Удзельная вага беларусаў у рэгіёнах Расіі, перапіс 2010
Елізавета Бём. «Народы Расіі. Беларусы»

Беларусы Расіі — буйная этнічная група ў Расійскай Федэрацыі. Паводле перапісу насельніцтва 2010 года ў Расіі 521 тысяча беларусаў[1][2].

Асноўная частка беларусаў Расіі — мігранты і нашчадкі мігрантаў з Беларусі. Найбольшыя беларускія групы пражываюць у Маскве і Маскоўскай вобласці, Санкт-Пецярбургу і вобласці, Калінінградскай вобласці, Карэліі. Буйныя беларускія паселішчы існуюць у Сібіры.

Таксама ў складзе Расіі ёсць рэгіёны, гістарычна заселеныя беларусамі, самы значны з якіх — Смаленшчына. Сярод беларусаў Расіі пераважаюць гарадскія жыхары.

Гісторыя рассялення

Этнічныя беларускія тэрыторыі ў складзе Расіі

Малая частка беларусаў Расіі — аўтахтонныя жыхары, насельніцтва памежных з Беларуссю Смаленшчыны, Браншчыны, Пскоўшчыны.

Азначаныя тэрыторыі былі заселены племем крывічоў, частка аддаленых нашчадкаў якіх сталі адным з кампанентаў будучага беларускага этнасу. Доўгі час яны ўваходзілі ў склад Полацкага княства, потым Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Паводле дэмаграфічных звестак, у пачатку 20 стагоддзя зусім нязначныя тэрыторыі сённяшніх Смаленскай, Бранскай, Пскоўскай абласцей былі заселены беларусамі.

У 1918 годзе гэтыя тэрыторыі былі абвешчаны часткай Беларускай народнай рэспублікі. У 1919 годзе ў Смаленску была абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь у межах, што прыкладна адпавядалі межам БНР. Рэальна гэтыя тэрыторыі так і не сталі часткай ССРБ-БССР, хоць аб гэтым ішла размова.

У другой палове 1920-х гадоў беларусы на тэрыторыі РСФСР атрымалі магчымасць для развіцця ўласнай культуры і мовы. У беларускіх этнічных рэгіёнах пачала пашырацца сетка беларускіх школаў. Працэсы нацыянальнага адраджэння былі гвалтоўна прыпыненыя сталінскімі рэпрэсіямі 1930-х гадоў. Ад таго часу беларускія рэгіёны ў складзе Расіі пачалі інтэнсіўна русіфікавацца, у выніку чаго беларуская самасвядомасць жыхароў да сённяшняга дня амаль не захавалася.

Масква

Пераважна перасяленне ліцвінаў у Масковію пачалося ў 1617 стагоддзях. У дакументах яны таксама пазначаліся як «ліцьвіны-беларусцы», а пасля уніі 1569 года як «палякі», «польскія людзі». Перасяленне часцей адбывалася гвалтоўным чынам, у выніку палону.

У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі майстроў-рамеснікаў з Полацка, Віцебска, Оршы, Шклова, Магілёва і іншых гарадоў працавалі ў Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля, Каломенскі палац, Новадзявочы, Данскі і Нова-Іерусалімскі (на Істры) манастыры. Яны прынеслі ў Рускую дзяржаву новыя рамёствы, свой адметны стыль, матывы і тэхніку скульптурнай разьбы па дрэве («беларуская рэзь»), вырабу шматколернай кафлі. Калектыў першага рускага (прыдворнага) тэатра, які існаваў у 1672—76, амаль цалкам складаўся з беларусаў.

Адным з кампактных паселішчаў беларусаў на тэрыторыі Масквы была Мяшчанская слабада, што была заснавана з вывезеных у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) і падпарадкоўвалася Пасольскаму прыказу. Сама назва гэта пайшла ад старабеларускага «места» — горад. Жыхары Мяшчанскай слабады часта служылі пры дыпламатычных прадстаўніцтвах, займаліся фінансавымі аперацыямі, у прыватнасці закупкай у Еўропе талераў для маскоўскай казны. Таксама многія беларусы Масквы займаліся гандлем, рамёствамі. Сярод іх былі ўрачы, мастакі, мехаўшчыкі, якія займаліся гандлем сабалінымі мяхамі з Рэччу Паспалітай. Мяшчанская слабада была самакіраванай адзінкай, мела ўласную школу і царкву.

