Ян Чачот

Белару́скае нацыяна́льнае адраджэ́нне — сацыяльны, культурны і палітычны рух, які выступае за адраджэнне беларускай культуры, мовы, звычаяў і стварэнне беларускай дзяржаўнасці на нацыянальным падмурку. Прадстаўленае некалькімі хвалямі, пачынаючы з XIX стагоддзя. У шырокім кантэксце — заканамернасць у гістарычным развіцці беларускай нацыі, якая выяўляецца ў паскораным руху да больш высокага ўзроўню грамадскага быцця, культуры і нацыянальнай свядомасці пасля заняпаду. Пачалося ў XIX стагоддзі і падзяляецца на некалькі этапаў, якія адрозніваліся сваімі мэтамі, вынікамі, грамадскімі і духоўнымі імпульсамі, што спараджалі гэты рух. Першы этап нацыянальнага адраджэння пачаўся ў рэгіёне ўплыву Віленскага ўніверсітэту (Віленская вучэбная акруга) і меў асветніцкі ліберальна-рамантычны кірунак: яго дзеячы, пісьменнікі і публіцысты на сумежжы дзвюх культур — польскай і беларускай (Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Рамуальд Падбярэскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і іншыя) — марылі пра аднаўленне Рэчы Паспалітай на канфедэратыўных пачатках.

Перадумовы

Гістарычна фарміраванне беларускай нацыі пачалося ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Славянскі асяродак быў дзяржаваўтваральным у ВКЛ, эліта княства мела славянскае паходжанне. Дзяржаўнай мовай у Вялікім Княстве была славянская мова, якую жыхары княства называлі рускай або славянскай[1][2]. Пазней яна падзеліцца на дзве мовы — беларускую і ўкраінскую, лексіка якіх так і застанецца збольшага агульнай. Жыхары-славяне называліся ліцвінамі альбо русінамі ў залежнасці ад рэгіёну княства. Падчас княжання Вітаўта ВКЛ стала найбуйнейшай дзяржавай Еўропы. Ліцвіны першымі ва Ўсходняй Еўропе займелі друкаваную кнігу (Францішак Скарына, 1517), заклалі асновы дэмакратыі і прававога грамадства (Статуты Вялікага Княства Літоўскага, Леў Сапега, 1529, 1566, 1588), падтрымалі Рэфармацыю царквы (рэфарматар Сымон Будны распачаў кнігавыдавецкую дзейнасць у Нясвіжы ў 1562 годзе), заснавалі Віленскі ўніверсітэт, (1579), Полацкі езуіцкі калегіум (1581). Упершыню ў гісторыі чалавецтва ў Статутах Вялікага Княства Літоўскага дэкларавалася аб раўнапраўі ўсіх грамадзянаў і аднолькавай адказнасці перад законам незалежна ад саслоўя, а таксама падзел улады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую[3][4]. Вялікаму Княству Літоўскаму быў уласцівы найвышэйшы ў Еўропе ўзровень развіцця тэорыі права і дасканаласць судовай практыкі, вынікам чаго была істотна абмежаваная манархія, адсутнасць дэспатыі, урадавая абарона грамадзянскіх правоў і свабодаў, высокі ўзровень адукацыі. Ліцвінская нацыянальная ідэнтычнасць дынамічна развівалася на тэрыторыі сучаснай Беларусі[1][2].

Усходнім суседам ВКЛ была маладая Маскоўская дзяржава. Масква была заснаваная на ўскрайку Паўночна-ўсходняй Русі, якая пакутавала ад мангола-татарскага ярма. Масква хутка здолела стаць цэнтрам самастойнага княства пад ардынскім ярмом. Маскоўскае княства было надзейным хаўруснікам мангола-татарскай арды, дапамагала ардынцам душыць паўстаньні супраць ардынскага панавання ў Цвяры (1327), Смаленска (1340). Маскоўскія князі назапашвалі багацце пад заступніцтвам ардынскіх ханаў і адначасова душылі ўсіх, хто чыніў ігу супраціў. У выніку Масковія здолела хутка набраць моц. Фіна-вугры, мангола-татары, мардвіны, якія насялялі Масковію, змешваліся са славянскім насельніцтвам і ўтваралі новую маскавіцкую ідэнтычнасьць. Фармаваньне маскавітаў ішло пад мангола-татарскай дэспатыяй.

