнасці мандата ААН[8].
Гуманітарны бок
У канцы 2020 года лідар Азербайджана Ільхам Аліеў заклікаў сяброўскія краіны постсавецкай прасторы далучыцца да аднаўлення адбітых у армян тэрыторый пасля Другой Карабахскай вайны. У красавіку 2021-га па выніках перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам ён заявіў, што спадзяецца на ўдзел беларускіх кампаній у аднаўленчых работах. Як сказаў палітык:
Мы ведаем вопыт беларускіх кампаній па стварэнні аграпрамысловых комплексаў. Таму ў плане аднаўлення вызваленых тэрыторый гэтая тэма займае асаблівае месца.<..> Мы будзем прыцягваць да работ па аднаўленні тэрыторый толькі кампаніі з дружалюбных краін. І Беларусь з’яўляецца такой. Ужо кампаніі з трох дружалюбных краін працуюць у праектах па аднаўленні Карабаха. Спадзяемся, што чацвёртай краінай будзе Беларусь. |
У сваю чаргу Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць ствараць разам прадпрыемствы, асабліва на тэрыторыях, якія адбілі падчас баявых дзеянняў 2020 года. Як адзначыў Міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Руслан Пархамовіч, менавіта сельская гаспадарка найбольш моцна зацікавіла азербайджанскіх калегаў. Па падабенству беларускіх аграгарадкоў плануецца забудова Нагорнага Карабаха. Гаворка ідзе ў цэлым аб аднаўленні ўсёй інфраструктуры, дзе прадугледжваецца як жылая забудова, так і сацыяльныя аб’екты. Таксама ішла гаворка аб аднаўленні гідраэлектрастанцый[12].
Зноскі
- 1 2 Диана Шибковская. Внешняя политика Республики Беларусь и армяно-азербайджанский конфликт Архівавана 8 жніўня 2022. // Миасин : интернет-газета. — 21 января 2014.
- 1 2 3 4 5 6 Александр Филиппов. Какие угрозы несут столкновения в Нагорном Карабахе для Беларуси? // Thinktanks.by : сайт белорусских исследований. — 11 апреля 2016.
- ↑ Вадим Шундалов. В МИД пояснили позицию Беларуси по Нагорно-Карабахскому конфликту // СБ. Беларусь сегодня : газета. — 4 апреля 2016.
- ↑ МИД Беларуси призвал прекратить боевые действия в Нагорном Карабахе
- ↑ На «эскалацию обстановки» в Нагорном Карабахе отреагировали в МИД Беларуси
- ↑ Ваенны аташэ Беларусі прыбыў у Нагорны Карабах
- ↑ Юлия Демешко. Проблему Нагорного Карабаха помогут решить взгляд со стороны и предложения Президента Беларуси // СБ. Беларусь сегодня : газета. — 2 ноября 2022.
- 1 2 3 4 Егор Лебедок. На чьей стороне Беларусь в карабахском конфликте? Архівавана 26 лютага 2021. // Thinktanks.by : сайт белорусских исследований. — 12 октября 2020.
- ↑ МИД Армении: Мы не можем относиться к продаже оружия Азербайджану как к исключительно деловой сделке // Салідарнасць : газета. — 23 ноября 2018.
- ↑ "Степанакерт обстреливают «Полонезы» и «Смерчи»". Регнум. 4 октября 2020. Архівавана з арыгінала 2020-10-08. Праверана 2020-10-05.
{{cite news}}
: Праверце значэнне даты ў:|date=
(даведка) - ↑ Азербайджан белорусскими «Грозами» глушил армянскую ПВО — видео // EADaily, 23 ноября 2020
- ↑ Какую роль сыграет Беларусь в восстановлении Нагорного Карабаха? Итоги встречи Лукашенко и Алиева // ОНТ : телеканал. — 18 апреля 2021.
Літаратура
- Диана Шибковская. Внешняя политика Республики Беларусь и армяно-азербайджанский конфликт Архівавана 8 жніўня 2022. // Миасин : интернет-газета. — 21 января 2014.
- Александр Филиппов. Какие угрозы несут столкновения в Нагорном Карабахе для Беларуси? // Thinktanks.by : сайт белорусских исследований. — 11 апреля 2016.
- Егор Лебедок. На чьей стороне Беларусь в карабахском конфликте? Архівавана 26 лютага 2021. // Thinktanks.by : сайт белорусских исследований. — 12 октября 2020.