Беларусы Літвы, па дадзеных афіцыйнай статыстыкі, з’яўляюцца трэцяй па колькасці нацыянальнай меншасцю ў краіне пасля палякаў і рускіх.

У 2001 годзе ў Літоўскай Рэспубліцы пражывала 42866 беларусаў, што складала 1,23 % ад агульнага насельніцтва[1]. Пераважная большасць беларусаў з’яўляюцца грамадзянамі Літвы.

Гісторыя

На тэрыторыі сучаснай Літвы беларусы жывуць не адно стагоддзе. 3 часоў Вялікага Княства Літоўскага да I сусветнай вайны сацыяльна-эканамічнае, нацыянальнае і культурнае развіццё беларусаў і літоўцаў праходзіла ў адзінай дзяржаўнай прасторы. Галоўным беларускім асяродкам тут здаўна была Вільня, дзе існавалі агульныя дзяржаўныя і культурныя ўстановы, у т.л. Віленскі ўніверсітэт, Віленская брацкая друкарня і інш.

Этнаграфічная карта Я. Ф. Карскага, 1903.

Паводле перапісу 1897 года беларусы складалі большасць насельніцтва Віленскай губерні. У пач. XX ст. дзейнічалі Беларускае выдавецкае таварыства (працягвала дзейнасць у 1919—30), Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Беларускі настаўніцкі саюз, выдаваліся газеты «Наша доля» і «Наша ніва». 12 лютага 1910 у клубе чыгуначнікаў адбылася Першая беларуская вечарынка ў Вільні. У I сусветную вайну, пасля акупацыі германскімі войскамі, у Вільні ў 1915 быў арганізаваны Беларускі клуб. 3 абвяшчэннем незалежнасці Літвы (люты 1918) дзейнасць беларуcкіх арганізацый каардынавала Віленская беларуская рада, прадстаўнікі якой увайшлі ў Літоўскую Тарыбу. У снежні 1918 у Вільні знаходзіўся ўрад БНР.

У кастрычніку 1920 войскі польскага генерала Л. Жалігоўскага захапілі Вільню, абвешчана Сярэдняя Літва. 9 кастрычніка 1920 у Вільні на нарадзе беларускіх дзеячаў, у якой прынялі ўдзел Браніслаў Тарашкевіч, Вацлаў Іваноўскі, Антон Луцкевіч і інш., было вырашана выкарыстаць спрыяльныя палітычныя абставіны для развіцця беларускай адукацыі і асветы. У 1921 А. Луцкевіч стварае Беларускі музей імя Івана Луцкевіча. Па прапанове ўрада Б. Тарашкевіч заняў пасаду старшага рэферэнта ў Дэпартаменце асветы. У 1921 па ініцыятыве Б. Тарашкевіча створана Таварыства беларускай школы.

У пачатку 1922 сейм зацвердзіў уключэнне Віленшчыны ў склад Польшчы. 3 гэтага часу і да канца 1939 Вільня была грамадскім, асветным і культурным цэнтрам беларусаў. У горадзе ствараліся палітычныя, гаспадарча-эканамічныя, асветныя арганізацыі, установы і таварыствы. У горадзе ствараліся і дзейнічалі беларускія палітычныя партыі, гаспадарча-эканамічныя, асветныя арганізацыі, установы і таварыствы. Актыўнасцю вызначаліся Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Беларускі пасольскі клуб, Блок нацыянальных меншасцей і інш. У 1920—30-я г. у Вільні дзейнічалі Беларускі музей, управа Таварыства беларускай школы, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі сялянскі саюз, Цэнтральны саюз культурных і грамадскіх арганізацый. У сярэдзіне 1920-х г. тут знаходзіліся Галоўны сакратарыят і ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады; выдавалася больш за 100 беларускамоўных газет і часопісаў. У Вільні жылі і працавалі А. Луцкевіч, М. Гарэцкі, Б. Тарашкевіч, У. Самойла, А. Станкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, І. Дварчанін, Р. Шырма, Г. Цітовіч, М. Танк, П. Сергіевіч, Я. Драздовіч і інш.

Напачатку II сусветнай вайны, калі Вільня і Віленскі край былі перададзены ў склад Літвы (кастрычнік 1939), спынілі дзейнасць віленскія Беларускае навуковае таварыства, Беларускі студэнцкі саюз. Падчас нацысцкай акупацыі (1941—44) яшчэ дзейнічалі Віленская беларуская гімназія, беларуская настаўніцкая семінарыя, Беларускі музей (закрыты ў 1945), выдавалася газета «Беларускі голас» (рэд. Ф. Аляхновіч). Пасля вызвалення Літвы савецкімі войскамі частка беларусаў Віленшчыны на падставе літоўска-польскага пагаднення аб узаемнай эвакуацыі насельніцтва ад 22.9.1944 перасялілася ў Польшчу. Практычна ўсе беларускія дзеячы і іх сем’і папалі пад арышты і дэпартацыю. Аднаўленне дзейнасці нават у галіне беларускай культуры было немагчыма з-за рэпрэсій КДБ і змены этнічнай структуры насельніцтва.

Нямала беларусаў пераехала ў Літву ўжо ў савецкі час, пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. 3 1945 у Літву па вярбоўцы, на новабудоўлі і інш. прыбывалі беларусы з БССР. Іх колькасць павялічылася, аднак арганізаванага нацыянальнага жыцця яны практычна не мелі. У Вільні працягвалі сваю дзейнасць П. Сергіевіч, З. Верас, Л. Луцкевіч, Я. Шутовіч і інш.

Актывізацыя грамадскага жыцця беларусаў пачалася ў часы лібералізацыі ў СССР (2-я пал. 1980-х г.), калі ўзнік шэраг беларускіх культурна-асветных арганізацый. У 1988 г. Зоська Верас разам з Лявонам Луцкевічам, сынам Антона Луцкевіча, утварылі спачатку клуб «Сябрына», а 4 лютага 1989 г. было заснавана Таварыства беларускай культуры ў Літве[2]. 3 1989 трансліруюцца беларускія перадачы на радыё і тэлебачанні.

Рассяленне

Большасць беларусаў пражывае ў сталіцы, Вільнюсе — 12865 чалавек (2001 год), далей ідуць гарады Вісагінас — 2863 чалавек, Уцена — 1515, таксама Каўнас — 680 і Клайпеда — 638 беларусаў[3].

Мовы

Сярод беларусаў Літвы ў 2001 годзе сваёй роднай мовай беларускую называлі 14602 чал., рускую — 22386, літоўскую — 1622[4], пашырана таксама польская мова[5].

Грамадскія арганізацыі

Беларуская сярэдняя школа імя Ф. Скарыны ў Вільнюсе

У дадзены момант у Аб’яднанне грамадскіх арганізацый беларусаў у Літве, прэзідэнтам якой з’яўляецца У. Вайніцкі, уваходзяць 19 арганізацый. Іх мэта, як і любых іншых утварэнняў нацыянальных меншасцяў, — захаванне беларускай культуры, традыцый, звычаяў, беларускай мовы. Пад непасрэдным кантролем Аб’яднання ў Вільнюсе працуе беларуская школа імя Францыска Скарыны з дванаццацігадовым навучаннем, дзе многія прадметы выкладаюцца на роднай мове. Адкрыта беларуская нядзельная школа ў Клайпедзе, у Вісагінасе функцыянуе беларускі культурны цэнтр.

Зноскі

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.