Беларускія найміты ў Кот-д’Івуары
Паштовая марка з выявай аднамеснага Су-25. Падобныя пастаўляліся Беларуссю ў Кот-д’Івуар («02» і «03»). Непасрэдна наймітамі эскплуатавалася вучэбна-баявая мадыфікацыя на два месцы («20» і «21»).
Паштовая марка з выявай аднамеснага Су-25. Падобныя пастаўляліся Беларуссю ў Кот-д’Івуар («02» і «03»). Непасрэдна наймітамі эскплуатавалася вучэбна-баявая мадыфікацыя на два месцы («20» і «21»).
Гады існавання лістапад 2002 — лістапад 2004, 2005
Краіна  Беларусь
Тып Ваенныя спецыялісты Беларусі, Найміты з былых савецкіх рэспублік у Афрыцы, Авіяспецыялісты былых савецкіх рэспублік у Афрыцы
Функцыя падрыхтоўка лётчыкаў, рамонт і абслугоўванне авіяцыйнай тэхнікі, садзейнічанне ў баявых дзеяннях
Колькасць
  • • 2 лётчыка і ад 6 (RFI) да 8 (WikiLeaks) тэхнікаў у Ямусукра
  • • 4 тэхніка ў Абіджане
Дыслакацыя  Кот-д’Івуар
Удзел у
Камандзіры
Вядомыя камандзіры Рабер Мантоя (меркаваны вярбоўшчык і каардынатар)
Кот-д’Івуар Патрыс Уэй (пракуратар баявых аперацый)
Вонкавыя выявы
Фотаздымкі, зробленыя не пазней за 4 лістапада 2004.
(Апублікаваны ў артыкуле Стэйна Мітцэра і Ёста Оліманса на Oryx Blog. Аўтарства невядома.)
Групавое фота беларускіх ваенных спецыялістаў і івуарыйскіх лётчыкаў на фоне Су-25.
Івуарыйскія і беларускія тэхнікі разам з чарнаскурым пілотам.
Беларускія лётчыкі ў аэрапорце Ямусукра.
Узлёт Су-25УБ. У кабіне бачны бледнатвары і чарнаскуры пілоты.

Беларускія найміты ў Кот-д’Івуары — група былых кадравых лётчыкаў і тэхнікаў Узброеных Сіл Беларусь у Рэспубліцы Кот-д’Івуар, меркавана накіраваных пад патранажам французскіх і беларускіх уладаў для аказання дапамогі ўрадавай арміі Ларана Гбагбо ў грамадзянскай вайне 2002—2007 гадоў.

Беларусы займаліся перападрыхтоўкай афрыканскіх авіятараў, якія раней эксплуатавалі французскія Dassault/Dornier Alpha Jet, для палётаў на савецкіх штурмавіках Су-25. Івуарыйцы здзейснілі са сваімі замежнымі інструктарамі толькі тры баявых вылету. Падчас апошняга яны выпадкова альбо наўмысна нанеслі ўдар па французскай базе ў Буаке. Інцыдэнт прывёў да захопу французскімі войскамі аэрадрома Ямусукра і выступленняў апалчэння «Маладыя патрыёты» ў Абіджане. Пасля гэтага беларусы неадкладна пакінулі краіну. Праз гады на іх была заведзена крымінальная справа па факце забойства вайскоўцаў. Адзін з наймітаў, Юрый Сушкін, завочна прысуджаны да пажыццёвага зняволення.

У той час у Кот-д’Івуары, акрамя грамадзян Беларусі, знаходзіліся таксама наёмныя авіяспецыялісты з Францыі, ПАР, Расіі і Украіны.