Пад канец XV стагоддзя ў выніку распаду Арды[5] Масковія скінула з сябе мангола-татарскае ярмо, аднак грамадскі лад гэтай дзяржавы застаўся ранейшым: бязмежная ўлада кіраўніка дзяржавы (цара) і таталітарны парадак, заснаваны на ўжыванні сілы. Маскоўскае княства адрознівалася беззаконнем, поўнай грамадзянскай неабароненасцю асобы, адсутнасцю элементарных палітычных свабод. Маскоўская дэспатыя дасягнула свайго апагею ў часы кіравання Івана Жахлівага, калі быў распачаты тэрор супраць уласнага насельніцтва (апрычніна)[1].

Разам з тым, Масковія абвясціла сябе адзінай пераемніцай Кіеўскай Русі, прыняла праваслаўе, навязала свайму насельніцтву царкоўнаславянскую (старабалгарскую) мову, назваўшы яе «рускай», і пастанавіла захапіць усе землі, якія ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі. Гэтая ідэалогія маскоўскіх цароў і папоў ў расійскай гістарыяграфіі вядомая як «збіральніцтва спрадвечна рускіх земляў» (руск.: «собирательство исконно русских земель»)[6]. Разам з тым, маскоўскія валадары прысвойвалі сабе тытул «Государь всея Руси». Таксама маскоўскія князі, пачынаючы з Івана ІІІ, абвясцілі Маскву сталіцай сусветнага праваслаўя замест Канстанцінопалю, які паў пад націскам туркаў. Аднак большасьць земляў былой Кіеўскай Русі знаходзіліся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, дзе актыўна развівалася ліцвінская нацыянальная ідэнтычнасць. На поўдні Княства жылі русіны.

Вялікі Гетман Літоўскі Канстанцін Астрожскі ў Бітве пад Оршай, фрагмент карціны Ганса Крэля, XVI стагоддзе

У такой сітуацыі Масковія пайшла па шляху вайсковай агрэсіі. У выніку паміж Масковіяй і Вялікім Княствам Літоўскім пачынаюцца крывапралітныя войны, першая з якіх адбылася ў 1492 годзе. Маскоўскае войска аказалася лепш арганізаваным з-за беспярэчнай вайсковай павіннасці маскоўскіх халопаў. Войска ВКЛ жа ўяўляла сабою паспалітае рушанне, то бок добраахвотны збор шляхты і іх сялянаў. Нягледзячы на шэраг бліскучых перамог ліцвінаў над маскоўцамі (Бітва пад Воршай 1514, Бітва на рацэ Вуле 1564), бесперапынная агрэсія Масковіі да ВКЛ не давала развівацца Княству. У выніку кіраўніцтва ВКЛ заключыла унію з Польшчай (1569), спадзеючыся на дапамогу палякаў у абароне ад маскавітаў. У выніку ўтварылася польска-літоўская дзяржава Рэч Паспалітая. З гэтага часу пачынаецца паланізацыя ліцвінаў, а на захопленых маскавітамі тэрыторыях ВКЛ — маскалізацыя. Вышэйзгаданыя фактары не дазволілі ліцвінам сфармавацца ў моцную нацыю.

У часы расійскага цара Пятра І Масковія пераўтварылася ў імперыю і была перайменаваная ў «Расію». Дзякуючы запазычанню еўрапейскіх вынаходстваў у навуцы, прамысловасці і вайсковай справе і спалучэнню гэтага з дэспатычным палітычным ладам, Расіі ўдалося стварыць вялікую баяздольную армію, якая выкарыстоўвалася ўжо ня толькі дзеля «збіраньня спрадвечна рускіх земляў», але і дзеля захопу Фінляндыі, Прыбалтыкі, Польшчы, Каўказа, Сярэдняй Азіі, Сібіры, Далёкага Ўсходу. У 1755 годзе быў заснаваны Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт, куды дзеля навучання маскавітаў былі запрошаныя таленавітыя навукоўцы з Заходняй Еўропы.