Падчас Расійскай імперыі і СССР Масква як эканамічны, навуковы цэнтр краіны натуральным чынам прыцягвала кадры ў тым ліку і з Беларусі, якая была далучана да Расіі, а потым СССР. Так, міністрам замежных спраў СССР у найбольш жорсткі час халоднай вайны быў беларус Андрэй Грамыка.

Сёння Масква найбольш актыўна сярод гарадоў замежжа прыцягвае кадры з Беларусі на пастаянную ці часовую працу. Штогод на навучанне ў маскоўскія ўніверсітэты паступаюць сотні студэнтаў з Беларусі.

Санкт-Пецярбург

Памятная дошка Янке Купалы на доме ў Санкт-Пецярбургу

Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі пачалася міграцыя беларусаў у Расію і ў тым ліку ў тагачасную сталіцу імперыі — Санкт-Пецярбург. У Пецярбург на заробкі ехала вялікая колькасць сялян з паўночных і ўсходніх рэгіёнаў Беларусі.

Паводле статыстыкі, за перыяд з 1869 па 1910 год колькасць беларусаў у Санкт-Пецярбургу вырасла ў 23 разы да 70 тыс. чалавек. Да канца азначанага перыяду беларусы сталі другой па колькасці этнічнай групай у горадзе, пасля рускіх.

У другой палове 19 стагоддзя ў Санкт-Пецярбургу з’явіліся некалькі беларускіх аб’яднанняў інтэлігенцыі, студэнцтва. У 1868 годзе з’явілася асветніцкая арганізацыя «Крывіцкі вазок». У 1880-я гады з’явілася першая палітычная арганізацыя беларускай народніцкай інтэлігенцыі «Гоман». У 19061912 гадах у Пецярбургу існавала беларускае выдавецтва. Пецярбургскімі вучонымі-беларусамі былі праведзены многія важныя этнаграфічныя даследванні.

У 1907 годзе з’явіўся гурток па вывучэнні Гродзенскай губерні, які яднаў беларускае студэнцтва Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. У 1912 годзе быў створаны Беларускі навукова-літаратурны студэнцкі гурток.

Дзейнасць аб’яднанняў беларускай дыяспары ў Ленінградзе працягвалася і пасля рэвалюцыі, да рэпрэсій 1930-х гадоў.

Падчас «Перабудовы» беларускае грамадскае жыццё ў Ленінградзе зноў актывізавалася, з’явіліся некалькі новых беларускіх арганізацый. Сёння Санкт-Пецярбург, хаця і ў меншай ступені, чым Масква, таксама прыцягвае шмат беларускіх студэнтаў і рабочых.

Сібір

Сібір была месцам масавай міграцыі беларусаў у 19 стагоддзі. Спачатку расійскімі ўладамі былі прымусова сасланыя ўдзельнікі паўстанняў 1830—1831 гадоў і 1863—1864 гадоў.

У 18851914 гадах у Сібір перасяліліся 550 тыс. беларусаў. Існавалі цэлыя беларускія паселішчы.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі паток перасяленцаў з Беларусі ў Сібір працягваўся. Савецкая ўлада спрабавала надаць перасяленню беларусаў арганізаваны характар і спрыяла даследванням гісторыі, побыту беларусаў Сібіру. У 1929 годзе Акадэмія навук Беларусі арганізавала экспедыцыю ў Сібір. Паводле перапісу 1926 года 371 840 жыхароў Сібіры пазначылі сваё беларускае паходжанне.

У другой палове 1920-х гадоў беларусы на тэрыторыі РСФСР атрымалі магчымасць для развіцця сваёй культуры і мовы. У Сібіры пачалі стварацца беларускія школы. У 1930-я гады, у пачатку 1940-х у Сібір былі дэпартаваны многія раскулачаныя беларускія сяляне і іншыя рэпрэсаваныя.

У канцы 1980-х гадоў нацыянальнае абуджэнне закранула і беларускую Сібір. У Іркуцку было ўтворана Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага — на сённяшні дзень самая буйная і актыўная арганізацыя беларускай дыяспары ў Расіі. У Томску жыве выканаўца на традыцыйных беларускіх інструментах, паэт, пісьменнік Зміцер Крэчат.

Іншыя рэгіёны

У 18 стагоддзі беларусы стала жылі ў некаторых губернях еўрапейскай часткі Расіі. Беларускія паселішчы існавалі ў Курскай і Пензенскай губерні, на Урале.

Пасля скасавання прыгоннага права, у другой палове 19 стагоддзя міграцыі з Беларусі набылі масавы характар. Асноўнымі кірункамі былі Паволжжа, Каўказ, Цэнтральная Азія і Сібір.