Напярэдадні

З пачатку 1990-х у Кот-д’Івуары пачала напальвацца абстаноўка, выкліканая эканамічным спадам і этнічнай напружанасцю. Апошняе стала наступствам пазбаўлення выбарчага права парадку 26% насельніцтва — працоўных мігрантаў з Буркіна-Фасо і іх нашчадкаў у другім пакаленні. Нягледзячы на сваю шматлікасць, гэтая група па тагачасным заканадаўству не магла ўдзельнічаць у палітычным жыцці дзяржавы. У верасні 2002 года супярэчнасці выліліся ў грамадзянскую вайну. Варагуючыя бакі былі прадстаўлены ўрадам прэзідэнта Ларана Гбагбо і апазіцыйнай групоўкай «Новая сіла». Адначасна ў «гарачай кропцы» разгарнула сваю дзейнасць Францыя. Яна актыўна дапамагала дзеючаму прэзідэнту. Французскі бок, што афіцыйна выступаў у канфлікце як міратворац, імкнуўся падтрымаць лаяльны сабе рэжым і парадак у былой калоніі[1][2] (гл. неакаланіялізм).

Фактычнай сталіцай паўстанцкай кааліцыі стаў горад Буаке. Ён меў выгаднае стратэгічнае становішча — населены пункт звязаны чыгункай з Буркіна-Фасо і аўтамабільнымі дарогамі з гарадамі Абіджан і Ямусукра, а таксама суседнімі дзяржавамі Малі, Гана і тым жа Буркіна-Фасо[1]. Тут жа размяшчалася буйная база ВПС Кот-д’Івуара, дзе знаходзілася значная частка авіятэхнікі краіны. У пачатку канфлікту гэты аб’ект трапіў у рукі мяцежнікаў, што пазбавіла ўрадавую авіяцыю асновы свайго парку[3].

Тым часам Узброеныя сілы Кот-д’Івуара пачалі актыўна закупляць ваенную тэхніку ў Беларусі. У 2002-м прададзены 2 Мі-24В, 10 мінамётаў 2С12 «Сані» і 12 БМП-1. У 2003 годзе пастаўлены 2 Су-25УБ (двухмесныя), 6 РСЗА БМ-21, 6 БТР-80, 13 БРДМ-2 і 1 БМП-1. У 2004 годзе івуарыйцы атрымалі яшчэ 2 Су-25, але ўжо аднамесных[4]. Таксама ішлі пастаўкі вялікай колькасці стралковай зброі і боепрыпасаў[5].

Раней, у 1992—1996 гадах, у Беларусі праводзілася палітыка дэмілітарызацыі, у рамках якой былі ажыццёўлены мерапрыемствы па скарачэнні ўзброеных сіл і ўзбраенняў. Многія вайскоўцы патрапілі пад скарачэнні або сышлі з-за нізкіх заробкаў, у той час як дзяржава стаяла перад праблемай утылізацыі лішкаў ваеннай тэхнікі. Першы фактар прывёў да наёмніцтва, калі былыя вайсковыя кадры з’язджалі на заробкі ў развіваныя краіны, а другі — распродажы ўзбраенняў[6][7]. Найважнейшым рэгіёнам у сферы збыту ваеннай прадукцыі і аказання паслуг ваенспецаў стала Афрыка[8].

Дзейнасць

Адначасна з тэхнікай у краіну накіраваны беларускія рамонтнікі і пілоты. Як пісаў часопіс «История авиации», тэхнічны персанал прыбыў ужо ў лістападзе 2002 года для абслугоўвання Мі-24[9]. У маі наступнага года, калі ўрадавыя сілы атрымалі першыя штурмавікі, разам з імі ў Кот-д’Івуары апынуўся Ан-12 з беларускім[5] альбо ўкраінскім[3] экіпажам.

Паводле газеты «Камсамольская праўда», наймітаў маглі завербаваць праз нейкую фірму ў Мінску, якая арганізуе выезд былых вайскоўцаў на замежныя падпрацоўкі. Праз некалькі гадоў гэтая ж кантора будзе займацца выездам ваенных спецыялістаў у Лівію[10]. У краіну, згодна з «Le Monde», яны прыбылі праз Тога пры падтрымцы зброевага гандляра Рабера Мантоя[11]. Кантынгент грунтаваўся на аэрадроме пад Ямусукра, які дзяліў з французскімі вайскоўцамі, у прыватнасці, 2-м гусарскім палком. Іх асноўнай задачай было перанавучыць івуарыйскіх пілотаў, якія раней ляталі на Dassault/Dornier Alpha Jet, да палётаў на Су-25[3]. Як паведаміла выданне «Médiapart», французскія спецслужбы вялі сталае сачэнне за наймітамі і круглыя суткі назіралі за падрыхтоўкай урадавых сіл[12].