Рэч Паспалітая з'яўлялася фактычна парламэнцкай манархіяй з выбарнай пасадай караля. Гэтым скарысталася Расія, шляхам подкупу і ваеннага ўмяшальніцтва сеючы анархію ў польска-ліцвінскай дзяржаве. Пасьля канчатковага захопу Расіяй польска-ліцвінскай дзяржавы (Падзелы Рэчы Паспалітай, 1795) пачынаецца інтэнсіўная русіфікацыя Літвы. На захопленых землях расійскай уладай была ўведзеная забарона мовы мясцовага насельніцтва. Знішчэньне ўніяцтва падзяліла ліцвінаў на праваслаўных і рыма-каталікоў, што стала адной з галоўных прычын слабой нацыянальнай згуртаванасці[7]. Праз друкаваныя выданьні і ўплыў на мясцовую інтэлегенцыю пачынаецца навязванне новай назвы краю — Беларусь (руск.: Белоруссия). Але ў выніку Літва не атрымлівае нават аўтаноміі і пазначаецца на картах як «Паўночна-Заходні край».

Пачатак адраджэння

Канец XVIII — XIX стагоддзе

Пасля захопу Літвы Расіяй ў краі адразу былі ўведзеныя расійскія таталітарныя парадкі. Значна пагоршылася праўнае становішча насельніцтва, гарады пазбаўляліся еўрапейскага самакіравання (Магдэбургскага права), уводзіўся рэкруцкі набор у расійскую армію. Жыхары гарадоў былі прыраўняныя да сялянаў у ваеннай павіннасці. Паўмільёна ліцвінаў сталі прыгоннымі расійскіх памешчыкаў. Расійскія захопнікі пераводзілі ліцвінаў з грашовага аброку (чыншу) на паншчыну. Пачалася ўсеагульная русіфікацыя краю.

Першыя паросткі нацыянальнага адраджэння ўзьніклі ў 10-х гадах XIX стагоддзя. Паход Напалеона ўглыб Расіі абудзіў народ былога Вялікага Княства Літоўскага. Быў утвораны Часовы ўрад ВКЛ, былая сталіца княства Вільня вітала напалеонаўскія войскі як вызваліцеляў, віленчукі закідвалі жаўнераў кветкамі. Шляхта й месцічы масава запісваліся ў Вялікую армію. Разам з тым для барацьбы з Напалеонам расійскія ўдлады ажыццяўлялі рэкруцкі набор сялянаў з тэрыторыі ВКЛ. Таксама Літва абавязавалася ў вялікай колькасці пастаўляць правіянт Вялікай арміі Напалеона і выплочваць Францыі былыя даўгі расійскаму цару. Бясконцыя рэквізіцыі падрывалі эканоміку краю. У вайне 1812 году ліцвіны ваявалі з абодвух бакоў.

У 1817 годзе ў Віленскім ўніверсітэце з ініцыятывы студэнтаў Тамаша Зана, Адама Міцкевіча, Язэпа Яжоўскага, Анупрэя Петрашкевіча і Францішка Малеўскага узнікла таемнае таварыства філаматаў. Прэзідэнтам таварыства быў абраны Тамаш Зан, адным з сяброў быў Ян Чачот. Першапачаткова філаматы ставілі культурніцкія і асветніцкія мэты. Сябры збіралі фальклёрныя творы, складалі вершы, чыталі навуковыя рэфераты. Вядомасць атрымаў беларускамоўны верш Яна Чачота «На прыезд Адама Міцкевіча». Аднак хутка сябрамі аб’яднання завалодалі палітычныя ідэі. Філаматы патрабавалі незалежнасці народаў і знішчэньня прыгону сялянаў. Пасля выкрыцця таварыства расійскай паліцыяй, прэзідэнт Тамаш Зан усклаў усю віну на сябе й быў зняволены ў цытадэлі. Астатніх сяброў таварыства выслалі ўглыб Расіі[8].

