Беларуская служба Радыё «Свабода»
Выява лагатыпа
Дата пачатку вяшчання 20 мая 1954
Сайт svaboda.org (бел.)

Беларуская служба Радыё «Свабода» — беларускамоўнае падраздзяленне Радыё «Свабода», якое вяшчае з-за меж Беларусі, уваходзіць у структуру Радыё Свабода — Свабодная Еўропа і фінансуецца з ЗША. Кіраўнік — Аляксандр Лукашук.

Гісторыя

Радыё «Свабода» заснавана пад назвай Радыё «Вызваленне» ў Мюнхене ў 1953 годзе ва ўмовах «халоднай вайны» для вядзення прапаганды супраць СССР. У складзе радыё былі арганізаваны адпаведныя нацыянальныя рэдакцыі, у тым ліку і беларуская, што пачала вяшчанне 20 мая 1954 года. У склад першай беларускай рэдакцыі ўвайшлі: Вінцэнт Жук-Грышкевіч (кіраўнік), Пётра Сыч (намеснік), Янка Ліманоўскі, Сымон Кабыш (Кандыбовіч), Лявон Карась. Напачатку гэта былі 15‑хвілінныя перадачы 24 разы на суткі[1].

З 19 сакавіка 1956 года праграмы былі падоўжаныя да 20 хвілін і перасылаюцца цяпер 18 разоў на суткі. Кожная беларуская радыёперадача пачыналася словамі: «Тут Радыё „Вызваленне“. Вы слухаеце голас сваіх суродзічаў-Беларусаў з вольнага свету… Наш голас ёсць вашым голасам, бо мы з’яўляемся часткай вас, часткай усіх Беларусаў». Беларуская Рэдакцыя Радыё «Вызваленне» гаварыла аб мінуўшчыне беларускага народу, аб яго палітычным, сацыяльным і нацыянальным жыцці ў межах СССР[2].

Асноўнымі кірункамі радыёперадач «Свабоды» былі крытыка сацыялізму, савецкага ладу, нацыянальна-дзяржаўнага ўпарадкавання СССР. У іх асвятляліся негатыўныя з’явы з гісторыі і сучаснага жыцця СССР і Беларусі, у тым ліку парушэнні правоў чалавека, палітычныя рэпрэсіі ў СССР. Паведамлялася пра падзеі і здарэнні, якія замоўчваліся ў савецкіх СМІ, пра праваабарончы рух, дысідэнтаў, чыталіся творы, што былі забаронены ў СССР.

Пасля распаду СССР і спынення «халоднай вайны» беларуская рэдакцыя Радыё «Свабода» вяшчае ў новых умовах. У 1995 годзе штаб-кватэра «Свабоды» перанесена з Мюнхена ў Прагу. Створаны карэспандэнцкія пункты ў Беларусі. Пашырыўся і абнавіўся штат рэдакцыі.

Беларуская служба Радыё «Свабода» цяпер вяшчае па 8 гадзін у суткі на кароткіх і сярэдніх хвалях, а таксама са спадарожніка. З 10 снежня 1998 года Радыё вяшчае таксама праз інтэрнэт, сайт Радыё «Свабода» карыстаецца тарашкевіцай[3]. У эфір выходзяць інфармацыйныя і аналітычныя праграмы па палітычных, эканамічных, культуралагічных, гістарычных, рэлігійных, краязнаўчых і іншых праблемах. Наладжана двухбаковая сувязь са слухачамі. Журналісты «Свабоды» арыентаваныя на заходнія ліберальна-дэмакратычныя каштоўнасці.

З 2002 года Беларуская рэдакцыя Радыё выпускае кнігі[4], а з 2004 — і кампакт‑дыскі[5].

У 2006 годзе Беларуская служба Радыё «Свабода» атрымала галоўны прыз за найлепшае асвятленне гарачых навін сярод 20 рэдакцый Радыё «Свабодная Еўропа», а ў 2007 — за дасягненні ў мультымедыйнай канвергенцыі. У 2008 годзе Беларуская служба Радыё заняла першае месца ў пераліку на колькасць насельніцтва адпаведнай краіны сярод іншых службаў Радыё «Свабодная Еўропа»[6].

30 красавіка 2019 года Радыё «Свабода» пасля амаль 65 гадоў штодзённага эфіру пакінула радыёхвалі. З хваль радыёэфіру служба пераключылася на іншыя каналы перадачы аўдыясігналу. Надалей яе можна слухаць у сусветным сеціве — і ў патокавым вяшчанні, і на падкаставых платформах — а таксама праз спадарожнік[7].