У місію былі ўцягнуты не толькі беларусы. Так, на працягу некалькіх месяцаў у навучальных цэнтрах Украіны прайшлі падрыхтоўку шэсць івуарыйскіх лётчыкаў і наземны тэхнічны персанал[5].

Дакладныя даныя аб колькасці групы невядомы. У складзе кантынгенту налічвалася ад 6 (па даных RFI[12]) да 8 (па даных WikiLeaks[13]) авіяцыйных тэхнікаў. Яшчэ чацвёра знаходзіліся ў Абіджане на абслугоўванні Ан-12 разам з іншай наёмнай групай расійска-ўкраінскіх лётчыкаў і тэхнікаў[14]. Паведамлялася пра двух авіятараў — Юрыя Сушкіна і Барыса Смахіна. Першы раней узначальваў авіябазу ў Паставах і меў вопыт баявых дзеянняў у Афганістане. Аб другім інфармацыі няма.

Авіяцыйны парк

Па даных Oryxspioenkop і часопіса «История авиации».

Год
пастаўкі
Бартавы
нумар
Мадэль Пастаўшчык Заўвагі
Верталёты
2002 ? Мі-24В (2 адз.)  Беларусь першапачаткова пілатавалі найміты з Францыі і ПАР, якія раней ваявалі ў Сьера-Леонэ;
тэхнікі набраны з ліку беларусаў і ўкраінцаў[9]
2002 ? Мі-24П  Балгарыя першапачаткова пілатавалі найміты з Францыі і ПАР, якія раней ваявалі ў Сьера-Леонэ;
тэхнікі набраны з ліку беларусаў і ўкраінцаў[9]
2003 ? Мі-24Д (2 адз.)  Балгарыя першапачаткова пілатавалі найміты з Францыі і ПАР, якія раней ваявалі ў Сьера-Леонэ;
тэхнікі набраны з ліку беларусаў і ўкраінцаў[9]
Штурмавыя самалёты
2003 «20» Су-25УБ (вучэбна-баявы, двухмесны)  Беларусь пілатавалі Барыс Смахін і івуарыйскі лётчык
2003 «21» Су-25УБ (вучэбна-баявы, двухмесны)  Беларусь пілатавалі Юрый Сушкін і івуарыйскі лётчык
2004 «02» Су-25 (баявы, аднамесны)  Беларусь не сабраны і не эксплутаваўся
2004 «03» Су-25 (баявы, аднамесны)  Беларусь не сабраны і не эксплутаваўся
Транспартныя самалёты
2004 ? Ан-12 ? эксплуатавала каманда з 15 пілотаў і тэхнікаў, у ліку якіх украінцы, расіяне, беларусы[14]

Акрамя згаданай тэхнікі, да лістапада 2004 года івуарыйская авіяцыя набыла і іншыя машыны, у ліку якіх 3 верталёты (два Мі-8 і чатыры IAR-330 — транспартная мадыфікацыя Sud-Aviation SA.330 Puma з Румыніі), 4 самалёты (BAC Strikemaster, якімі кіраваў французскі прыватны ваенны падрадчык, атрымаўшы іх з Батсваны праз Мальту) і 2 беспілотнікі (Aeronautics Aerostar з Ізраіля)[3][5].

