Беларусы ў Сіднеі, паводле агульнай думкі, былі найбуйнейшай беларускай супольнасцю ў Аўстраліі. Яны тут з’яўляюцца ў сярэдзіне 1948 года. У 1950 годзе беларусы Сіднея арганізацыйна аформіліся[1].

Пачатак

З самага пачатку былі вызначаныя два кірункі дзейнасці: наладжванне беларускага культурнага жыцця і сацыяльнай дапамогі і стварэнне арганізацыі, якая б бараніла цікавасці беларусаў[1].

7 студзеня 1950 года быў заснаваны Беларускі Клуб у Сіднеі.

28 студзеня 1950 года было створанае апалітычнае Беларускае Аб’яднанне ў Новай Паўднёвай Валіі (БАНПВ), якое афіцыйна аформілася на з’ездзе 25 сакавіка 1950 года, на якім таксама абралі кіраўніцтва на чале з Уладзімірам Клуніцкім. Арганізацыя задумвалася як агульнааўстралійская, ейная галоўная ўправа знаходзілася ў Сіднеі. У кастрычніку 1950 года яна стала Беларускім Аб’яднаннем ў Аўстраліі (БАА)[1]. У сакавіку выйшаў першы нумар органа Аб’яднання «Новае Жыцьцё», які рэдагаваў таксама Уладзімір Клуніцкі[2].

Падзел

21 студзеня 1951 года на паседжанні акруговай арганізацыі Беларускага Аб’яднання у Аўстраліі ў Сіднеі і ягонай Галоўнай управы Уладзімір Клуніцкі і Пётра Гайдзель пакінулі склад управы, бо, на іх думку, яна набывала БЦРаўскі характар. 25 сакавіка 1951 года група з 17 былых сяброў Аб’яднання праводзіць арганізацыйны сход уласнага Беларускага Аб’яднання у Новай Паўднёвай Валіі, якое згуртавала прыхільнікаў Рады БНР на чале з Міхасём Лужынскім. У сакавіку 1952 года была спроба правесці сумеснае святкаванне і дамовіцца пра агульнае кіраўніцтва арганізацыямі, але сустрэча скончылася канчатковым разрывам паміж арганізацыямі. Такім чынам, у грамадскім жыцці адбыўся падзел на прыхільнікаў БЦР і Рады БНР[3].

У першыя гады расколу выходзілі дзве рэдакцыі раней адзінага «Новага Жыцьця»[4].

Прыхільнікі БЦР

Да падзелу ў Беларускім Аб’яднанні ў Аўстраліі на чале з Міхасём Зуём было 27 сяброў, а ў 1954 годзе — ужо да 62[4]. Прыхільнікі БЦР адрадзілі на новай аснове Беларускі Клуб, які стаў Культурна-Асветным клубам, кіраўніком якога стаў галоўны ініцыятар ягонай дзейнасці Язэп Шкода[4].

У 1955 годзе пры Аб’яднанні і Клубе быў створаны беларускі мяшаны хор пад кіраўніцтвам С. Анічкава, расейца з паходжання, прафесійнага хормайстра. Гэты хор выступаў на беларускіх святкаваннях і на міжнацыянальных дзеях. З ініцыятывы Аб’яднання і Клуба частка сабраных грошай пайшла на запіс і прадукаванне кружэлак з запісам беларускіх песень у выкананні хора, аднак якасць гучання аказалася нізкай[4].

У 1950-х пры Аб’яднанні быў таксама створаны драматычны гурток, які ставіў на святкаваннях беларускія п’есы ды меў поспех у гледачоў. Сярэдзіна 1950-х стала вяршыняй клубнай актыўнасці[4].

У 1957 годзе Беларускі Культурна-Асветны Клуб быў скасаваны, а ягоная маёмасць перайшла мясцоваму аддзелу Аб’яднання[5].

У 1956—1957 гадах прыхільнікі БЦР выдаюць «Новае Жыцьцё» зноў у Сіднеі. Яны таксама спрабавалі выхоўваць моладзь, але істотных поспехаў у гэтым не мелі. Не змаглі яны і наладзіць уласнае рэлігійнае жыццё. Жаданне арганізаваць Беларускую Праваслаўную царкву ў юрысдыкцыі Сусветнага Патрыярхату, як у Саўт-Рыверы, не ўдалося. Не быў знойдзены свой святар: быў на прыкмеце айцец Жарскі, вядомы Алесю Алехніку («генеральны сакратар» Аб’яднання)[4] яшчэ з Германіі, і Апанас (Мартас), які ў 1950-я жыў у Сіднеі, але адмовіўся[5].