З другой паловы 1940-х да пачатку 1960-х гадоў многія беларусы перасяляліся ў Карэлію, Архангельскую вобласць, Комі, Калінінград і іншыя рэгіёны ў парадку арганізацыйнага набору.

Змяненне колькасці

Колькасць беларусаў у Расіі

Год Колькасць
1959844 000
1970964 700
19891 206 000
2002807 970
2010521 443
2021208 046

Беларускія тэрытарыяльныя адзінкі ў складзе Расіі

Беларусы Расіі — другая па колькасці этнічная група (пасля ўкраінцаў), якая не мае тэрытарыяльнай нацыянальнай аўтаноміі ў складзе Расійскай Федэрацыі.

Нацыянальна-культурнае развіццё беларусаў Расіі ішло паралельна з стварэннем на тэрыторыі РСФСР беларускіх аўтаномій на ўзроўні сельскіх саветаў. У 19241926 гадах у Сібіры быў утвораны 71 беларускі сельсавет. У 1926 годзе ў Далёкаўсходнім краі існавала 26 беларускіх сельсаветаў. На Урале на 1 кастрычніка 1928 года іх было 11. Разам з гэтым рабіліся спробы арганізацыі беларускіх нацыянальных раёнаў. У першай палове 1930-х гадоў у складзе тагачаснай Уральскай вобласці існаваў Таборынскі нацыянальны беларускі раён. Разглядалася пытанне аб стварэнні беларускага раёна на тэрыторыі Омскай вобласці.

У сярэдзіне 1930-х гадоў праектам стварэння беларускіх аўтаномій быў пакладзены канец.

Сучаснасць

Беларусы ў Расіі

З-за культурнай блізкасці да рускіх і слаба выражанай нацыянальнай самасвядомасці беларусы ў большай ступені, чым іншыя нацыянальныя меншасці ў Расіі, падвержаны асіміляцыі. Нягледзячы на сталы прыток мігрантаў з Беларусі цягам апошніх стагоддзяў, у асноўным людзі ў другім-трэцім пакаленні часцей за ўсё губляюць сваю беларускую ідэнтычнасць.

У апошні час працягваецца працэс стварэння беларускіх арганізацый у розных рэгіёнах Расіі.

У 2003 годзе была заснавана рэгіянальнае нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Югры» ў Сургуце.

Найбольш шматлікая і актыўная арганізацыя беларускай дыяспары ў Расіі — Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага ў Іркуцку. Арганізацыя яднае нашчадкаў беларускіх перасяленцаў у Сібір у 19 стагоддзі, мае некалькі аддзяленняў па Іркуцкай вобласці, выдае газету «Маланка».

У Маскве дзейнічае Таварыства беларускай культуры імя Францыска Скарыны, існуе нефармальны беларускі моладзевы асяродак. У Башкартастане дзейнічае рэспубліканскі беларускі нацыянальна-культурны цэнтр «Сябры», заснаваны ў 1996 годзе. У Калінінградзе існуе беларускае культурнае таварыства «Каралявец».

У апошняе дзесяцігоддзе вызначыўся пэўны падзел арганізацый беларускай дыяспары ў іх стаўленні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Больш старыя арганізацыі, што стаяць на нацыянальна-адраджэнскіх пазіцыях, падтрымліваюць беларускую апазіцыю. Іншыя, больш новыя арганізацыі, напрыклад Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Расіі», падтрымліваюць кантакты з беларускім пасольствам і ўладамі Беларусі.

Акрамя рускіх беларускага паходжання, сёння на тэрыторыі РФ працуюць 400 тысяч грамадзян Беларусі (супраць 100 тысяч рускіх, што працуюць у Беларусі)[3].

Выдатныя асобы

Гл. таксама

Зноскі

  1. Нацыянальны склад насельніцтва Расійскай Федэрацыі (руск.). Усерасійскі перапіс насельніцтва 2010 года. Праверана 16 снежня 2011.(недаступная спасылка)
  2. http://www.perepis2002.ru/ct/html/TOM_04_01.htm Архівавана 20 лютага 2012.
  3. http://finance.rol.ru/news/article02D6C/default.asp Архівавана 29 верасня 2007.

Літаратура

  • Григорьева Р. А. Белорусы / Р. А. Григорьева // Народы России: энциклопедия / Гл. ред. В. А. Тишков ; Институт этнологии и антропологии имени Н. Н. Миклухо-Маклая РАН. — Москва : Большая Российская энциклопедия, 1994. — С. 110—113.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.