Беларуска-польска-расійскі слоўнік
Аўтар Язэп Ціхінскі

«Беларуска-польска-расійскі слоўнік» (арыг. Biełaruska-polska-rasijski sloŭnik) — 16-томны трохмоўны слоўнік новай беларускай літаратурнай мовы (125 тыс. рэестравых слоў), складзены дробным памешчык Магілёўскай губерні Язэпам Ціхінскім, які каля 40 гадоў займаўся лексікаграфічнай дзейнасцю (1870-я — пачатак XX ст.) і па гэтай прычыне страціў зрок.

У рукапісным аддзеле бібліятэкі Літоўскай АН імя Урублеўскіх захавалася толькі частка матэрыялаў складальніка (7308 с.), што ўцалела пасля Вялікай Айчыннай вайны і адшукана ў пачатку 1958 г. малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР А. А. Вяржбоўскім (страчаны 4 тамы на літары Б, В, Н, О, Р, Ц, каля 3 тыс. с.)[1].

Гісторыя ўзнікнення слоўніка

Працу па збіранні лексікі беларускай мовы для вялікага трохмоўнага «Biełaruska-polska-rasijskaga sloŭnika» дробны памешчык Магілёўскай губерні Я. Ціхінскі распачаў яшчэ ў 1870-я гады. Яна была завершана аўтарам толькі ў 1900-х гадах. Аб гэтым сведчаць надпісы, зробленыя на старонках рукапісу: над літарай Д (daliczania − dalikacicca) складальнік пазначыў алоўкам «1 styc. 1906», над літарай К (kaczacca — kaczan) «4 listap. 1906» (933, 3r). Даследчык М. Ф. Гуліцкі ўказвае на своеасаблівасць слоўнікавай працы, паколькі ў ёй выкарыстоўваецца трохмоўе, што абумоўлена грамадска-палітычнымі ўмовамі Беларусі таго часу. «Развіццё слоўнікавага саставу беларускай літаратурнай мовы ў XIX ст. адбывалася ва ўмовах існавання на Беларусі так званага полілінгвізму, калі рускія і польскія словы мелі шырокі доступ і ўзбагачалі яе моўна-стылістычныя сродкі» . Ціхінскі імкнуўся адштурхнуцца пэўным сэнсе ад гэтых моў, пераважна абапіраючыся на наяўныя сродкі беларускай мовы.

Праца над слоўнікам адбывалася на працягу 40 гадоў, з гэтай прычыны аўтар страціў зрок. (Аб тэмпе яго працы сведчаць некаторыя факты. З 1904 г. пачаў пісаць у наступным тэмпе: том А на кожным з 11 аркушаў па 16 старонак мае даты: 1, 7, 9, 12, 16, 18, 20, 25 верасня, 8, 9, 19 кастрычніка 1905 г., 37 аркушаў тома К напісаны з 1 лістапада 1906 г. па 26 мая 1907 г.; 96 аркушаў тома Т (каля 30 тыс. слоў) напісаны за год і г.д.). Пасля 1917 г. Ціхінскі цяжка хварэў і ў новых эканамічных умовах не меў магчымасці выдаць слоўнік за ўласныя сродкі. У 1921 г. рукапіс трапіў прадстаўніку навукова-літаратурнага аддзела Народнага камісарыята асветы Беларусі. Пасля заснавання Інбелкульта перададзены ў бібліятэку Інстытута. 16-томны рукапіс перакладнога «Biełaruska-polska-rasijskaga sloŭnika» Ціхінскага ў 641 аўтарскі аркуш прадстаўляў на той час галоўную каштоўнасць Інстытута. М. Байкоў добра быў знаёмы з рукапісам слоўніка і адзначаў памер працы прыкладна ў 10 250 старонак на 150 тысяч слоў беларускай мовы.

Мегаструктура слоўніка

У мегаструктуру слоўніка Ціхінскага ўваходзяць аўтарская прадмова і корпус лексічных адзінак. У якасці прадмовы да рукапісу аўтар падае шэсць кароткіх заўваг, якія датычаць напісання беларускіх слоў і ілюстрацыйнага матэрыялу:

  1. Każde «О», na które nie pada akcent, zamienia się na «А».
  2. W niektórych odcieniach tej mowy, a mianowicie w ziemiach północno-wschodnich «О», na które nie pada akcent, przechodzi w tępy odgłos, jak by w «У» (myłydaja).
  3. Każde «О», na które nie pada akcent, zamienia się w «JA».
  4. W ziemiach polodniowo-zachodnich w wielu wyrazach nieakcentowane «E» zamienia się na «I» (cipier, nima, nijaki).
  5. W powiecie Wołkowyskim od Świsłoczy mówią: poŭchodzili, poŭspadali, poŭmierali.
  6. Forma CCA używana w cześciach ziem północno-wschodnich, wschodnich i środkowych, widąc na zachód zmienia się na CSIA lub ną CCIA, a więcej wszystkiego na CSA i ta ostatnia forma wypiera pierwsze z używania