У 1960-я збольшага дзейнасць Аб’яднання ў Аўстраліі была вядомая удзелам у розных нацыянальных, міжнародных і ўрадавых мерапрыемствах з мэтай рэпрэзентацыі беларусаў[5].

Прыхільнікі Рады БНР

У ліпені 1952 года прыхільнікі БНР з Беларускага Аб’яднання ў Новай Паўднёвай Валіі зарэгістравалі першы прыход БАПЦ у Сіднеі, дзе праводзіліся набажэнствы, чаму спрыяў архіяпіскап Сяргей. У першай палове 1950-х гадоў святкаванні прыхільнікаў Рады БНР суправаджаліся малебнамі або літургіямі ў выкананні айца Уладзіміра (Зялінскага), часам разам з протаярэем Анатолем (Кунцэвічам). Рэлігійныя практыкі БАПЦ праходзілі ў арандаваных памяшканнях. У 1957 годзе архіяпіскам Сяргей пераехаў у Перт, дзе павінная была быць пабудаваная беларуская царква. З ягоным ад’ездам дзейнасць БАПЦ у Сіднеі заняпала, а вернікі пачалі хадзіць да расейскіх або ўкраінскіх парафій[6].

Злучэнне

З другой паловы 1950-х гадоў Аб’яднанне ў Аўстраліі і Аб’яднанне ў Новай Паўднёвай Валіі адчувалі адцёк сяброў[6]. Да канца 1960-х гадоў стала відавочна, што суполкам Сіднея трэба аб’ядноўвацца, каб захаваць жыццяздольнасць тутэйшай беларускай грамады.

У траўні 1969 года быў арганізаваны агульны сход беларусаў Сіднея. На сход прыйшло 47 чалавек, якія пастанавілі супольна вырашыць як мага хутчэй справу беларускага дома. Быў створаны адмысловы Камітэт на чале з Міколам Антухом. 25 траўня 1969 года на першай нарадзе Камітэта, акрамя выбараў управы, была агучана ідэя стварэння адмысловага Беларускага Культурна-Грамадскага Клуба ў якасці агульнай беларускай арганізацыі. З гэтага часу падзел на прыхільнікаў Рады БНР і БЦР скончыўся[6]. Дзейнасць Аб’яднання ў Аўстраліі і Аб’яднання ў Новай Паўднёвай Валіі фармальна хоць і працягвалася, але ўжо занепадала[7].

14 снежня 1973 года Беларускі Культурна-Грамадскі Клуб афіцыйна быў зарэгістраваны. Таксама ў выніку збірання сродкаў і дзякуючы грошам, якія па сабе пакінуў Адам Чурыла, памерлы ў 1972 годзе, было набытае сваё памяшканне. Былі ідэі зрабіць маёмасць Клуба прыбытковай, але яны рэалізаваныя не былі. Паводле Міхася Лужынскага, найбольшы лік удзельнікаў Клуба — 198 чалавек[7].

Пры клубе быў створаны Жаночы Камітэт, які адказваў за арганізацыю беларускіх мерапрыемстваў. З гэтага часу сталі традыцыйнымі беларускія балі[8].

У 1976 годзе была зарганізаваная беларуская секцыя радыё, якое стала аб’яднаўчым чыннікам у Сіднеі[8].

У 1977 годзе ў Файрфілдзе быў усталяваны помнік эмігрантам, дзе можна пабачыць бел-чырвона-белы сцяг з Пагоняй і надпісам «Беларусь»[9].

З канца 1970-я гады тутэйшыя беларусы таксама падтрымлівалі ініцыятыву правядзення Сустрэчаў Беларусаў Аўстраліі, якія праходзілі ў Сіднеі[8].

Сучаснасць

У 1990-х гадах беларуская грамада ў Сіднеі адчувае крызіс: колькасць удзельнікаў змяншаецца, моладзь не цікавіцца дзейнасцю Клуба, а эмігранты з БССР (з рэдкім выняткам) не разумеюць ягоных мэтаў[8].

Зноскі

  1. 1 2 3 Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)). — 2004. — С. 55.
  2. Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)). — 2004. — С. 56.
  3. Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)). — 2004. — С. 58.
  4. 1 2 3 4 5 6 Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)). — 2004. — С. 59.
  5. 1 2 3 Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)). — 2004. — С. 60.
  6. 1 2 3 Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)). — 2004. — С. 61.
  7. 1 2 Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)). — 2004. — С. 62.
  8. 1 2 3 4 Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)). — 2004. — С. 63.
  9. Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)). — 2004. — С. 64.

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.