Увесну 1831 году Літва следам за Польшчай паўстала супраць расійскага прыгнёту. Аднак сілы бакоў аказаліся няроўнымі і паўстанне было задушанае. Пасля ўзмацніўся ціск на уніяцтва.

Важнай падзеяй нацыянальнага адраджэння быў выпуск першага нумару нелегальнай газеты «Мужыцкая праўда». Выдавец газеты, Кастусь Каліноўскі, імкнуўся развеяць ілюзіі сялянаў наконт царскага маніфесту аб скасаванні прыгоннага права. Усталяваны кошт выкупу зямлі ў расійскіх памешчыкаў быў значна вышэйшы за рынкавы, большасць сялянаў была абрабаваная. Кастусь Каліноўскі рашуча выступаў супраць русіфікацыі краю і выдаваў сваю газету на беларускай мове. У ноч з 22 на 23 студзеня ў Варшаве пачалося нацыянальна-вызвольнае паўстанне, якое хутка перакінулася і на Літву. На тэрыторыі Беларусі паўстаннем кіраваў Літоўскі правінцыйны камітэт. Рэвалюцыйны ўрад неўзабаве ўзначаліў Кастусь Каліноўскі. Актыўнымі ўдзельнікамі паўстання былі беларускамоўныя пісьменнікі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч. Пад канец 1863 году паўстанне было задушанае расійскімі войскамі. Агульная колькасць загінулых паўстанцаў невядомая. Пакараных налічвалася 18 з паловаю тысячаў. 128 паўстанцаў былі павешаныя або расстраляныя, 853 пайшлі на катаргу, 11 502 — у высылку. Перад смяротным пакараннем лідар літоўскіх паўстанцаў Кастусь Каліноўскі здолеў перадаць на волю знакамітыя «Лісты з-пад шыбеніцы», напісаныя на беларускай мове.

Кастусь Каліноўскі
" Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — но не жаль згінуць за тваю праўду… Нямаш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку… Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога ня будзе, ня будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжо ня будзе.

Твой слуга
Яська-гаспадар з-пад Вільні
"

Пасля нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863—1864-ых гадоў расійскія ўлады вырашылі падтрымаць жамойцкі нацыянальны рух, каб зменшыць уплыў палякаў і апалячаных ліцвінаў, які дэстабілізаваў становішча ў рэгіёне і з-за чаго часта ўспыхвалі бунты і паўстанні.

Спрыянне жамойцкаму культурнаму развіццю адлюстроўвалася ў зацвярджэньні за жамойцкай мовай статусу мовы навучання ў Марыямпальскай вышэйшай вучэльні (у выніку чаго тая адразу стала цэнтрам падрыхтоўкі жамойцкай інтэлегенцыі), дазволе мець свой нацыянальны касцёл, развіцці жамойцкага друку і асветы. Больш за тое, каля 100 000 жамойтаў жылі ў Прусіі, дзе мелі амаль неабмежаваныя магчымасці культурнага развіцця. У гэты ж час царскі ўрад забараніў беларускую мову як мову асветы і друку, а ў 1839 годзе была забароненая ўніяцкая царква, у выніку чаго ліцвіны згубілі сваю канфесійную адметнасць і былі падзеленыя на праваслаўных і каталікоў, што прывяло да слабой нацыянальнай еднасці.