З прадмовы зразумела, што аўтар карыстаецца фанетычным прынцыпам у перадачы беларускіх рэестравых слоў. У слоўніку паслядоўна перадаецца

  • аканне: paradkam, pa paradku, ażanicca, z rozumam, litar, wokam, razhladać, jakoha, padaszwa, astarożna, stalica.
  • яканне: jadomy, biareznikach, pryniasli, lanicca, hladzieć, ziamli, niapraŭda, apiakunstwa, piata, lażyć, ciakawaści, hladzieć, ahladna.
  • дзеканне: адлюстравана паслядоўна пры дапамозе спалучэнняў dz і дз адпаведна: zwadzić (звадзіць), wadzić, zdziełacca, pachodzić, ludziej, bazhluzdzić.
  • цеканне: адлюстравана паслядоўна незалежна ад месца ў слове.
  • напісанне у нескладовага : гэтая фанетычная з’ява беларускай мовы адлюстроўваецца ў графіка-арфаграфічнай сістэме слоўніка пры дапамозе графемы ŭ у большасці выпадкаў у пазіцыі сярэдзіны ці канца слова пасля галоснага: ababkaŭ, ażaniŭszysia, paczaŭ, doŭha, nasiŭszy, daŭsia, kroŭju, Prusakaŭ, Palakaŭ, abazachociŭsia. У пазіцыі пачатку слова нават пасля папярэдняга галоснага аўтар ставіць звычайнае u: i udow, zapaczkany u krowi, mnie u znaki, na usiakam dzieli, nia uczynić.
  • гук і: як ужо было відаць з вышэйпрыведзеных прыкладаў, Ціхінскі пры кірылічным запісе беларускіх лексем ужываў графему и: абабицца, абацадляникъ, абачиць, абачиваць, абдзирацца, злыдникъ, абакулиць. Гэтая ж графема ўжывалася і для абазначэння гука [ы]: адуриць (параўн. запіс лацінкай aduryć).
  • фрыкатыўны г: перадаецца дастаткова паслядоўна пры дапамозе знака h: hety, abahrawać, hreć, jaho, hetyja, darohi, uhniatania, (w) hrawstwi, zhnusnieć.

Корпус слоўніка

Корпус слоўніка Ціхінскага змяшчае 125 тыс. рэестравых слоў. Супраць іншых беларускіх перакладных прац XIX — пачатку XX ст., названы слоўнік самы абʼёмны. Крыніцы матэрыялу слоўніка пакуль што дакладна не высветленыя. «Вядома, Я. Ціхінскі прымаў актыўны ўдзел у дваранскіх выбарах і такім чынам быў знаёмы з шматлікімі валаснымі, павятовымі і губернскімі пісарамі, якія маглі дапамагаць яму збіраць картатэку, ад якой пакуль што нічога не знойдзена»[2].

Словы ў корпусе размешчаны паводле лацінскага алфавіту, з выкарыстаннем часткова алфавітна-гнездавога спосабу, у выніку чаго слоўнік дасягнуў найбольшага ахопу лексікі, адлюстраваў яе сістэмныя сувязі, бо ў гняздо ўключаліся многія вытворныя словы: dár, darénia, dareawánia, darawáć, darýe, padarúnak, abdárany, abdarénie, abdarawány, abdarawánia, abdarawánie, abdarówywanie, abdarawá ć, abdarówywá ć,abdarýć, abdarýcial, abdarýcialka, abdarýwać. Нават у параўнанні са слоўнікам Насовіча, у слоўніку Ціхінскага больш дасканала выпісаны дэрываты: kachá́ć, pakacháć, zakacháć, kachácca, pakachácca, zakachácca, kachánaczak, kachánaczka, kachának, kachánka, kachánia, pakachánia, zakachánia, kachány, zakachány, kachánianki; коха́ненький, коха́нка, коха́нне, коха́нокъ, коха́ный, коха́ць, коха́цься.