Аднак ударнай сілай ВПС сталі менавіта беларускія Су-25. Усе чатыры штурмавікі былі ўпрыгожаны маркіроўкай у выглядзе пашчаў акул, якая ўжывалася амаль на ўсіх урадавых баявых самалётах і верталётах з пачатку 2000-х гадоў. «Пашчы» ўпершыню пачалі маляваць на некаторых беларускіх Мі-24 яшчэ ў 1990-х гадах, а затым перавандравалі ў Кот-д’Івуары. Цікава, што борт «21» быў абсталяваны бронелістамі па баках задняй кабіны, падобнымі на МіГ-23БН і МіГ-27. Дадзеныя элементы з’яўляюцца ўнікальнай асаблівасцю двух мадэрнізаваных Беларуссю штурмавікоў (іншая машына пастаўлена ў Перу) і ніколі не сустракаліся ні на адным іншым Су-25 у свеце[3].

Інцыдэнт у Буаке

Карта падзей лістапада 2004 года.

13 кастрычніка 2004 года кіраўніцтва «Новай сілы» абвясціла аб выхадзе з праграмы па раззбраенні, якая вялася ў рамках мірнага працэсу паміж уладамі і апазіцыяй, паколькі недалёка ад дэмаркацыйнай лініі паўстанцы перахапілі два грузавікі са зброяй, прызначанай для ўрадавай арміі. 28 кастрычніка на кантраляваных мяцежнікамі паўночных тэрыторыях абвешчана надзвычайнае становішча. 4 лістапада прэзідэнт Гбагбо аддаў распараджэнне вырабіць серыю удараў па паўстанцам[15][16].

У той жа дзень авіяцыя ажыццявіла першы баявы вылет на гарады Караго і Буаке[17]. На заданне выйшлі два змешаных экіпажа: Юрый Сушкін ляцеў з капітанам Анжам Гнандуетам («21»), а Барыс Смахін з іншым афрыканцам («20»). Падпалкоўнік Патрыс Уэй быў каардынатарам аперацыі[18]. Удары былі нанесены па складах боепрыпасаў і хованках лідараў паўстанцаў. У выніку паветранага налёту пацярпела і мірнае насельніцтва[3]

5 лістапада штурмавікі нанеслі серыю ўдараў па пазіцыях баевікоў у паўночнай частцы краіны. У Буаке быў знішчаны штаб паўстанцаў. Экіпажы ўжывалі фугасныя авіябомбы ФАБ-250, разавыя бомбавыя касеты РБК-250-275, а таксама НУРСы С-5. Пры з’яўленні ў паветры Су-25 мяцежнікі пачыналі адразу панікаваць і разбягаліся нярэдка кідаючы зброю[17].

6 лістапада экіпажы здзейснілі яшчэ адзін вылет. На гэты раз, меркавана памылкова, пад налёт трапіла база французскіх міратворцаў у Буаке. Пад бомбамі загінулі дзевяць вайскоўцаў[19]. Сярод ахвяр быў адзін грамадзянін ЗША, які працаваў па гуманітарнай місіі[20]. Вярнуўшыся на базу, пілоты сутыкнуліся з байцамі марской пяхоты Францыі. Ваенныя абстралялі самалёты з супрацьтанкавых комплексаў, забіўшы аднаго івуарыйскага тэхніка, а затым паланілі ўсіх на тэрыторыі гавані. Тым не менш неўзабаве яны адпусцілі затрыманых. Беларусы, пад выглядам спецыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі[21], вырашаюць бегчы ў Гану, а адтуль на аўтобусе[11] сыходзяць у Тога[3].

16 лістапада групу ловяць тагалезскія сілавікі. Тагачасны міністр унутраных спраў краіны Франсуа Бока спрабаваў выдаць замежнікаў французскім уладам, але праз два тыдні з сакрэтнага дазволу апошніх іх адпускаюць[13]. Найміты былі хутка эвакуяваны з Тога пры пасярэдніцтве Рабера Мантоя[12].

Адначасова ў аэрапорце горада Абіджан затрыманы экіпаж транспартнага самалёта Ан-12, у складзе якога 15 грамадзян краін СНД, сярод якіх 8 украінцаў, 4 беларуса і 3 расіян[14].

