Беларуская народная грамада (БНГ) — грамадска-палітычная, культурна-асветная і дабрачынная арганізацыя, якая дзейнічала ў 19171918 у Расіі сярод ураджэнцаў Беларусі.

Заснавана 9 мая 1917 на мітынгу ў Маскоўскім універсітэце па ініцыятыве групы беларускіх інтэлігентаў (больш як 130 чал.). Узначальвалі археолаг Я. I. Васілевіч, адвакат A. I. Цвікевіч, выкладчык гімназіі Ф. Ф. Турук і інш. Да лета 1917 налічвала больш за 1 тыс. членаў. Аб’ядноўвала прадстаўнікоў розных класаў і сацыяльных груп беларускай нацыі, асноўны кантынгент складалі бежанцы. Мела аддзелы ў Калузе, Саратаве, Тамбове, Сестрарэцку і інш. На правах секцый БНГ дзейнічалі гурткі прафесараў, настаўнікаў, студэнтаў, праваслаўнага духавенства.

У аснову палітычнай платформы БНГ было пакладзена патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, якая павінна быць абаешчана федэратыўнай рэспублікай з аднапалатным парламентам, выбраным на падставе ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. БНГ выказвалася за роўнасць усіх грамадзян перад законам, недатыкальнасць асобы, свабоду сумлення, слова, друку, сходаў, саюзаў, стачак і г. д.; выбарнасць і падсправа-здачнасць усіх службовых асоб і незалежнасць суда; аддзяленне царквы ад дзяржавы; права ўсіх народаў Расіі, у т. л. беларускага, карыстацца роднай мовай у сферы адукацыі, самакіравання і суда. Выступала за пераход усёй зямлі ў агульнанародную ўласнасць «з правам карыстаць з яе тым, хто сам на ёй працуе», заканадаўчую ахову працы ва ўсіх галінах вытворчасці, паступовую адмену ўсіх ускосных падаткаў і ўстанаўленне прагрэсіўнага падатку на даходы, маёмасць і спадчыну; бясплатную абавязковую адукацыю для ўсіх дзяцей да 16 гадоў. У якасці канкрэтных форм сваёй работы БНГ намячала арганізацыю палітычных клубаў, правядзенне сходаў, мітынгаў, чытанне лекцый, адкрыццё музеяў, тэатраў, бібліятэк, дабрачынных устаноў (спажывецкіх крам, сталовых, прытулкаў, шпіталяў). Выстаўляла патрабаванне неадкладна заснаваць у адным з гарадоў Беларусі ўніверсітэт, наладзіць выдавецкую справу.

У чэрвені 1917 выступіла з пратэстам супраць прадстаўніцтва польскім памешчыкам А. Э. Мейштовічам інтарэсаў Беларусі ў Асобай нарадзе па выпрацоўцы праекта палажэння аб выбарах ва Устаноўчы сход. У ліпені 1917 прадстаўнікі БНГ прынялі ўдзел у з’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый і партый у Мінску. Па ініцыятыве БНГ 2427 верасня 1917 у Маскве праведзены 1-ы Усерасійскі з’езд бежанцаў-беларусаў, на якім прысутнічалі дэлегаты з 14 губерняў Расіі. На з’ездзе БНГ спрабавала аб’яднаць пад сваім кіраўніцтвам усе беларускія нацыянальныя арганізацыі, але сутыкнулася з рэзкім процідзеяннем з боку Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). У выніку канфлікту фракцыя БСГ пакінула з’езд, адхіліўшы прапанову БНГ аб выпрацоўцы сумеснай тактыкі на выбарах ва Устаноўчы сход.

1921 лістапада 1917 г. па ініцыятыве БНГ у Маскве праведзены 2-гі з’езд бежанцаў-беларусаў. На выбарах ва Устаноўчы сход выстаўляла кандыдатаў па Магілёўскай выбарчай акрузе ў блоку з Магілёўскім беларускім камітэтам, Народным беларускім камітэтам (Орша) і Саюзам беларускай дэмакратыі (Гомель), не дасягнула поспеху. Удзельнічала ў падрыхтоўцы і правядзенні Усебеларускага з’езда. У лютым 1918 у звароце «Да ўсіх народаў Расіі і дэмакратыі ўсяго свету» ад імя бежанцаў з Гродзенскай, Віленскай і Мінскай губерняў асудзіла прэтэнзіі аўстра-германскай дэлегацыі на мірных перагаворах у Брэсце на беларускія землі, адстойвала прынцып непадзельнасці Беларусі, права беларускага народа на дзяржаўнае самавызначэнне ў складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі.

Да лета 1918 БНГ паступова спыніла дзейнасць.

Літаратура

  • Жылуновіч, З. Люты-кастрычнік у беларускім нацыянальным руху // Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культуры і рэвалюцыйнага руху. — Мн., 1924.
  • Ж. Х.З. [Жылуновіч З.] Уступамі да Акцябра // Полымя. — 1923. — № 5—6. — С.
  • Рудовіч, С. С. Беларуская народная грамада / С. С. Рудовіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Мн. : БелЭн, 1993. 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 383.
  • Сташкевич, Н. С. Приговор революции: Крушение антисоветского движения в Белоруссии, 1917—1925. — Мн., 1985.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.