Садзейнічанне развіццю жамойцкай культуры і мовы расійскімі ўладамі прывяло да таго, што жамойцкае адраджэнне пачалося значна раней за беларускае. Дзеячы жамойцкага нацыянальнага руху пачалі выкарыстоўваць не сваю спрадвечную назву «Жамойць», а найменне старадаўняй, пераважна славянскай дзяржавы з эпіцэнтрам у Беларусі — Вялікага Княства Літоўскага. Гэтыя адраджэнцы прысвоілі ня толькі найменне «Літва» (у форме «Летува»), але і заявілі пра свае выключныя правы на гістарычную і культурную спадчыну ВКЛ, а таксама на сімволіку. Замест свайго гістарычнага гербу «Мядзведзь» жамойцкія дзеячы пачалі выкарыстоўваць «Пагоню» славянскага паходжання. А паколькі ў жамойцкай мове не было слова для яе пазначэння, жамойцкая эліта (Сіманас Даўкантас) прыдумала яе, назваўшы «Пагоню» новым словам «Віціс». У выніку, беларускае адраджэнне пачалося пазней за жамойцкае, і беларускія дзеячы культуры, пачынаючы з Францішка Багушэвіча, прынялі найменне, якое тады было распаўсюджана на Смаленшчыне, Віцебшчыне і Магілёўшчыне, а таксама навязвалася расійскім друкам ― беларусы.

За канцэпцыю ўтварэння ВКЛ жамойцкімі адраджэнцамі была ўзятая канцэпцыя балцка-славянскай канфрантацыі, якая ўзнікла падчас навуковай дыскусіі паміж польскімі і расійскімі даследчыкамі ў канцы XIX ― пачатку XX стагоддзя. Паводле яе, падмуркам утварэння Вялікага Княства Літоўскага была перамога раннефеадальнага балцкага ўтварэння над славянамі, ў выніку чаго гэтая новая краіна трансфармавалася ў Вялікае Княства Літоўскае. У канцы XX стагоддзя гэтую канцэпцыю абверг Алесь Краўцэвіч, які даказаў, што ВКЛ з самага пачатку была біэтнічнай балта-славянскай дзяржавай з дамінаваннем славян, а балта-славянскія адносіны ў часы утварэння Вялікага Княства Літоўскага насілі толькі мірны характар[9].

Увесну 1881 году беларускі шляхціч Ігнат Грынявіцкі забіў цара Аляксандра ІІ, кінуўшы ў карэту цара бомбу. Грынявіцкі быў студэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута і сябром «Народнай волі». Праз тры гады пасля забойства пачаў выходзіць часопіс «Гоман» — орган беларускай фракцыі «Народнай волі». У першым нумары часопіса дэкларавалася:

" Мы беларусы і павінныя змагацца за мясцовыя інтарэсы беларускага народа і федэратыўную аўтаномію краіны. "

У 1891 годзе ў кракаўскай друкарні Ўладзіслава Анчыца была надрукаваная беларускамоўная кніга Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская». Кніга выйшла пад псеўданімам Мацей Бурачок[10]. У гэтым жа годзе нарадзіўся Максім Багдановіч, аўтар шэдэўра беларускай паэзіі — верша «Пагоня».

XX стагоддзе

У 1903 годзе была ўтвораная першая беларуская палітычная партыя — Грамада. Яна была створаная на з'езьдзе прадстаўнікоў студэнцкіх і вучнёўскіх гурткоў Вільні, Менска і Пецярбурга. Ідэйным базісам партыі быў сацыялізм. Першая праграма партыі прадугледжвала ўтварэнне Беларускай дэмакратычнай рэспублікі, другая — аўтаномію ў складзе Расіі. Сярод стваральнікаў партыі былі Вацлаў Іваноўскі, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Іван Луцкевіч. У 1917 годзе Петраградскі аддзел партыі налічваў каля тысячы сяброў, а агулам іх было каля пяці тысяч. Грамада стала адным з арганізатараў Першага Ўсебеларускага з'езду ў снежні 1917 года. З'езд быў разагнаны, але заклаў падмурак абвяшчэння беларускай нацыянальнай дзяржавы — Беларускай Народнай Рэспублікі.

У маі 1906 года ў выніку паслаблення ціску на нацыянальныя рухі з боку расійскіх уладаў, заснаванае першае беларускае легальнае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца». Першай выдадзенай кнігай стаў «Беларускі лемантар» Каруся Каганца. Усяго было выдадзена больш за сто тысяч асобнікаў кніг беларускіх творцаў (Адама Міцкевіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага) і перакладаў. Пачатак Першай сусветнай вайны спыніў дзейнасць выдавецтва.