Слоўнікавыя артыкулы складаюцца па наступным прынцыпе: намінацыя (у беларускай лексемы пазначаны націск), сінонімы і лексічныя варыянты (калі яны ёсць), тлумачэнне, тэкставая ілюстрацыя:

Abábak (абабакъ)grzyb czarnyБерезовикъ
Hryb zwyczajny jadomy szto najbolej rascieć u biareznikachGrzyb pospolity, jedalny, rosnący przeważnie w lasach brzozowychОбыкновенный грибъ, съедобный, ростущий преимущественно въ лесахъ березовыхъ
Pryniasli ababkaŭPrzynieśli czarnych grzybówПринесли березовиковъ

Як відаць з прыведзеных прыкладаў, да кожнай лексемы даецца тлумачэнне на адпаведнай мове, чаго не назіраецца ў іншых беларускіх слоўніках таго часу (напрыклад слоўніку Івана Насовіча, у якім беларускія лексемы растлумачаны па-руску).

У параўнанні са слоўнікам Мядзведскага, лексікаграфічнае апісанне тэрмінаадзінак Ціхінскага зроблена больш дасканала. Так, да многіх загалоўных паняццяў аўтар падае акцэнталагічныя, фанетычныя і марфалагічныя варыянты, змешчаныя ў адным або розных артыкулах з адсылкай да галоўнага: danína і daṅ (930, 11r); kabzá, kobzá і kapszá (931, 6r); káchla, káfla і káfal (931, 7v); sábas, sábat і szábus (933, 1v); sahajdák і sajdák (933, 5v); saká, sóka і asaká (933, 6r)) або суправаджае іх шэрагам сінонімаў, якія ўтвараюць сінанімічныя рады: dalína ʻдалинаʼ − nizína - padól (930, 3r); kabán – wiaprúk – parsiúk (931, 2v)[3].

Навуковыя назвы паслядоўна праакцэнтаваны, часам з указаннем рухомага націску: sahán (933, 5r), samabytność (933, 10v), kabálny, kabalistýczny i kabalístaŭski (931, 2r); sakrúszywacca і sakruszácca (933, 57v), забяспечаны часцінамоўнымі паметамі (kabiércawy pr. ковровый (931, 4r); kablón s.m. треска (931, 5 r)), адсылкамі (pabréżża – pabiareża, pabiareża – przybreże − прибережье (932, 20v)), этымалагічнымі даведкамі (dalmátyka z lacin. – далматика (930, 3v); dalihójda z litowsk. – przypiewek – припевъ (930, 1r); damahóh z greck. – демагогъ (930, 5r); kabatáż z hrancuz. − каботажъ (931, 3r)), багатым ілюстрацыйным матэрыялам: Kaadjútar ʻкоадьютаръʼ. Kaadjutar biskupa. Коадьютаръ бискупа (931, 1v); Káchla ʻкафляʼ. Pieczka z kafhaj. Кафлявая печь (931, 7v)[3].

Аналіз рэестра слоўніка сведчыць, што складальнік усебакова раскрываў значэнні слоў, даваў ім кваліфікаванае, даходлівае тлумачэнне шляхам падбору польскіх і рускіх адпаведнікаў, у многіх выпадках дапаўняючы іх энцыклапедычнымі звесткамі: kábuz – кобецъ. Ptuszka z hatunka drapieżnych dziannych rodu sakalow, maje 13 hatunkaŭ. Птица изъ ряда хищныхъ дневныхъ породы соколовъ, имеетъ 13 сортовъ (931, 5v); zaalóhija ʻзоологіяʼ. Nawuka, szto maić za pradmiet usiakuju żywiolu i ich apisania. Наука, имеющая за предметъ животныхъ и ихъ описаніе (934, 3r)[3].

Полісеманты выдзяляюцца ў межах аднаго артыкула са шматзначным рэестравым словам: Sadzíba ʻsaedziba, asada; kusok hruntu hdzie budynki, ahkrod, dwor. Pancki dwor u dziareŭniʼ (933, 4v); saldát ʻToj szto slużyć u wojska, bawicca żaŭnierkaju. Saldaciuha, rycar, wajaka, bahatyrʼ (933, 9r). У падачы амонімаў няма строга вытрыманай сістэмы: у адных выпадках яны размяжоўваюцца і прыводзяцца ў асобных слоўнікавых артыкулах, у другіх аб’яднаны ў адзін: Dalína ʻNizina, padolʼ; Daliná ʻAddalenia, adlehlaśćʼ (930, 3r); Kabála ʻTradycja, padania żydoŭskaja; umienia tajemnaja abcawać z duchami. Hadania u karty sztob wiedać szto budzić. Spisak, intryha, plotka, zmovaʼ (931, 2r)[3].

