Беларуская партыя «Зялёныя»
Выява лагатыпа
Дата заснавання 17 красавіка 1994
Дата роспуску 27 ліпеня 2023
Штаб-кватэра Мінск, пр. Незалежнасці, 31 — 26
Краіна
Ідэалогія зялёная палітыка, экасацыялізм
Інтэрнацыянал Глабальныя зялёныя (асацыіраваныя члены)
Колькасць членаў 1141 (2002)[1]
Дэвіз Ніхто не дасканалы і кожны можа зрабіць няшмат, але разам мы зможам назаўсёды змяніць беларускую палітыку
Сайт greenparty.by

Беларуская партыя «Зялёныя» (БПЗ) — ліквідаваная ўладамі беларуская палітычная партыя сацыяльна-экалагічнага кірунку. Партыя была заснавана 17 красавіка 1994 года і зарэгістравана 3 чэрвеня 1994 года.

Партыя не падтрымлівала палітыку Аляксандра Лукашэнкі.

27 ліпеня 2023 года Вярхоўны суд Беларусі ліквідаваў Беларускую партыю «Зялёныя»[2].

Мэты

Стварэнне здаровага жыццёвага асяроддзя для чалавека, сацыяльныя і прыродныя параметры якога забяспечваюць максімум магчымасцей для яго развіцця; развіццё духоўнасці, высокамаральных адносін да ўсяго жывога, фарміраванне і распаўсюджванне экалагічнага стылю мыслення на ўсе сферы жыцця людзей, у тым ліку і на палітычную; мір паміж народамі і дзяржавамі, забарона, а ў перспектыве і знішчэнне ядзернай, хімічнай і біялагічнай зброі, а таксама найбольш жорсткіх відаў звычайнага ўзбраення.[3]

Гісторыя

Партыя была створана ў 1994 годзе пад назвай Беларуская партыя «Зялёны мір» на базе часткі членаў Беларускай партыі зялёных, якая аддзялілася ад яе[4]. Кіруючым органам паміж з’ездамі была Цэнтральная рада. Старшынёй партыі быў абраны Алег Грамыка. Рэгіянальныя адзяленні партыі існавалі ва ўсіх абласцях Беларусі.

13 верасня 1999 года партыя прайшла перерэгістрацыю як Беларуская партыя «Зялёныя». Да 2008 года партыя мела рэгіянальны характар з цэнтрам у Гомелі і рабіла стаўку на мясцовы актыў[5]. 9-12 кастрычніка 2008 года ў Парыжы адбыўся кангрэс Еўрапейскай партыі зялёных (EGP), у працы якога прынялі ўдзел дэлегаты БПЗ. Падчас кангрэса была разгледжана заява БПЗ аб тым, каб прысвоіць беларускім «зялёным» статус партыі-назіральніка ў EGP. Удзельнікі кангрэса аднагалосна задаволілі просьбу.[6]

31 мая 2010 года партыя заявіла аб вылучэнні Юрыя Глушакова (намеснік старшыні партыі, былы дэпутат Гомельскага гарсавета) кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах[7]). Аднак партыя не сабрала неабходнай для вылучэння колькасці подпісаў і ў кастрычніку 2010 года Юрый Глушакоў заявіў аб зняцці сваёй кандыдатуры[8].

У верасні 2010 года, неўзабаве пасля затрымання шэрагу сацыяльных актывістаў анархісцкага толку, быў затрыманы эколаг Уладзімір Валодзін, член Савета партыі БП «Зялёныя»[9].

5 лістапада 2011 года ў Мінску прайшоў з’езд партыі, дзе былі абраны склад Цэнтральнага савета, старшыня, яго намеснікі, сябры цэнтральна-рэвізійнай камісіі. Алега Новікава зноў выбралі старшынёй партыі. На з’ездзе былі таксама разгледжаны пытанні партыйнай сімволікі, паправак у статут партыі, будаўніцтва ў Беларусі АЭС[10].

У лістападзе 2011 года члены партыі прынялі ўдзел у петыцыйнай кампаніі супраць магчымага расстрэлу Канавалава і Кавалёва, якіх абвінавачвалі ў выбуху у мінскім метрапалітэне 11 красавіка.

" «Зялёныя і так заўсёды выступаюць супраць практыкі смяротнага пакарання ў Беларусі, якая застаецца апошняй краінай у Еўропе, дзе засталася такая антыгуманістычная форма пакарання. Смяротнае пакаранне гэта ў тым ліку магчымасць судовай памылкі. Тым больш у даным выпадку, калі віна падазраваных на думку грамадскасці цалкам не даказаная. Патрэбна як мінімум правядзенне дадатковага следства»[11] "

27 снежня 2015 года ў Мінску адбыўся дзясяты з’езд партыі, на якім дэлегаты заслухалі справаздачу былога кіраўніцтва партыі і выбралі новае партыйнае кіраўніцтва. Па выніках выбараў большасць прысутных дэлегатаў прагаласавала за Антастасію Дарафееву.

19 студзеня 2020 года на справаздачна-выбарным з’ездзе абраны новы старшыня партыі. Ім стаў першы намеснік старшыні Дзмітрый Кучук. На з’ездзе была прынята стратэгія, накіраваная на палітычнае развіццё партыі. З’езд прыняў рашэнне, што «Зялёныя» не будуць удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года[12].

Пасля ўварвання Расіі ва Украіну, 25 лютага 2022 года старшыня партыі Дзмітрый Кучук асудзіў ад імя партыі агрэсію Расіі супраць Украіны.

Старшыні

  • Алег Грамыка (1994—2007)
  • Алег Новікаў (2007—2015)
  • Анастасія Дарафеева (2015—2020)
  • Дзмітрый Кучук (з 19 студзеня 2020 — 27 ліпеня 2023)

Зноскі

  1. http://library.fes.de/pdf-files/bueros/belarus/07073.pdf
  2. Вярхоўны Суд зліквідаваў Беларускую партыю «Зялёныя»
  3. Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Звесткі аб палітычных партыях, зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь Архівавана 20 студзеня 2012.
  4. Котляров, И. В. Социология политических партий / И. В. Котляров; Национальная академия наук Беларуси, Институт социологии. — Минск: Беларуская навука, 2011. — 386, [2] с.: табл. — С. 291. — ISBN 978-985-08-1282-7.
  5. «Зялёныя»: што гэта за партыя / Гут. А. Святланіч // Народная Воля. — 2013. — № 70 (3811). — 6 верасня. — С. 4.
  6. БелаПАН, Сяргей Пульша, Белорусская партия «Зеленые» получила статус наблюдателя в Европейской партии зеленых Архівавана 20 кастрычніка 2008. (руск.)
  7. «Президентский» день белорусской оппозиции Архівавана 4 сакавіка 2016.
  8. Юрий Глушаков о снятии своей кандидатуры
  9. Минск: Хроника арестов Архівавана 19 кастрычніка 2010.
  10. З’езд беларускіх Зялёных
  11. Супраць смяротнага пакарання
  12. Старшынёй партыі «Зялёныя» абраны Дзмітрый Кучук. Наша Ніва (19 студзеня 2020). Праверана 19 студзеня 2020.

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.