Белару́ская рэспубліка́нская па́ртыя (БРП) — палітычная партыя дэмакратычнага кірунку. Створана 28 сакавіка 1994 года. Кіруючы орган паміж з’ездамі — палітычная рада. Ставіць за мэту стварэнне суверэннай дэмакратычнай беларускай дзяржавы з выразным раздзяленнем галін улады, прыярытэтнымі каштоўнасцямі ў якой павінны стаць матэрыяльны і духоўны росквіт беларускага народа, развіццё яго нацыянальнай культуры і традыцый, выкананне Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека. Ажыццяўленне праграмных задач бачыць у максімальным выкарыстанні выгаднага геапалітычнага становішча Беларусі, высокага адукацыйнага і прафесійнага ўзроўню насельніцтва, навуковага патэнцыялу, мясцовых сыравінных запасаў і радовішчаў. У 1999 годзе партыя не прайшла перарэгістрацыю.
Літаратура
- Беларуская рэспубліканская партыя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).. — С. 423.