У лістападзе 2005 года, па даных тэлеканала CNN, у Кот-д’Івуар накіраваліся 10 тэхнікаў з Украіны і Беларусі. У іх задачу ўваходзіла аднаўленне і рамонт самалётаў і верталётаў, якія пацярпелі падчас канфлікту з Францыяй[22].

Улады

Афіцыйныя заявы

Выкарыстанне паслуг беларускіх ваенных спецыялістаў.
     Беларусь
     пацверджана ўладамі
     абвяргаецца ўладамі/няма афіцыйных заяў (у т.л. Кот-д’Івуар)

Ужо 12 лістапада 2004 года міністр абароны Францыі Мішэль Алія-Мары паведаміла, што ў самалётах Кот-д’Івуара знаходзіліся беларускія пілоты-найміты[23].

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Савіных заяўляў аб адсутнасці беларускіх грамадзян, а тым больш вайскоўцаў, у Кот-д’Івуары на момант інцыдэнту[24][25].

Урад Гбагбо таксама адмаўляў удзел у падзеях беларусаў. Са слоў тагачаснага намесніка камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі Кот-д’Івуара палкоўніка Аду Бахіра Дэніса[26], замежнікі хоць і аказвалі дапамогу і кансультацыі ваеннай авіяцыі, але непасрэдна з тэхнікай не працавалі. У той жа час, у адказ на пытанне адносна тэхнікаў з белым колерам скуры, афіцэр сказаў, што гэтыя асобы з’яўляліся мулатамі або мелі змешанае паходжанне[27].

Што тычыцца затрыманых у Абіджане, то мінабароны заявіла, што ніхто з замежнікаў самалётамі не кіраваў, пілатаваннем займаліся толькі івуарыйцы. У той жа час, згодна з ваенным ведамствам, у краіне знаходзіліся 15 беларускіх механікаў, якія абслугоўвалі самалёты. Пасля аказалася, што 8 з іх на самай справе былі грамадзянамі Украіны[24].

У 2005-м прадстаўнікі ўкраінскіх і беларускіх уладаў адмаўлялі інфармацыю CNN пра прыбыццё группы сваіх тэхнікаў для новага аднаўлення ВПС. У сваю чаргу Міністэрства абароны Кот-д’Івуара прызнала, што наняла замежных спецыялістаў для абслугоўвання і рамонту авіятэхнікі, але не ўдакладніла, якіх менавіта[22].

Сувязі з Парыжам і Мінскам

Першыя падазрэнні ў сувязях наймітаў з французска-беларускімі элітамі з’явіліся ў 2010 годзе з публікацыяй матэрыялаў сайта WikiLeaks, атрыманых ад тагачаснага міністра ўнутраных спраў Тога Франсуа Бока. Як высветлілася, калі адзін з лётчыкаў (па іншых даных, абодва[12]) і яшчэ некалькі беларускіх грамадзян былі затрыманы ў краіне, то ўлады апавясцілі французскіх вайскоўцаў і спецслужбы. Аднак тыя далі негалосны дазвол адпусціць замежнікаў[13].

Як адзначаў ваенны аналітык Аляксандр Алесін, для розных замежных місій, асабліва ў зонах баявых дзеянняў, беларускія ўлады выкарыстоўваюць часцей за ўсё менавіта адстаўных вайскоўцаў, а не дзейныя кадры[28]. Розныя недзяржаўныя беларускія крыніцы паведамілі, што на івуарыйскіх Су-25 магчыма былі беларускія пілоты, якія з’яўляліся альбо наймітамі, альбо дзейнымі беларускімі вайскоўцамі. Самалёты, як паведамлялася, былі таксама накіраваны ў Кот-д’Івуар з Беларусі. Уцягванне дзяржавы было абгрунтавана жаданнем Парыжа прыкрыць сваю ценявую дзейнасць тут[29][25][30]. За рашэннем дадзенага пытання, паводле спецкарэспандэнта RFI Сяргея Дзмітрыева, стаяў былы жандар службы бяспекі Елісейскага палаца пры Франсуа Мітэране[11] Рабер Мантоя, які пад патранажам французскага ўрада займаўся рознай дзейнасцю ў Афрыцы, пастаўкамі зброі і вярбоўкай замежных байцоў[12].