Сярод былых і сучасных супрацоўнікаў беларускай рэдакцыі Радыё «Свабода» Станіслаў Станкевіч, Янка Запруднік, Наталля Арсеннева[8], Галіна Айзенштат, Валянцін Жданко, Юры Дракахруст, Аляксандр Лукашук, Сяргей Навумчык, Данчык, Валянціна Аксак і іншыя.

Забароны

Са жніўня 2020 года па загаду Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь доступ на сайт Радыё «Свабода» ў краіне абмежаваны за асвятленне рэсурсам пратэстаў у Беларусі[9][10].

На пачатку снежня 2021 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-канала «Радыё Свабода-Беларусь» і аналагі ў сацсетках і YouTube[11]. 23 снежня Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь прызнала Беларускую службу Радыё «Свабода» экстрэмісцкім фарміраваннем[12]. Стварэнне такога фарміравання або ўдзел у ім з’яўляецца ў Беларусі крымінальным злачынствам[13].

Кіраўнікі

  1. Вінцэнт Жук-Грышкевіч (1953—1956)
  2. Уладзімір Дудзіцкі[14] (1956—1962)
  3. Уладзімір Цвірка[15] (1962—1968)
  4. Майсей Сяднёў[16] (1968—1983)
  5. Юры Сянькоўскі (1983—1991)
  6. Вячка Станкевіч (1991—1998)
  7. Аляксандр Лукашук (1998 — кастрычнік 2007)
  8. Ян Максімюк (кастрычнік 2007—2008)[17]
  9. Аляксандр Лукашук (2008—2023)[18]

Зноскі

  1. Беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода» — 55 гадоў Архівавана 3 чэрвеня 2009.// Наша Ніва. 20 мая 2009
  2. «Гаворыць радыё Вызваленне…»: Выбраныя матэрыялы Беларускай Рэдакцыі. — Мюнхен: Стараннем Беларускай Рэдакцыі Радыя Вызваленне, 1956. — 144 с.
  3. РАДЫЁ СВАБОДА / Беларускі Iнтэрнэт. archive.svaboda.org. Праверана 6 студзеня 2024.
  4. Бібліятэка Свабоды. XXI стагоддзе Архівавана 20 ліпеня 2008.// Радыё «Свабода». 17 студзеня 2008
  5. Свабода, Радыё. У менскім Доме літаратара адбылася вечарына прысьвечаная 80-годзьдзю з Дня нараджэньня Васіля Быкава . Радыё Свабода (11 снежня 2007). Праверана 6 студзеня 2024.
  6. Свабода, Радыё. 10 гадоў у Інтэрнэце . Радыё Свабода (12 снежня 2008). Праверана 6 студзеня 2024.
  7. Разьвітаньне з радыёхвалямі . Радыё Свабода. Праверана 6 студзеня 2024.
  8. Шупа, Сяргей. Радыё Свабода год за годам: 1964 . Радыё Свабода (11 ліпеня 2009). Праверана 6 студзеня 2024.
  9. Олехнович, Виталий. В Беларуси заблокирован ряд сайтов. В том числе и СМИ (руск.). Onliner.by (22 жніўня 2020). Праверана 23 снежня 2020.
  10. В Белоруссии заблокировали несколько десятков информационных сайтов. Среди них — "Радио Свобода" и "Медиазона" (руск.). Meduza (22 жніўня 2020). Праверана 24 жніўня 2020.
  11. Тэлеграм-канал і сацсеткі «Радыё Свабода» прызнаныя экстрэмісцкімі. Наша Ніва (3 снежня 2021). Праверана 30 снежня 2021.
  12. «Радыё Свабода» прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Наша Ніва (23 снежня 2021). Праверана 30 снежня 2021.
  13. БАЖ: Патрабуем спыніць практыку выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства для абмежавання свабоды слова(недаступная спасылка). Беларуская асацыяцыя журналістаў (17 лістапада 2021). Архівавана з першакрыніцы 22 снежня 2021. Праверана 22 снежня 2021.
  14. Шупа, Сяргей. Радыё Свабода год за годам: 1956 . Радыё Свабода (3 ліпеня 2009). Праверана 6 студзеня 2024.
  15. Шупа, Сяргей. Радыё Свабода год за годам: 1962 . Радыё Свабода (9 ліпеня 2009). Праверана 6 студзеня 2024.
  16. Шупа, Сяргей. Радыё Свабода год за годам: 1968 . Радыё Свабода (15 ліпеня 2009). Праверана 6 студзеня 2024.
  17. Шупа, Сяргей. На хвалі Свабоды: Год 2007 . Радыё Свабода (13 мая 2014). Праверана 6 студзеня 2024.
  18. Лукашук, Аляксандар. Рука Свабоды. Аляксандар Лукашук разьвітваецца з Радыё Свабода . Радыё Свабода (5 лютага 2023). Праверана 6 студзеня 2024.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.