Беларусы Фінляндыі — беларуская дыяспара ў Фінляндыі.
Беларуская прысутнасць у Фінляндыі вядома з часоў знаходжання яе ў складзе Расійскай імперыі. Выхадцы з Беларусі працавалі на адыходніцтве, служылі ў раскватараваных там гарнізонах царскай арміі, на караблях і базах Балтыйскага флоту, удзельнічалі ў Свеаборгскім паўстанні. У Першую сусветную вайну гарнізон Свеаборгскай крэпасці ўзначальваў з 1915 года беларус генерал-маёр Канстанцін Аляксееўскі.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Хельсінкі і іншых мястэчках ствараліся беларускія нацыянальныя арганізацыі. У склад абласнога камітэта арміі, флоту і рабочых (існаваў да 1918 года) уваходзіў матрос В.Муха, які ў чэрвені 1917 года заснаваў арганізацыю «Маракоў-беларусаў Балтыйскага флоту» (больш за 800 матросаў беларускага паходжання). На 3-м З'ездзе Беларускай сацыялістычнай грамады (Мінск) яе гельсінгфорскую арганізацыю (200 чалавек) прадстаўляў Муха. Прадстаўнікі Гельсінгфорскага флоцкага гарнізона прысутнічалі на 2-й сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый у Мінску ў кастрычніку 1917 года.
У XXI стагоддзі беларускі асяродак ў Фінляндыі прадстаўляе Якуб Лапатка.