Аснову слоўніка складае агульнаўжывальная лексіка беларускай мовы. Разам з тым у ім адзначана шмат рэгіянальных слоў пераважна з тэрыторыі ўсходняй Беларусі: pożnia, pachać, piańka, але не толькі: milta, paranasznik, pajedzie. Адначасова ў слоўніку адзначаецца шмат лексем, якія маглі існаваць толькі ва ўжытку адукаванай, інтэлігентнай часткі беларускамоўнага грамадства: abacadła, lamantar, abacadlanik, abanament, abanawać, abaraniać і інш.

Слоўнік Ціхінскага змяшчае і шмат анамастычных намінацый: тапонімы (Albania, Abchazja, Hawana, Dancyh, назвы міфалагічных істот (Minerwa, Jason), прозвішчы вядомых гістарычных асоб, уласныя імёны (Albin, Aksiuta). Тлумачэнне такога роду намінацый набліжана да энцыклапедычных артыкулаў.

Асаблівую каштоўнасць і матэрыял для вывучэння складаюць анамастычныя назвы, якія маюць дачыненне да гісторыі, культуры і этнаграфіі Беларусі:

Palésia(Паліеся)PolesieПолѣсье
Palesica (Палѣсица) kraj szto lażyć pad wialikimi lasami, lasisty. Biarahi, koncy lasoŭ. Szmaty daŭnych wajawodztw: Bresko-Litoŭskoho, Wałyńskaho i Kijaŭskoho, szto najbolaj usiaho majuć lasoŭ.Kraj pod wielkomo lasami leżący, lesisty. Brzegi, krańce lasów. Cześć dawnych województw: Bresko-Litewskiego, Wołyńskiego i Kijowskiego najwięcej obfitujących w lasy.Край около большихъ лѣсовъ лежащий, лѣсной. Берега, концы лѣсовъ. Часть бывшихъ воеводствъ: Бреско-Литовского, Волынского и Киевского, болѣе всего изобильныхъ въ лѣса

Звяртаюць на сябе ўвагу адсутнасць функцыянальна-стылістычнай характарыстыкі слова, недастатковая распрацаванасць сістэмы граматычных памет, разнабой у адлюстраванні амонімаў, а таксама недахопы і памылкі ў перакладзе асобных семантычных адценняў слоў (papléchnik – popléchnik – заступникъ (932, 68v)), у адзнаках стылістычных характарыстык (sabáczka – lopuch – репейникъ (933, 4r), kabýlnik – mleczaj – груздь (931, 6r), sadúchi – smierć − смерть (933, 4r)), у падачы форм тэрмінаадзінак і іх адпаведнікаў (zaaktykawać – zaoblatować – явить (934, 2v), pabiaréżnik – prybrezny − прибережный (932, 12v))[3].

Аднак названыя няпэўнасці не змяншаюць агульнай каштоўнасці рукапісу. Улічваючы такія станоўчыя бакі, як паўната рэестру, фанетычна дакладнае адлюстраванне асаблівасцей беларускай мовы, багацце афіксальнага словаўтварэння, лексічная шырыня слоўнікавага матэрыялу, дакладнае вызначэнне этымалогіі слова, праца Ціхінскага адыграла «немалаважную ролю як зыходны пункт у развіцці перакладной шматмоўнай лексікаграфіі»[4][3].

Лёс рукапісу

Упершыню слоўнік Ціхінскага быў апісаны Міколам Байковым яшчэ ў 1922 г. Выдатны беларускі лексікограф вельмі высока ацэньваў працу свайго папярэдніка, прылічыўшы яе да галоўнай каштоўнасці Інбелкульта.

У 1930-я гады слоўнік пачалі рыхтаваць да друку. Але падрыхтаваная копія разам з рукапісам загінула ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Выйшла, аднак, на тое, што існаваў яшчэ адзін варыянт працы беларускага даследчыка. З крыніц становіцца зразумелым тое, што Ціхінскі стварыў два экземпляры слоўніка.