Доўгія гады сем’і загінулых вайскоўцаў і іх юрысты спрабавалі ініцыяваць расследаванне налёту на Буаке, але каля 15 гадоў іх старанні былі беспаспяховы. Адна з версій, агучаных газетай «Le Monde», меркавала, што судовы працэс над беларускімі лётчыкамі ў Парыжы мог выявіць непрывабную ролю французскага гандляра зброяй Рабера Мантоя, які ў той час пражываў у Тога і меў непасрэднае дачыненне да пастаўкаў узбраенняў, у тым ліку з краін былога СССР. Гэта магло закрануць інтарэсы французскага істэблішменту. Таксама выданне апублікавала некалькі тэорый, што тычацца падзей 6 лістапада 2004 года. Па іх налёт экіпажаў быў запланаванай акцыяй Францыі, якая імкнулася альбо стварыць падставу для вываду сваіх войск, альбо зрушыць Гбагбо[31].

Англамоўныя крыніцы адзначалі, што беларусы маглі мець сувязі з паўднёваафрыканскай ПВК «Executive Outcomes»[32][33]. Раней згаданы Рабер Мантоя кіраваў офісам прадпрыемства ў Тога. У 1996 годзе былы жандарм дапамагаў французскім спецслужбам у стварэнні найміцкага падраздзялення «Белы легіён», якое ваявала ў Заіры[34].

Як меркавала інтэрнет-выданне «Свободная пресса», мінская кантора, што накіравала спецыялістаў у краіну, знаходзілася пад наглядам беларускіх спецслужб[35].

Пасля Уагадугускага пагаднення

З заканчэннем канфлікту Беларусь працягнула аказваць ваенную дапамогу івуарыйскай арміі. У 2009 годзе Мінск прадаў краіне ўзбраенняў на суму 8,4 мільёна долараў[30].

У красавіку 2012 года Савет бяспекі ААН разглядзеў даклад сваіх экспертаў аб незаконных пастаўках зброі ў Кот-д’Івуар. Нібыта перад другой грамадзянскай вайной войскі Гбагбо закуплялі ўзбраенне і боепрыпасы ў суседніх краінах, а таксама ў Румыніі і Беларусі. Сярод гандлёвых партнёраў па пастаўках зброі ў дакладзе пазначаны беларуская фірма «Белтэхэкспарт» Уладзіміра Пефціева і латвійска-туніская UAZ-CI[36]. Дзяржваенпрамкам у асобе Уладзіміра Лаўранюка абверг гэтую інфармацыю. Прадстаўнік камітэта назваў паведамленні аб парушэннях эмбарга чарговай дэзінфармацыяй, якую яны разглядаюць як элемент наўмыснай дэструктыўнай інфармацыйнай кампаніі, накіраванай на падрыў іміджу рэспублікі. Уладзімір Лаўранюк нагадаў пра леташнія падзеі, калі міжнародная арганізацыя прынесла прабачэнні за памылковую інфармацыю, што датычыліся паставак беларускіх верталётаў[37].

3 лютага 2020 года, паводле звестак Africa intellegence, у краіну прыбылі дзесяць беларускіх вайскоўцаў, чыёй задачай стала правядзенне курсу падрыхтоўкі для жандараў[38]. У маі таго ж года яшчэ чатыры беларускія спецыялісты прадастаўлены для тэхнічнага абслугоўвання машын і навучання івуарыйскіх тэхнікаў[39]. Замежнікі размясціліся на вайсковай базе Агбан пад Абіджанам, якую займала групоўка бранятанкавых эскадрылляў (фр.: Groupement d’Escadrons Blindés). Дадзенае падраздзяленне структурна ўваходзіць у склад Нацыянальнай жандармерыі. Злучэнне мае на ўзбраенні розную колавую бранятэхніку, у тым ліку БРДМ «Кайман» вытворчасці 140-га рамонтнага завода. Восем гэтых машын, якімі размяшчалі івуарыйскія вайскоўцы, былі прадэманстраваны 7 жніўня 2018 года ў прыгарадзе Абіджана Ёпугоне на парадзе з нагоды Дня незалежнасці Кот-д’Івуара[38]. На мерапрыемстве прысутнічаў прэзідэнт краіны Аласан Уатара.