1 жніўня 1906 года выйшаў першы нумар легальнай беларускай газеты «Наша доля». Чатыры з шасці нумароў былі канфіскаваныя царскай паліцыяй. Рэдактар газеты Іван Тукеркес быў зняволены.

Велізарная роля ў згуртаванні нацыянальных сіл належала тыднёвіку «Наша ніва», які ўпершыню пабачыў свет 10 лістапада 1906 года. За гады існавання «Наша ніва» стала агульнабеларускай газетай.

19 ліпеня 1914 года пачалася Першая сусветная вайна. Расія ўвязалася ў вайну і ўвяла свае войскі ў Прусію. Але хутка нямецкія войскі занялі палову тэрыторыі Беларусі. Толькі ў выніку нарачанскага наступу немцаў страты Расіі склалі блізу 100 тысяч чалавек. Цяжкае сацыяльна-эканамічнае становішча, спароджанае вайной, прывяло да кастрычніцкага перавароту ў Петраградзе, у выніку чаго да ўлады прыйшлі бальшавікі.

Трэцяя Устаўная грамата, у якой абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі

Паслабленне Расеі прывяло да нацыянальнага ўздыму прыгнечаных народаў. Па ўсёй Расіі паняволеныя нацыі сталі дэклараваць намеры аб незалежнасці. 18 снежня 1917 года ў Мінску распачаўся Першы Усебеларускі з’езд, які сабраў 1872 дэлегаты з этнічнага беларускага абшара. На з'ездзе быў закладзены падмурак беларускай дзяржаўнасці. У ноч з 30 на 31 снежня бальшавікі разагналі з'езд з выкарыстаннем узброеных аддзелаў. Дэкрэт аб разгоне падпісаў Карл Ландар. Аднак 18 лютага 1918 года пачаўся наступ нямецкіх войскаў і бальшавікі ўцяклі з Мінску. Выканаўчы Камітэт З'езду абвясціў сябе ўладай у Беларусі. 3 сакавіка 1918 году паміж Савецкай Расіяй і Германіяй ў Брэсце была падпісаная мірная дамова без удзелу беларусаў, поводле якой частка Беларусі была пакінутая немцам. Ва ўмовах ігнаравання беларускага нацыянальнага руху з боку Расіі й Нямеччыны, сярод беларускіх эліт сталі дамінаваць незалежніцкія настроі. 25 сакавіка 1918 году ў Мінску была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

11 кастрычніка 1918 года пры кіраванні Народнага Сакратарыяту на чале з Антонам Луцкевічам была прынятая часовая канстытуцыя БНР[11].

Пасля сыходу немцаў і бальшавіцкай акупацыі Мінска на пачатку снежня 1918 года, Рада БНР стала эмігранцкім урадам Беларусі. У адрозненне ад суседніх палякаў і летувісаў, беларусам не ўдалося стварыць незалежную нацыянальную дзяржаву[12].