Да Вялікай Айчыннай вайны Інстытут мовазнаўства з машынапіснай копіі, зробленай у Маскве, рыхтаваў слоўнік да выдання, аднак у 1941—1944 гг. рэдакцыйныя матэрыялы слоўніка загінулі ў Мінску разам з іншымі навуковымі каштоўнасцямі АН БССР (4 тамы на літары В, Н, О, Р, каля 3 тыс. старонак). Частка рукапісу, якая захавалася, адшукана ў пачатку 1958 г. малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР А. А. Вяржбоўскім у фондах АН Літвы разам з лістом вядомага беларускага этнографа і фалькларыста М. Федароўскага ў лісце да дачкі складальніка ад 10 мая 1906 года, дзе даецца высовая ацэнка яго працы − тома А на 30 тыс. слоў. Па словах А. А. Вяржбоўскага, у час вайны рукапіс трапіў у Вільню. Пасля вызвалення горада розныя архіўныя матэрыялы, сярод якіх знаходзіўся рукапіс, у 1945 г. былі апячатаны і ў 1946 г. размеркаваны паміж Віленскім дзяржаўным універсітэтам, АН і Цэнтральным Архівам Літоўскай ССР, а часткова адпраўлены ў Мінск. Пра гэта сведчыць кароткае паведамленне ў літоўскай газеце «Tiesa» (бел. «Праўда») ад 9 сакавіка 1958 г. і рэцэнзія на «Biełaruska-polska-rasijski sloŭnik» навукоўца, надрукаваная 18 жніўня 1961 г. (машынапіс), якая захавалася ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва ў Мінску.

Пазней з’явіліся і іншыя працы — Эльжбеты Смулковай і Мікалая Гуліцкага, аднак дагэтуль 7 308 старонак віленскага рукапісу застаюцца маладаследаванымі.

У наш час рукапіс слоўніка зберагаецца ў аддзеле рукапісаў і рэдкіх кніг бібліятэкі Акадэміі Навук Літвы. Гэтая праца вельмі цікавая для даследчыкаў усіх трох славянскіх моў — беларускай, рускай і польскай.

Крыніцы

  1. Вяржбоўскі, А. Пошукі трэба працягваць… (рэцэнзія на рукапісны слоўнік Я. Ціхінскага) / А. Вяржбоўскі // БДАМЛМ. − Ф. 12. − Воп. 1. — Д. 622. — Л. 23 — 31. , с. 24 − 25
  2. Астанковіч С. Будзько І. Язэп Ціхінскі (1843—1922?) і Адраджэнне Беларусі // Гістарычны альманах. Т. 17. Гародня, 2011. С. 130
  3. 1 2 3 4 5 6 Т. Л. Памазенка. ЛЕКСІКА З ТЭРМІНАЛАГІЧНЫМ ЗНАЧЭННЕМ Ў ПЕРАКЛАДНЫХ ЛЕКСІКАГРАФІЧНЫХ КРЫНІЦАХ КАНЦА XIX – ПАЧАТКУ XX СТ.
  4. Гуліцкі, М. Ф. З лексікаграфічных набыткаў (перакладны трохмоўны беларуска-польска-рускі слоўнік Я. Ціхінскага) / М.Ф. Гуліцкі // Беларуская мова. – 1983. – Вып. 8. – С. 111−119

Літаратура

  • Анічэнка, У. В. Гістарычная лексікалогія ўсходнеславянскіх моў: вучэб.дапаможнік / У. В. Анічэнка. − Гомель: ГДУ, 1978. − 94 с.
  • Астанковіч С., Будзько І. Язэп Ціхінскі (1843—1922?) і Адраджэнне Беларусі // Гістарычны альманах. Т. 17. — Гародня, 2011, С. 124—141.
  • Байкоў, М. Я. Слоўнікавая праца ў беларускай мове / М. Я. Байкоў// Лінгвістыка 1920-х: тэрміналёгія, лексыкаграфія, правапіс, фармаваньне літаратурнай мовы / уклад. С. Запрудзкі // ARCHE. − 2010. − № 11 (98). − С. 109 − 126.
  • Вяржбоўскі, А. Пошукі трэба працягваць… (рэцэнзія на рукапісны слоўнік Я. Ціхінскага) / А. Вяржбоўскі // БДАМЛМ. − Ф. 12. − Воп. 1. — Д. 622. — Л. 23 — 31.
  • Гуліцкі, М. Ф. З лексікаграфічных набыткаў (перакладны трохмоўны беларуска-польска-рускі слоўнік Я. Ціхінскага) / М. Ф. Гуліцкі // Беларуская мова. — 1983. — Вып. 8. — С. 111−119.
  • Гуліцкі М. Ф. Ціхінскі Язэп // Беларуская мова: Энцыклапедыя. Мн.: БелЭН, 1994. С. 604.
  • Суднік М. Р. Ціхінскі Язэп // Беларуская энцыклапедыя. У 18 Т. Т. 17. Мн.: БелЭН, 2003. С. 130.
  • Smułkowa E. Informacja o białorusko-polsko-rosyjskim thesaurusie z przełomu XIX i XX wieku // Slavia Orientalis. Rocznik XI. Nr. 1. Warszawa, 1962. S. 109—114

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.