У канцы сакавіка 2021 года пачаліся судовыя пасяджэнні па падзеям у Буаке. 15 красавіка парыжскі трыбунал завочна прызнаў Сушкіна, Гнандуета і Уэя вінаватымі ў забойстве вайскоўцаў і прысудзіў іх да пажыццёвага зняволення. Смахіна са справы выключылі па невядомых прычынах[40]. Пры вынясенні прысуду было адзначана, што атака на французскіх вайскоўцаў была «вызначана наўмыснай». Да гэтага часу адзін з лётчыкаў, Атуалі, ужо сканаў. Ён памёр у 2016 годзе[18]. У выніку суда ніяк не праясніліся матывы ўдару па базе: так як абвінавачаныя адсутнічалі, не было і іх паказанняў. Завочна асудзілі толькі выканаўцаў, так што дагэтуль незразумела, хто менавіта навёў штурмавікі на французскі ваенны лагер[40].

Гл. таксама

Заўвагі

  1. 1 2 Алексей Алексеев. Кот, ранее известный как Берег // Коммерсантъ, 15 августа 2020
  2. Антон Василенко. Как электоральные конфликты перерастают в боевые действия // Warspot : военно-исторический портал. — 20 июня 2015.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 Stijn Mitzer and Joost Oliemans & 31 March 2021.
  4. Завоюет ли Беларусь позиции на глобальных рынках оружия?
  5. 1 2 3 4 Франчук 2005, p. 65.
  6. Валер Карбалевіч. Якія наступствы могуць мець скандалы з пастаўкамі зброі? // Радыё Свабода : радыёвяшчальная арганізацыя. — 1 сакавіка 2011.
  7. Андрей Александрович. Летало ли белорусское оружие в Ливию и Кот-д'Ивуар? // TUT.BY : интернет-портал. — 2 марта 2011.
  8. Егор Лебедок. Белорусское военное присутствие в Африке Архівавана 27 ліпеня 2022. // Thinktanks.by : сайт белорусских исследований. — 7 февраля 2021.
  9. 1 2 3 4 Франчук 2005, p. 64.
  10. На стороне Каддафи воюют белорусские партизаны // Комсомольская правда : газета. — 6 апреля 2011.
  11. 1 2 3 Thomas Hofnung, « Bouaké : pourquoi la juge veut renvoyer Alliot-Marie, Villepin et Barnier devant la Cour de justice », Le Monde,‎ 24 février 2016
  12. 1 2 3 4 5 Сергей Дмитриев. 15 лет без ответа: кто виновен в бомбардировке французских военных в Кот-д’Ивуар Архівавана 13 мая 2021. // RFI, 20 марта 2020
  13. 1 2 3 Wikileaks: Белорусские летчики бомбили французскую военную базу в Африке(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 ліпеня 2018. Праверана 1 жніўня 2018.
  14. 1 2 3 Авиаторы СНГ помогают африканцам воевать. Архівавана з першакрыніцы 15 верасня 2021. Праверана 15 верасня 2021.
  15. Ann Talbot, «Ivory Coast: protests erupt vs. French military strikes» Архівавана 27 кастрычніка 2012., World Socialist Web Site, 9 November 2004.
  16. Грамадзянская вайна ў Кот-д’Івуар Архівавана 14 ліпеня 2018. (руск.)
  17. 1 2 Франчук 2005, p. 66.
  18. 1 2 Дмитрий Гусев. Тайны Су-25 и Юрия Сушкина: в Париже вынесли приговор по делу об убийстве французских военных в Кот-д’Ивуар // RFI, 16 апреля 2021
  19. Trafics d'armes. Архівавана з першакрыніцы 27 верасня 2020. Праверана 25 студзеня 2022.
  20. Bombardement à Bouaké : Robert J. Carsky, l’Américain oublié. Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2022. Праверана 25 студзеня 2022.