Савецкія прышэльцы, якія ўзначалілі бальшавіцкі рух на тэрыторыі Беларусі, Аляксандр Мяснікоў (Мяснікян) і Вільгельм Кнорын (Кнорыньш), не прызнавалі права беларускага народа на існаванне[13]. Але яны не маглі ігнараваць ідэю беларускай дзяржаўнасці, падмурак якой быў закладзены абвяшчэннем БНР. Таму бальшавікі, нягледзячы на непрызнанне беларускай нацыі, абвясцілі Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку Беларусь 1 студзеня 1919 года. Гэта было зроблена з мэтай супрацьпастаўлення Беларускай Народнай Рэспубліцы і перацягнення на савецкі бок беларускіх адраджэнцаў. План расійскіх камуністаў аказаўся ўдалым, у выніку чаго быў утвораны беларускі савецкі ўрад на чале з выбітным беларускім пісьменнікам Змітром Жылуновічам (Цішка Гартны). Аднак з пачаткам актыўнай фазы савецка-польскай вайны, бальшавікі разагналі гэты ўрад і ліквідавалі ССРБ. Усходняя частка Беларусі была далучаная да РСФСР, а Заходнюю ўключылі ў склад Летувы і назвалі «Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі» (ЛітБел). У кіраўніцтве ЛітБел не было ніводнага беларуса і створаная яна была ў якасьці буфернай зоны між Польшчай і РСФСР. У ССРБ і ЛітБел беларуская мова не дапускалася да друку і дзяржаўнага ўжытку, не выдавалася ніводнай газеты на беларускай мове. 31 ліпеня 1920 года ССРБ была адроджаная бальшавікамі. Была запушчаная прапаганда, нібы бальшавікі прызнаюць права нацый на самавызначэнне і гарантуюць ім вольнае развіццё пад Савецкай Расіяй. Была абвешчаная палітыка беларусізацыі, якая дала магчымасьць друкавацца на беларускай мове, займацца навуковай дзейнасцю, плённа працаваць на ніве нацыянальнага адраджэння. Згаданая прапаганда аказалася эфектыўнай, і ў 1920-х гадах у Савецкую Беларусь з-за мяжы пераехалі выбітныя дзеячы беларускага адраджэння: Максім Гарэцкі, Францішак Аляхновіч, Вацлаў Ластоўскі, Аркадзь Смоліч, Аляксандр Цвікевіч, Палута Бадунова і іншыя. У паследку яны ўсе будуць фізічна знішчаныя савецкімі карнікамі. Разам з імі будуць знішчаныя і заснавальнікі Савецкай Беларусі Зміцер Жылуновіч, Аляксандр Чарвякоў, Усевалад Ігнатоўскі і іншыя. Бальшавікі-іншаземцы, якія ўсталёўвалі савецкую ўладу ў Беларусі (Карл Ландар, Вільгельм Кнорыньш, Мікалай Гікала, Канстанцін Гей), таксама будуць расстраляныя сваімі таварышамі.

Увосень 1920-га году на Случчыне ўтварылася нейтральная зона ў выніку расійска-польскага замірэння. Выкарыстоўваючы магчымасць, дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэння на Случчыне змаглі ўсталяваць у краі ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі і арганізаваць дзесяцітысячнае войска дзеля адпору наступу бальшавікоў з Расіі. Войска складалася з двух палкоў: 1-га Слуцкага на чале з Ахрэмам Гаўрыловічам і 2-га Грозаўскага на чале з Лукашам Семянюком. Была створаная Рада Случчыны на чале з Уладзімірам Пракулевічам. 27 лістапада пачаліся баі. Пасля месяца супраціву слуцкія ваяры былі вымушаныя адыйсці за раку Лань, дзе былі раззброеныя палякамі і змешчаныя ў лагеры для інтэрнаваных асоб. Частка ваяроў вярнулася ў Савецкую Беларусь, дзе ў паследку была фізічна знішчаная падчас савецкіх рэпрэсій.

Разам з тым заставалася актыўнай Беларуская сялянская партыя Зялёны Дуб, якая мела баявое крыло і ажыццяўляла партызанскую барацьбу супраць бальшавікоў.

18 сакавіка 1921 года паміх Савецкай Расіяй і Польшчай была падпісаная дамова, паводле якой Заходняя Беларусь адыходзіла Польшчы. Прадстаўнік Беларусі Аляксандр Чарвякоў не быў дапушчаны да перамоўнага стала. Усходняя Беларусь пад назвай «БССР» (Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка) фактычна стала калоніяй Расіі, афіцыйная назва якой з 1922 году гучала як «Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік». Далейшае знаходжаньне Беларусі ў складзе СССР характарызавалася згортваньнем палітыкі беларусізацыі і аднаўленьнем інтэнсыўнай русіфікацыі.

