Беларускія прозвішчы сфарміраваліся ў кантэксце агульнаеўрапейскага працэсу. Першыя з іх датуюцца канцом XIV — пачатку XV стагоддзя, калі тэрыторыя Беларусі ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Вынікам складанага і працяглага шляху развіцця антрапаніміі ў розных рэгіёнах стала разнароднасць беларускіх прозвішчаў. Асноўны корпус беларускіх прозвішчаў з’явіўся ў XVII—XVIII стагоддзях, аднак яны не былі ўстойлівымі, абавязковымі. Строга спадчыннымі і юрыдычна замацаванымі яны сталі толькі ў 1930-х гадах.
Беларуская фамільная сістэма ў поўнай меры адлюстроўвае складанае і багатае палітычнае жыццё краіны, і нясе ў сабе сляды шматлікіх культурных уплываў. Па гэтай прычыне ў асновах беларускіх прозвішчаў могуць быць словы, звязаныя з літоўскай, польскай, рускай мовамі. З суседніх народаў толькі латышы не пакінулі прыкметнага адбітка ў беларускім фамільным фондзе. Сярод прозвішчаў, утвораных ад апелятыўнай лексікі, каля 55% утваральных іх асноў тлумачацца на базе лексікі беларускай мовы, прыкладна 6% — рускай, прыкладна па 3% — украінскай, цюркскіх і літоўскай. Каля 33% асноў невядомага паходжання.
Першыя ўстойлівыя фамільныя назвы прымаліся магнатамі з другой паловы XV стагоддзя. Гэтыя старажытныя радавыя імёны: Сапега, Тышкевіч, Пац, Хадкевіч, Глебавіч, Няміра, Ёдка, Ільініч, Гарнастай, Грамыка — шырока распаўсюджаныя сярод беларусаў і сёння. Аднак асноўная маса прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя ў першай палове XVI стагоддзя працягвалі карыстацца слізгальнымі найменнямі па бацьку, тыпу Гневаш Тварыянавіч або Барташ Аляхновіч, зрэшты як і сяляне. Да канца стагоддзя большасць шляхецкіх родаў ужо абзавяліся пастаяннымі радавымі імёнамі. Хоць прыклады змены радавога наймення сустракаліся часта, напрыклад род Давойна стаў насіць мянушку Салагубы і г. д. Прозвішчы шляхты маглі ўзнікнуць з імя па бацьку або дзедзіцтва (на -овіч/-евіч) — Вайніловіч, Федаровіч, ад назвы маёнтку або вотчыны (на - скі/-цкі) — Бяляўскі, Бароўскі, або ад мянушкі прабацькі — Воўк, Нарбут.
Асновы для сялянскіх прозвішчаў часцяком чэрпаліся з таго ж фонду шляхецкіх прозвішчаў, або маглі браць пачатак ад чыста сялянскіх мянушак — Бурак, Кагут. Доўгі час прозвішча сялянскага роду была няўстойлівым. Часта адна сялянская сям’я насіла дзве ці нават тры мянушкі, напрыклад, Максім Нос, ён жа Максім Багдановіч.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе пашыраецца колькасць прозвішчаў з суфіксамі -оў/-аў/-ез/-ін, уласцівыя для рускай антрапанімікі — Казлоў, Кавалёў, Новікаў.
У беларускай антрапаніміі ў якасці прозвішчаў выкарыстоўваюцца шматлікія намінальныя назоўнікі без дадання спецыяльных суфіксаў (Жук, Мароз). Распаўсюджаныя падобныя прозвішчы (часта з тымі ж асновамі) і ва ўкраінскай антрапаніміі.
Канчаткова беларуская фамільная сістэма аформілася да другой паловы XIX стагоддзя.
Літаратура
На беларуска мове
- Бірыла М. В. Беларуская антрапанімiя. Уласныя iмёны, iмёны-мянушкi, iмёны па бацьку, прозвішчы. — Мінск: Навука i тэхніка, 1966. — 328 с. — 1000 экз.
- Бірыла М. В. Беларуская антрапанімiя. 2: Прозвішчы, утвораные ад апелятыўнай лексікi. — Мінск: Навука i тэхніка, 1969. — 508 с. — 1000 экз.
- Бірыла М. В. Беларуская антрапанімiя. 3: Структура ўласных мужчынскіх iмен. — Мінск: Навука i тэхніка, 1982. — 320 с. — 900 экз.
- Бірыла М. В. Тыпалогія і геаграфія славянскіх прозвішчаў / Даклады Х Міжнароднага з’езду славістаў. — Мінск: Акад. навук БССР, 1988. — 110 с.
- Усціновіч Г. К. Антрапанімія Гродзеншчыны і Брэстчыны (ХІV—ХVІІІ стст.). — Мінск: Навука і тэхніка, 1975. — 175 с.
- Шур В. В. Беларускія ўласныя iмёны: Беларуская антрапанімiка i тапанімiка. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1998. — 239 с. — ISBN 985-02-0164-9
- Станкевіч Я. Збор твораў у двух тамах. Т. 1. — Менск: Энцыклапедыкс, 2002. — 552 с. — ISBN 985-6599-45-8
На рускай мове
- Бирилло Н. В. Белорусская антропонимия: Автореф. дис. … докт. филол. наук. — Мн., 1969. — 48 с.
- Гурская Ю. А. Древние фамилии современного белорусского ареала на славянском и балтийском фоне. — Мн.: Бел. гос. пед. ун-т, 2007. — 360 с. — 100 экз. — ISBN 978-985-501-524-7
- Рогалёв А. Ф. Историческая антропонимия Гомеля и окрестностей. — Гомель: Барк, 2009. — 166 с. — 150 экз.— ISBN 978-985-6763-49-9
- Унбегаун Б. Г. Русские фамилии / Пер. с англ. Общ. ред. Б. А. Успенского. — М.: Прогресс, 1989. — 443 с.
На ўкраінскай мове
- Медвідь-Пахомова С. М. Еволюція антропонімних формул у слов’янських мовах. — Ужгород: УДУ, 1999. — 244 с. — ISBN 966-7400-05-5