  21. Франчук 2005, p. 68.
  22. 1 2 Украина и Белоруссия тайно восстанавливают ВВС Кот-д’Ивуара // Лента.ру 14 ноября 2005
  23. Французов разбомбили белорусские пилоты Архівавана 25 жніўня 2019. — Коммерсантъ, 12.11.2004
  24. 1 2 Кот-д’Ивуар: Французы взяли под стражу украинцев и белорусов(недаступная спасылка) // TUT.BY, 14 ноября 2004
  25. 1 2 Белорусские наёмники на Су-25 разбомбили франко-американских «миротворцев» в Кот-д’Ивуар(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 красавіка 2015. Праверана 3 жніўня 2009.
  26. Письмо Председателя Комитета Совета Безопасности, учрежденного резолюцией 1572 (2004) по Кот-д’Ивуару, от 17 октября 2007 года на имя Председателя Совета Безопасности От имени Комитета Совета Безопасности, учрежденного резолюцией 1572 (2004) по Кот-д’Ивуару, и в соответствии с пунктом 2 резолюции 1761 (2007) Совета Безопасности имею честь настоящим препроводить доклад Группы экспертов по Кот-д’Ивуару Архівавана 22 кастрычніка 2021.
  27. Франчук 2005, p. 67.
  28. Эксперт: В Ливии могут воевать белорусские летчики, штабисты и снайперы
  29. 15 лет назад Франция обвинила белорусов в бомбардировке в Африке. Рассказываем эту историю Архівавана 15 лістапада 2019.
  30. 1 2 "След белорусского оружия в Кот-д'Ивуар". Архівавана з арыгінала 2017-10-08. {{cite news}}: Невядомы параметр |deadlink= ігнараваны (прапануецца |url-status=) (даведка) Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 кастрычніка 2017. Праверана 13 красавіка 2022.Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 кастрычніка 2017. Праверана 13 красавіка 2022.
  31. Bouaké : pourquoi la juge veut renvoyer Alliot-Marie, Villepin et Barnier devant la Cour de justice
  32. Ero, Comfort. Ivory Coast on the brink (англ.). International Crisis Group (15 снежня 2002). Праверана 1 кастрычніка 2022.
  33. Mercenary involvement won't be tolerated, govt (англ.). The New Humanitarian (31 кастрычніка 2002). Праверана 1 кастрычніка 2022.
  34. Коновалов, Иван Петрович. Солдаты удачи и воины корпораций : История современного наёмничества. — Пушкино : Центр стратегической конъюнктуры, 2015. — 216 с. — ББК 68:8 К64. — УДК 623(G). — ISBN 978-5-9906069-7-5.
  35. Виктор Сокирко. Белорусские «партизаны»: Лукашенко вскрыл канал «миграции наёмников», о котором давно знал // Свободная пресса : интернет-издание. — 30 июля 2020.
  36. Компания Пефтиева поставляла оружие в Кот Д'Ивуар
  37. Поставляет ли Беларусь оружие в Кот-д'Ивуар? // Аргументы и Факты в Белоруссии : газета. — №17. — 25 апреля 2012.
  38. 1 2 Инструкторы из Беларуси прибыли в Кот-д’Ивуар для обучения местных жандармов
  39. Белорусское военное присутствие в Африке Архівавана 27 ліпеня 2022.
  40. 1 2 Денис Бурковский. Белорус заочно получил пожизненное за убийство французских миротворцев. Рассказываем, что известно Архівавана 21 красавіка 2021. // TUT.BY, 16 апреля 2021

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.