Заходняя Беларусь трапіла пад уладу Польшчы, дзе беларусы зазнавалі палітычны ўціск. У бюджэце на 1924 год першыя два месяцы ў структуры польскага экспарту займалі беларускі лес і украінская нафта. Каб не дапусціць аддзялення Заходняй Беларусі, польскія ўлады стваралі перашкоды дзеячам беларускага нацыянальнага руху. Нярэдкімі сталі палітычныя судовыя працэсы, турэмныя ўвязненні. Адным з лідараў беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі быў Браніслаў Тарашкевіч[1].

Канец XX і пачатак XXI стагоддзяў

Падчас перабудовы узнялася новая хваля беларускага нацыянальнага адраджэння. Новыя культурныя нацыянальныя арганізацыі, такія як Талака, былі сфармаваныя да канца 1980-х гадоў. Рух «БНФ Адраджэньне» на чале з Зянонам Пазняком быў заснаваны ў 1988 годзе. Пасля выбараў, якія адбыліся ў 1990, БНФ утварыў фракцыю з 35 дэпутатаў у Вярхоўным Савеце Беларусі і спрыяў здабыццю незалежнасці Беларусі пасля распаду СССР.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, абраны ў 1994 годзе, ініцыяваў наданне рускай мове статуса дзяржаўнай, адмову ад бела-чырвона-белага сцяга і Пагоні як дзяржаўных сімвалаў, аднаўленне русіфікацыйнай палітыкі расійскай імперскай і савецкай эпох[14][15][16][17][18], што замаруджвае працэс нацыянальнага адраджэння беларусаў.


Зноскі

  1. 1 2 3 4 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, Зм. Санько. — Мн.: рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
  2. 1 2 Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862—1918): Падзеі. Даты. Ілюстрацыі. — Вільня: Наша Будучыня, 1999. — 223 с.
  3. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года. АРТЫКУЛЪ 1. Вси обыватели Великого князства Литовского тым одным правом писаным и от нас даным сужоны быти мають.
  4. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года. РОЗДЕЛ ЧЕТВЕРТЫЙ: О СУДЬЯХ И О СУДЕХ.
  5. Золотая орда // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: в 86 т. (82 т. и 4 доп.). — СПб., 1890—1907. (руск.)
  6. Выраз «збіральнік Рускай зямлі» упершыню ўжываецца ў «Слове о житии и о преставлении великого князя Дмитрия Ивановича, царя русского» (канец XIV або пачатак XV стагоддзя) адносна маскоўскага князя Івана Каліты. Тэрмін «збіранне Рускай зямлі» ўвёў у навуковы зварот расійскі гісторык XIX стагоддзя С. М. Салаўёў.
  7. 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  8. Паданне пра філаматаў, або Доля аднаго пакалення // Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цвіркі,. — Мн.: 1998. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
  9. «Літва» ці «Жмудзь». Па слядах назвы адной краіны… Архівавана 12 верасня 2018. // Інстытут беларускай гісторыі і культуры
  10. Лойка А., Рагойша В. Беларуская літаратура ХІХ ст. Хрэстаматыя. Мн. 1988. с. 250—283.
  11. Сідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка // ЭГБ. Т. 1. — Менск, 1993. С. 387.
  12. Snyder T. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569—1999 (Yale University Press, 2003). P. 42
  13. «Мы считаем, что белорусы не являются нацией, и что те этнографические особенности, которые их отделяют от остальных русских, должны быть изжиты» — Вільгельм Кнорыньш, «Звезда», 6 кастрычніка 1918
  14. Нацыянальная катастрофа на тле мяккай беларусізацыі // Новы час
  15. Vadzim Smok Архівавана 1 лістапада 2020.. Belarusian Identity: the Impact of Lukashenka’s Rule // Analytical Paper. Ostrogorski Centre, BelarusDigest, 9 December 2013
  16. Belarus has an identity crisis // openDemocracy
  17. Галоўная бяда беларусаў у Беларусі — мова // Новы час
  18. Аляксандар Русіфікатар // Наша Ніва

Літаратура

Глядзіце таксама

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.